Вы тут

Да чаго прывядуць масавыя пратэсты ў Пятай рэспубліцы?


Радзіму Жанны Д'Арк і Рабесп'ера ліхаманіць. Пратэстны рух праціўнікаў вельмі непапулярнага законапраекта аб рэформах у працоўным кодэксе становіцца ўсё больш масавым. Так, напрыканцы мінулага тыдня ў руху адзіных дзеянняў, ініцыятарамі якога выступілі многія прафцэнтры краіны, самы актыўны ўдзел узялі энергетыкі. Упершыню ў гісторыі краіны яны аб'явілі аднадзённую забастоўку на ўсіх 19 нацыянальных атамных электрастанцыях. Калі мець на ўвазе тое, што АЭС выпрацоўваюць у Францыі больш чым 75 працэнтаў электраэнергіі (дарэчы, па гэтым паказчыку дзяржава ўпэўнена трымае першае месца ў свеце), становіцца больш яўнай пагроза глабальных страйкаў. Асобныя эксперты мяркуюць, што краіне, якая з'яўляецца адным з найбунейшых экспарцёраў электраэнергіі, прыйдзецца яе імпартаваць. Хто ж выйдзе пераможцам у супрацьстаянні ў Францыі?


Гістарычны рэгрэс

У пачатку года кіруючая Французская сацыялістычная партыя прапанавала лібералізаваць працоўнае заканадаўства, каб падштурхнуць французскі бізнес да стварэння новых працоўных месцаў ва ўмовах, калі беспрацоўе ў краіне перавысіла псіхалагічны бар'ер у 10 працэнтаў працаздольнага насельніцтва. Згодна прававой норме, спрашчаецца парадак звальнення работнікаў, а працоўныя дагаворы пераводзяцца ў сферу прыватных дамоў паміж наймальнікамі і работнікамі. На практыцы гэта азначае паступовую адмову ад 35-гадзіннага працоўнага тыдня — галоўнага дасягнення французскага еўрасацыялізму. Закон у корані мяняе ранейшы кодэкс працы, які лічыўся ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі і да цяперашняга часу адной з найважнейшых заваёў працоўных. Рэформа, у прыватнасці, прадугледжвае спрашчэнне працэдуры звальнення персаналу з прадпрыемстваў у выпадку эканамічных цяжкасцяў, а таксама магчымасць для наймальнікаў павялічваць працоўны час супрацоўнікаў (аж да 60 гадзін у тыдзень) і скарачаць даплаты за перапрацоўку.

Усе без выключэння французскія прафсаюзы назвалі законапраект «гістарычным рэгрэсам» і заклікалі ўрад адмовіцца ад спрэчнай рэформы. Французы на справе прадэманстравалі, што не жадаюць «працаваць больш, каб атрымліваць менш». Першыя прыкметы масавай незадаволенасці праектам працоўнай рэформы праявіліся тры месяцы таму ў інтэрнэце: тады анлайн-петыцыя супраць пераўтварэнняў пад назвай «Дзякуй, не» сабрала больш за мільён подпісаў. Пасля незадаволенасць выплюхнулася на вуліцы. Самая шматлікая акцыя пратэсту адбылася 31 сакавіка — яна сабрала больш за 1 млн удзельнікаў па ўсёй краіне. Пасля яе завяршэння частка дэманстрантаў прыняла рашэнне не разыходзіцца: яны разбілі палатачны лагер у цэнтры Парыжа, паклаўшы пачатак французскаму аналагу колішняй амерыканскай акцыі «Акупай Уол-стрыт».

У красавіку і маі антыўрадавыя маніфестацыі праходзілі па ўсёй краіне. 10 мая прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс заявіў, што рэформа працоўнага кодэкса будзе пачата без адабрэння парламента. У гэты ж дзень парламенцкая апазіцыя ў Францыі ўнесла ў парадак дня вотум недаверу ўраду. 12 мая французскі парламент гэты вотум адхіліў. 18 мая прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд выказаў падтрымку нацыянальнай паліцыі на фоне масавых пратэстаў.

