Вы тут

Як у краіне вырашаецца праблема нерухомасці, якая пустуе?


Пры продажы дзяржаўнай нерухомасці на аўкцыёне былы праваўладальнік зможа атрымаць палову выручкі. Але пакуль што ўсе грошы накіроўваюцца ў бюджэт

Стаяла ў полі хатка з дзіркамі, а цяпер прыгожая такая, як з карцінкі. А ўсё таму, што пасля нядбайнага ўладальніка сюды прыйшоў руплівы гаспадар. Але ў жыцці гэта не вельмі проста, бо сапраўднага новага ўласніка трэба спачатку адшукаць... Аб тым, як у нашай краіне вырашаецца праблема нерухомай маёмасці, якая пустуе, практычна не выкарыстоўваецца, а часам нават разбураецца, карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік упраўлення па распараджэнні маёмасцю рэспубліканскай уласнасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Сямёнаў.


Прававая база створана

Наш суразмоўца ўпэўнены, што сёння на заканадаўчым узроўні і па лініі практычных напрацовак у краіне створаны ўвесь шэраг механізмаў, які дазваляе беспраблемна ўцягваць у гаспадарчы абарот безгаспадарчую маёмасць. Існуе дастатковы інструментарый, пачынаючы ад аўкцыёнаў да перадачы нерухомасці ў прыватную ўласнасць увогуле бясплатна. У гэтым механізме прадугледжваецца і арэнда, а таксама продаж маёмасці за 1 базавую велічыню.

Больш таго, сёння камітэтам падрыхтаваны праект Указа №294, паводле якога прадугледжана выкарыстанне новых механізмаў стымулявання прадпрымальніцкай дзейнасці. Напрыклад, сёння арандатар мае пераважнае права выкупу той маёмасці, якой ён карыстаецца на працягу 3 гадоў. Каб гэты механізм быў максімальна празрыстым, у праекце дакумента прапісваецца дакладны пералік падстаў, на аснове якіх такому арандатару нельга будзе адмовіць у набыцці аб'екта арэнды. Цяпер кожны прадпрымальнік ужо загадзя будзе ведаць дасканалыя правілы гульні на гэтым полі, а таксама неабходныя ўмовы, пасля выканання якіх арэндную маёмасць можна будзе выкупіць. У гэтым выпадку суб'ектыўны фактар зводзіцца да мінімуму.

Таксама ў гэтым праекце павялічваецца перыяд растэрміноўкі пры выкупе маёмасці кліентам на аўкцыёне да 3 гадоў. Больш таго, цяпер максімальны перыяд растэрміноўкі вызначае ўжо не дзяржава, а непасрэдна будучы гаспадар.

І яшчэ. Бадай, самым галоўным момантам у працэсе змены ўласніка з'яўляюцца грошы. Калі прадпрыемства прадае сваю непатрэбную маёмасць на аўкцыёне, то ўсе грошы накіроўваюцца ў рэспубліканскі бюджэт або ў агульную скарбонку па лініі камунальнай уласнасці. Менавіта гэты механізм у праекце новага дакумента плануецца падкарэктаваць. Цяпер 50% ад атрыманых на аўкцыёне грошай будзе накіроўвацца непасрэдна прадпрыемству, якому належаў гэты аб'ект, а другая палова — у адпаведныя бюджэты. Зразумела, што ў гэтым выпадку суб'екты гаспадарання будуць напрамую зацікаўлены выстаўляць падобныя аб'екты на продаж.

Бу­ды­нак бы­ло­га До­ма пі­я­не­раў у г. п. Круг­лае Ма­гі­лёў­скай воб­лас­ці (было).

Жыллё — за адну базавую

Паводле слоў Андрэя Сямёнава, штогод у гаспадарчы абарот плануецца вяртаць каля 1600 падобных аб'ектаў. Акрамя таго, пэўная колькасць праблемнай нерухомасці запланавана да зносу і кансервацыі. Агульная колькасць такой маёмасці напрыканцы года набліжаецца да 2,5 тысячы. Аб якой менавіта нерухомасці тут ідзе гаворка?

Па лініі рэспубліканскай уласнасці — гэта непатрэбныя будынкі прадпрыемстваў. Напрыклад, склады, былыя вытворчыя цэхі і іншыя памяшканні.

У камунальнай структуры сярод пустых аб'ектаў нерухомасці большую частку складаюць памяшканні сацыяльнай сферы. Гэта былыя школы, дзіцячыя садкі, памяшканні нейкіх медыцынскіх устаноў, якія ў выніку аптымізацыі былі зачынены, а зараз стаіць задача аб іх далейшым выкарыстанні. Звычайна гэтыя будынкі ў даволі нармальным стане, але проста не функцыянуюць.

Попыт на такія «сцены» невялікі, але ён ёсць. Тут пакупнік знаходзіцца часцей не з першага разу. «У нас прыкладна 75% такіх аб'ектаў на аўкцыёнах прадаецца з паніжэннем цаны на 80% або нават і ўвогуле за адну базавую велічыню (БВ). Па мінімальнай цане (за 1БВ) нерухомасць набываецца менавіта ў сельскай мясцовасці. Прадаць іх даражэй складана, бо яны знаходзяцца далёка ад магістральных шляхоў, у той мясцовасці, дзе слабая інфраструктура і транспартная лагістыка», — расказвае спецыяліст. Але і такія памяшканні атрымліваюць сваіх новых гаспадароў. Часцей там узнікаюць невялікія вытворчасці па лініі дрэваапрацоўкі, сацыяльныя аб'екты, музеі і г. д. У першую чаргу такімі памяшканнямі цікавяцца індывідуальныя прадпрымальнікі ці проста фізічныя асобы. Людзі часцей купляюць такія будынкі для далейшай мадэрнізацыі і выкарыстання ў якасці жылля. Атрымліваецца, што ў вёсцы ўласныя «сцены» можна набыць за адну базавую?

«Калі на аўкцыёне адным з відаў выкарыстання аб'екта прапісваецца і «пад жыллё», то ніякіх праблем у будучага гаспадара не існуе. Дзяржава звычайна ідзе насустрач любым пажаданням пакупніка», — удакладняе Андрэй Сямёнаў. Аднак, тут існуе адно але...

За­раз тут ганд­лё­вы цэнтр «Гас­па­дар», дзе ство­ра­на 31 пра­цоў­нае мес­ца (стала).

Побач з пернікам — бізун

Аб'екты, якія выстаўляюцца на аўкцыён за адну базавую, прадаюцца заўсёды з пэўнымі ўмовамі. Гэта можа быць рэканструкцыя памяшкання пад жыллё, вядзенне нейкай прадпрымальніцкай дзейнасці ці нешта іншае. Калі пакупнік выконвае гэтыя ўмовы, то пасля заканчэння тэрміну, вызначанага дагаворам куплі-продажу аб'екта, усе абмежаванні здымаюцца, а чалавек робіцца паўнавартасным уласнікам нерухомасці. Пасля гэтага гаспадар можа рабіць з гэтай маёмасцю любыя здзелкі, нават прадаць сваю справу ці жыллё трэцім асобам.

Цікава, а што будзе, калі новы гаспадар не паспее выканаць усе ўмовы дагавора?

Калі наш пакупнік шчыруе на аб'екце, але па нейкіх аб'ектыўных прычынах не змог укласціся ў вызначаны тэрмін, тады мясцовыя ўлады пойдуць яму насустрач і падоўжаць тэрмін дагавора. Іншая справа, калі гэты прадпрымальнік набыў добры аб'ект за капейкі, але па сутнасці нічога там не зрабіў, а будынак пачаў разбурацца.

Вось тут дзяржава стане жорсткай. Яна забірае аб'ект назад, а чалавеку выстаўляе на аплату даволі сур'ёзны штраф.

Памер такога штрафу можа дасягаць амаль ацэначнага кошту нерухомасці.

Ёсць сёння ў мясцовых органаў улады для нядбайных гаспадароў (у тым ліку і прыватнікаў) і іншы алгарытм прымусу. Гэта механізм павышанага падаткаабкладання (зямельны падатак і падатак на нерухомасць). Ён таксама дзейнічае. Калі ўласнік упарта не «заўважае» сваю маёмасць, якая ўвогуле не выкарыстоўваецца і разбураецца, то падатак на такую нерухомасць могуць павялічыць нават у
10 разоў.


Без сакрэтаў

Калі ў чалавека ёсць жаданне і магчымасці наладзіць сваю справу або калі ён вырашыў набыць нерухомасць у вёсцы, то што трэба рабіць? У якія дзверы грукацца?

Уся інфармацыя аб аб'ектах, якія не выкарыстоўваюцца і прапануюцца на продаж, знаходзіцца на сайтах дзяржорганаў (Дзяржмаёмасці, мясцовых гарадскіх, раённых і абласных выканкамаў), у аператараў электронных гандлёвых пляцовак і друкаваных сродках масавай інфармацыі. Усё гэта ў свабодным доступе. Застаецца толькі выбраць сабе нерухомасць, зарэгістравацца ў арганізатараў аўкцыёну і прыняць у ім удзел.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.