Вы тут

«Даводжу да вашага ведама...»


Аматарам пісаць скаргі прысвячаецца.

Надумалася я неяк скаргу на суседзяў зверху напісаць. Няма ніякай рады: па начах у іх актыўнае жыццё пачынаецца. То сварацца, то гасцяцца да раніцы, то нешта забіваць пачынаюць, бы ўпарты дурны дзяцел у гадзіну ночы па столі стукае... Карацей, думаю, многім з вас падобнае знаёма, бо ўсе гарадскія кватэры ў шматпавярховіках — суцэльны вялізны інтэрнат са сваімі законамі і нечаканымі здарэннямі.

Праўда, у інтэрнаце адно на аднаго каменданту скардзяцца рэдка, вырашаюць усё самі. Але тут ужо ну проста дасталі і чалавечай мовы разумець не хочуць. Цярпенне лопнула, і я на беленькім аркушыку паперы пачала выводзіць акуратныя літаркі, стараючыся нічога не сапсаваць і не закрэсліць: дакумент як-ніяк.

З першай часткай — каму і ад каго — справілася лёгка. Далей аказалася ўсё не так проста. Як гэты «крык душы» назваць? «Скарга»? Занадта прамалінейна і непрыгожа неяк, дый сорамна крыху. «Заява»? Не адпавядае прывычнаму сэнсу, я ж не ў водпуск іду. Што там яшчэ? «Хадайніцтва»? Ну, гэта ўжо ўвогуле ні ў якія вароты!.. Махнуўшы рукой, рашыла, што опус мой абыдзецца і без назвы. Галоўнае — сутнасць.

Вось тут і пачаўся самы сапраўдны кашмар. Нічога больш складанага ў жыцці мне пісаць не даводзілася. Дагэтуль я была амаль упэўненая, што з пісьмовым жанрам у мяне ўсё нармальна. Пасля эпісталярных практыкаванняў упэўненасці паменела. «Прашу звярнуць увагу на...», «Улічваючы сітуацыю, якая складваецца...», «Лічу неабходным паведаміць...» — якая толькі канцылярская брыдота ў галаву ні лезла! Урэшце вывела: «Прашу прыняць адміністрацыйныя меры, у тым ліку і прадугледжаныя заканадаўствам...» (Плачце, графаманы, у вас з'явіўся годны канкурэнт!) І гэтак далей, і да таго падобнае...

Прамучылася я так цэлы вечар. Пасля яшчэ (пэўна, ад залішняга разумовага напружання) і паўночы не спала. І ведаеце, да чаго дадумалася? Бедныя тыя людзі, што ўпарта пішуць скаргі ў розныя інстанцыі. Па старой памяці працы ў аддзеле пісьмаў я іх асабліва не шкадавала (маю на ўвазе прафесійных скаржнікаў, для якіх сёння трава не дастаткова зялёная, а заўтра падасца, што сусед паўтара сантыметра зямлі сабе адабраў). А той ноччу мне іх сапраўды шкада стала. Гэта ж сапраўды творчая праца: і пачатак зрабіць, і сюжэт закруціць, і кульмінацыю, і фінал. Каб удзячныя чытачы ўздыхалі ды слёзы выціралі. Колькі сіл і імпэту на гэта траціцца!

Для асобных персанажаў пісаць скаргі стала сапраўднай прафесіяй. Распешчаныя заканадаўствам, якое клапоціцца аб інтарэсах простых людзей, ведаючы, што ніводзін зварот у любой інстанцыі не будзе пакінуты без увагі, пісакі пішуць і пішуць. Іх допісы пазнаць лёгка. Бо, калі чалавек сапраўды несправядліва пакрыўджаны, калі ён шукае праўды, яго лісты — эмацыянальныя, з памылкамі, з кароткімі рванымі сказамі. У гэтых жа ўсё гладзенька і правільна. Часам, праўда, бывае выбух натхнення, і тады застаюцца ў гісторыі перлы кшталту: «Прашу прыняць меры, у тым ліку і прадугледжаныя заканадаўствам, да адміністратара гасцініцы ў нашым горадзе, які з адміністратаркай гасцініцы перыядычна робіць тое самае, што Біл Клінтан з Монікай Левінскі...» Або вось гэты: «Чарговы раз даводжу да вашага ведама наступнае: мой сусед Васіль М. спецыяльна выпускае курэй на мае грады. Лічу неабходным абавязаць яго ў судовым парадку сачыць за сваімі птушкамі, абмежаваўшы іх доступ да майго законнага прысядзібнага ўчастка шляхам закрыцця ў хлеўчуку...»

Падобнымі скаргамі можа «пахваліцца» рэдакцыя любой газеты, аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян любой установы. І кожную трэба праверыць, даць адказ, зняць з уліку. Бо так патрабуе парадак работы, бо ніводнае пісьмо (а цяпер дадалася яшчэ і электронная пошта!) не павінна застацца без адказу. Многія людзі дзякуючы такому парадку атрымліваюць рэальную дапамогу. Але колькі сіл і нерваў траціцца на падобныя «опусы», колькі чыйгосьці часу! Нават калі дастаткова ўжо толькі прачытаць, зарэгістраваць і проста паведаміць настойліваму аўтару, што перапіска з ім перапыняецца. А ён пачакае крыху — і зноў за сваё, стары сюжэт на новы лад закручваюць... І ўжо не мэта чагосьці дабіцца — тут ужо, як у тым анекдоце, важны сам працэс.

Я сёння адно такое пісьмо на электроннай пошце прачытала. Злоснае, з прапушчанымі галоснымі, ад гэтага змяіна-шыпучае. Скарга на былога кіраўніка. Прычым нічога канкрэтнага, ніякай крыўды асабістай, ніякай карупцыі ці чагосьці падобнага — проста нейкі «барацьбіт за ідэю» ачухаўся і вырашыў сказаць сваё слова. Але пачынаецца традыцыйна, нічога новага: «Лічу патрэбным давесці да вашага ведама...»

А мая скарга ляжыць сабе ў шуфлядцы ўжо другі тыдзень. Я яе перачытала, з сябе пацешылася, пасля пакпіла дый назад паклала. Трэба з суседзямі яшчэ раз пагаварыць, а гэту пісаніну парваць ды выкінуць. А то раптам спадабаецца і прывыкну?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

 alena@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.