Такім чынам, антыўрадавыя выступленні ўзрушаюць Пятую рэспубліку ўжо на працягу некалькіх месяцаў. Незадаволенасць у грамадстве пры гэтым толькі нарастае на фоне нежадання ўладаў ісці на саступкі. Масавыя беспарадкі адзначаны ў Парыжы, Марсэлі, Нанце і іншых буйных гарадах краіны. У ходзе сутыкненняў з паліцыяй былі затрыманы больш за 1,3 тысячы французаў.

На думку пратэстоўцаў, знікненне дзяржаўных гарантый — напрыклад, фіксаванай кампенсацыі за перапрацоўку — прывядзе да масавых злоўжыванняў з боку працадаўцаў, якія пад пагрозай звальненняў змогуць вымушаць супрацоўнікаў падпісваць драконаўскія пагадненні.

Да такой магчымасці пратэстоўцы ставяцца сур'ёзна: праект закона аб працы сапраўды прадугледжвае істотную палёгку працэдуры звальнення.

«Рэпетыцыя» Еўра-2016?

Цяпер не менш чым 20 працэнтаў аўтазаправак адчуваюць недахват бензіну. Праўда, дзяржаўны сакратар Францыі па пытаннях транспарту Ален Відаліс днямі заявіў, што краіна не толькі не адчувае недахопу ў бензіне, але і спажывае яго ў больш значнай колькасці, чым звычайна. Аднак адбываецца гэтак таму, што аўтамабілісты, вымушаныя адстойваць доўгія чэргі, робяць запасы на тыдзень наперад. Каб паліва хапіла на ўсіх, на некаторых запраўках прынялі рашэнне прадаваць яго кожнаму канкрэтнаму спажыўцу не больш чым на суму ў 40 еўра.

Чакаюцца стачкі ў аэрапортах Парыжа і на чыгунцы. Адначасова праходзяць дэманстрацыі праціўнікаў працоўнай рэформы. Акцыі пратэсту становяцца ўсё больш радыкальнымі па меры набліжэння галоўнай спартыўнай падзеі гэтага года — чэмпіянату Еўропы па футболе. Адкрыццё першынства, намечанае на 10 чэрвеня, маніфестанты маюць намер адзначыць масавымі дэманстрацыямі і стачкамі. Забастоўкі, у прыватнасці, чакаюцца ў нацыянальнай транспартнай сістэме SNCF, ад працы якой залежыць перамяшчэнне балельшчыкаў па краіне падчас турніру. Як вядома, кантынентальнае першынство пройдзе ў 10 французскіх гарадах з 10 чэрвеня па 10 ліпеня.

На працягу першых месяцаў пратэстаў рух праціўнікаў працоўнай рэформы мог здацца спантанным, але цяпер становіцца ясна, што ў яго ёсць лідар — гэта кіраўнік найбуйнейшага прафсаюза краіны (CGT) Філіп Марцінес.

Сіндыкаліст, які нарадзіўся ў сям'і камуністаў, нечакана для многіх вярнуў CGT на шлях радыкальных пратэстаў, ад якіх ён адышоў у апошнія гады. У эпоху Марцінеса стары прафсаюз зноў радыкалізаваўся: доля крайне левых, раней яна складала ў яго актыве не больш за 10%, паднялася да трэці. Галасамі гэтых людзей лідар аб'яднання і быў пераабраны на новы тэрмін сёлета ў красавіку.

Марцінес ужо паказаў, што не згодны на паўмеры. На аддрукаваных са згоды прафсаюза ўлётках працоўная рэформа намалявана ў выглядзе труны, на якой напісана: «ні паправак, ні перамоў. Толькі пахаванні». Арганізатары пратэстаў, і перш за ўсё прафсаюз CGT, больш не робяць стаўку на «вуліцу»: пераканаўшыся, што маральны ціск на ўрад не прыносіць выніку, сіндыкалісты рэзка змянілі тактыку і прадпрымаюць спробу нанесці адчувальны ўрон жыццезабеспячэнню краіны. Як паведамляе выданне Le Monde, Марцінес фактычна дэманстратыўна спыніў зносіны з прэзідэнтам краіны Франсуа Аландам.

Прафсаюзныя аб'яднанні, якія ўдзельнічаюць у забастоўках, апублікавалі сумесную заяву, у якой заклікалі да актывізацыі дзеянняў. «Арганізацыі заклікаюць працягваць і пашыраць маніфестацыі, прымнажаючы і падтрымліваючы ўзгодненыя дзеянні рабочых на ўсеагульных сходах», — гаворыцца ў тэксце.

«Добрая рэформа»

Відавочна, што Францыя ўступіла ў паласу жорсткага супрацьстаяння паміж Елісейскім палацам і масавым рухам праціўнікаў працоўнай рэформы. Дарэчы, адпаведны законапраект быў прыняты ў першым чытанні на мінулым тыдні толькі дзякуючы папраўцы да канстытуцыі, якая дазваляе гэта зрабіць без абмеркавання ў парламенце. Улады не на жарт занепакоены масавай фрондай французаў, якая можа негатыўна адбіцца на нацыянальнай эканоміцы. Але ва ўрадзе, са свайго боку, таксама не збіраюцца саступаць. Прынамсі, пакуль. «Адмовіцца ад закона аб працы — значыць, распісацца ў тым, што ў краіне немагчыма праводзіць ніякіх рэформаў», — лічыць прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс. «Мы не дазволім узяць французаў у закладнікі праз акцыі пратэсту на нафтаперапрацоўчых заводах», — заявіла міністр эканомікі Мір'ям Эль-Комры.

Абодва палітыкі настойваюць на тым, што CGT спрабуе «дыктаваць законы» Францыі. Аднак ні Вальс, ні Эль-Комры не згодныя на правядзенне агульнанацыянальнага рэферэндуму па пытанні аб працоўнай рэформе. Падобную пазіцыю можна зразумець. Згодна з агульнанацыянальным апытаннем грамадскай думкі, 74% французаў выступаюць супраць перамен у працоўным заканадаўстве. Такім чынам, хоць радыкалізм CGT імпануе меншасці французаў, на баку ўрада знаходзіцца яшчэ меншая частка насельніцтва.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў пра цвёрды намер правесці рэформу працоўнага заканадаўства, якая стала прычынай масавых маніфестацый па ўсёй краіне. Пра гэта, як перадае AFP, ён заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках саміту G7 у японскім нацыянальным парку Ісэ-Сімэя. «Я буду настойваць (на яе правядзенні), таму што лічу, што гэта добрая рэформа», — заявіў французскі лідар. Ён адзначыў, што ва ўмовах бесперапынных маніфестацый галоўная задача выканаўчай улады перш за ўсё забяспечыць у краіне «свабоду перамяшчэння» і «добрае функцыянаванне эканомікі».

Пытанне аб тым, ці адмовіцца Францыя ад дасягненняў еўрасацыялізму, канчаткова вырашыцца ў чэрвені, калі праект працоўнай рэформы разгледзіць Сенат. У адрозненне ад ніжняй палаты парламента, у верхняй большасць належыць правым, якія цалкам падтрымліваюць лібералізацыю рынку працы. Аднак нельга выключаць, што аднапартыйцы колішняга прэзідэнта Нікаля Сарказі паспрабуюць зрабіць больш жорсткімі палажэнні рэформы, каб паставіць у цяжкае становішча кіраўніка дзяржавы. І Аланду, магчыма, прыйдзецца стаць аўтарам больш радыкальнай рэформы, чым ён сам меркаваў, а гэта значыць — згубіць апошніх прыхільнікаў з ліку левых. Нездарма аналітыкі сцвярджаюць: праект пераўтварэнняў у сферы працы — частка складанай палітычнай гульні, якая вядзецца цягам ужо многіх месяцаў вакол перавыбрання дзеючага кіраўніка дзяржавы.

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Францыя на барыкадах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.