Вы тут

Холдынг «Амкадор» — спецыялізаваныя машыны для любых патрэб


Адлік гісторыі адкрытага акцыянернага таварыства «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынгу» вядзецца з 1 лютага 1927 года. Стартаваў жа шлях тагачаснага завода «Ударнік» з вырабу дзіцячых цацак ды першых на тэрыторыі СССР дзесятковых шаляў. Ішоў час, і праз 25 гадоў пасля заснавання прадпрыемства было перададзена пад кіраўніцтва Міністэрства дарожнага і будаўнічага машынабудавання.

1384231887495_1

— Сёння ж наш холдынг — прызнаны лідар па вытворчасці спецыяльнай тэхнікі на тэрыторыі СНД. Ён уключаны ў Рэестр высокатэхналагічных вытворчасцяў і прадпрыемстваў, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара — тэхнічны дырэктар кіруючай кампаніі холдынгу «Амкадор» Уладзімір Гарбелік. — У яго састаў уваходзіць 21 прадпрыемства з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Літвы... Штогод з канвеераў заводаў, з якіх складаецца холдынг, сыходзіць каля пяці тысяч адзінак тэхнікі. Вытворчасць сертыфікавана па сусветных стандартах ІSO 9001-2009 і DІN EN ІSO 9001-2008.

Як жа расшыфраваць назву «Амкадор»? Справа ў тым, што ў 1991 годзе было створана аднайменнае акцыянернае таварыства, у якое ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску дарожнай тэхнікі з чатырох гарадоў: Андропава, Мінска, Карасценя і Арла. Аднак неўзабаве Савецкі Саюз знік з карты свету, і прадпрыемствы сталі ўласнасцю трох дзяржаў — Беларусі, Расіі і Украіны. Тым не менш, назва «Амкадор» усё ж засталася за беларускім вытворцам.

Перада мной ляжыць каталог прадукцыі прадпрыемстваў холдынгу. Цяжка адшукаць тую галіну народнай гаспадаркі, дзе б не былі запатрабаваны спецыяльныя машыны пад маркай «Амкадор». І гэта не дзіўна: асартымент прадукцыі налічвае звыш 90 мадэляў і іх мадыфікацый. Разнастайныя пагрузчыкі — аднакаўшовыя франтальныя і ўніверсальныя, з бартавым паваротам і тэлескапічнай стралой, якім няма аналагаў на прасторах СНД, вілачныя... Лесанарыхтоўчыя шматаперацыйныя машыны — харвестары, форвардары, цягачы тралёвачныя, лесапагрузчыкі — здольны забяспечыць усе стадыі сучаснай тэхналогіі нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны. А вось і дзясятак мадэляў шматфункцыянальных снегаўборачных машын, якія разлічаны на працу нават у самых складаных умовах надвор'я кшталту незабыўнага сакавіцкага «Хаўера». Разнастайныя машыны на базе трактароў «Беларус» — экскаватары-бульдозеры, экскаватары-пагрузчыкі, фрэзерна-ротарныя снегаачышчальнікі, якія адрозніваюцца прастатой кіравання і працяглым тэрмінам эксплуатацыі. Сем мадэляў каткоў, якія служаць для ўшчыльнення грунту, дарожных асноў і пакрыццяў і адрозніваюцца адзін ад аднаго прызначэннем і масай. Машыны для распрацоўкі тарфяных радовішчаў... Ад прапанавага асартыменту разбягаюцца вочы.

Тэхніка «Амкадора» мае еўрапейскі дызайн і пастаянна мадэрнізуецца з улікам патрабаванняў сусветнага рынку. Непасрэдна для аператараў у машынах прадугледжаны максімальныя зручнасці. Да таго ж цэны на спецыялізаваную тэхніку пад маркай «Амкадор» ніжэйшыя за расцэнкі, якія выстаўляюць канкурэнты холдынгу. І калі розніцы няма, то які сэнс плаціць за такі ж тавар больш?

Тавараправодная сетка, праз якую рэалізуецца прадукцыя «Амкадора», складаецца з 70 кампаній у Расіі, 20 арганізацый у іншых краінах СНД і 11 — у далёкім замежжы. