Вы тут

Беларускія вучоныя падвялі вынікі навуковай працы за пяць гадоў


Пра некаторыя дасягненні Беларусі ў стварэнні ўнікальных інавацый расказалі кіраўнікі вядучых інстытутаў і цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук.


Зусім нядаўна ўвесь навуковы (і не толькі) свет абмяркоўваў старт чарговай марсіянскай місіі ExoMars — на чырвоную планету з касмадрома Байканур адправіўся шэраг даследчых модуляў, якія будуць займацца вывучэннем газавага саставу атмасферы. Акрамя арбітальнага модуля, на Марс паляцеў і дэсантны, пад назвай «Скіяпарэлі», — прыкладна праз сем месяцаў гэты апарат будзе прызямляцца на планету для шэрагу даследаванняў. Цеплаахоўныя матэрыялы, з якіх зроблена абліцоўка дэсантнага модуля, тэсціраваліся ў Інстытуце цепла- і масаабмену НАН.

Яшчэ адзін без перабольшвання знакавы для ўсяго чалавецтва праект, пра які апошнім часам шмат гавораць, — гіпергукавая авіяцыя. Мяркуецца, што пры выкарыстанні найноўшых тэхналогій самалёты змогуць развіваць хуткасць, якая ў 6-7 разоў вышэйшая за хуткасць гуку. Гэта дазволіць апарату даляцець, напрыклад, з Мінска да ЗША прыкладна за 40 хвілін. Аднак праматочны рухавік, які плануецца выкарыстоўваць для такой авіяцыі, патрабуе правільнага згарання паліва. Менавіта даследаваннямі працэсаў гарэння ў такіх рухавіках займаецца ўсё той жа Інстытут цепла- і масаабмену.

— У нас распрацавана тэхналогія высокадакладнай рэалагічнай паліроўкі, — расказаў дырэктар установы Алег ПЕНЯЗЬКОЎ. — Яна дазваляе выконваць звышдакладную апрацоўку аб'ектаў дыяметрам да 2,5 метра. Шурпатасць паверхні пасля працэдуры не перавышае 0,1 нанаметра. Тэхналогію мы прадаём як айчынным, так і замежным прадпрыемствам. Яе актыўна выкарыстоўваюць, напрыклад, у аэракасмічнай праграме Кітая, бо іх апараты аснашчаюцца высакаякаснай оптыкай. Таксама ўдзельнічаем у стварэнні другой у свеце лазернай устаноўкі для тэрмаядзернага сінтэзу, якую распрацоўваюць у горадзе Сароў Расійскай Федэрацыі. Гэтая ўстаноўка будзе разаграваць матэрыял да вельмі высокіх тэмператур, а оптыку для лазераў пастаўляе наш інстытут.

Не менш актуальныя распрацоўкі робяцца і ўласна ў Беларусі. Айчынная праграма стварэння беспілотных авіяцыйных комплексаў за 5 гадоў ператварылася ў адзін з самых важных і знакавых беларускіх навуковых праектаў. За гэты час было створана адразу тры брэнды беспілотнікаў: «Бусел» (з далёкасцю палёту 25-50 кіламетраў і працягласцю больш за дзве гадзіны), «Дырыжабль» (комплекс экалагічнага прызначэння для запаведнікаў, а таксама для патрулявання дзяржаўнай мяжы) і «Буравеснік» (створаны на заказ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, далёкасць яго палёту дасягае 290 кіламетраў).

Як распавёў намеснік дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі Аляксандр ШЧАЎЛЕЎ, падчас працы над апаратамі нашы навукоўцы стварылі шэраг уласных унікальных распрацовак: сістэмы аўтапілота, пасадкі, выратавання, оптыка-электрычнае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць высакаякасныя здымкі зямной паверхні, і іншае. Па словах эксперта, праграма ўжо пачала акупляцца: прадукцыі створана больш, чым укладзена грошай. Прыбытковасць складае каля 18%.

— Мы лічым, што адной з самых запатрабаваных прафесій у свеце ў найбліжэйшы час будзе аператар кіравання беспілотным лятальным комплексам, бо менавіта за гэтым кірункам многія бачаць будучыню авіяцыі, — падкрэслівае навуковец. — Мы хочам увайсці ў 10-15 найлепшых краін па вытворчасці такіх комплексаў, думаю, што гэта выканальная задача.

Пра найбліжэйшыя планы Акадэміі навук у сферы рэалізацыі навуковых напрацовак у тэхналагічных працэсах паведаміў кіраўнік апарату НАН Пётр ВІЦЯЗЬ. Па яго словах, адным з такіх праектаў стане новы беларускі спадарожнік з дзялільнай здольнасцю 0,5 метра (першы айчынны касмічны апарат мае дзялільную здольнасць 2 метры) для атрымання больш якасных здымкаў. У перспектыве нашы спадарожнікі і беспілотныя лятальныя апараты будуць аб'яднаны ў цэласную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Акадэмік не абышоў увагай і пэўныя праблемы ў сферы. Так, на яго думку, прадукцыя беларускага машынабудавання не заўсёды застаецца канкурэнтаздольнай. «На жаль, звычайна мы вырабляем тое, што ўмеем, а не тое, што патрабуе рынак», — адзначыў Пётр Віцязь. У прыклад навуковец прывёў трактары: найбольшым попытам карыстаюцца высокамагутныя машыны, мы ж працягваем развіваць старыя кірункі. Тое самае датычыць і кар'ерных самазвалаў: найбольш запатрабаваны «БелАЗы» грузапад'ёмнасцю большай за 400 тон — у лінейцы жодзінскага завода толькі адна такая мадэль. Акадэмік лічыць, што вырашыць праблему дапаможа распрацоўка новых навукаёмістых кампанентаў для айчыннай тэхнікі.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вытворчасць з «мазгамі», ці Беларускі след на Марсе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.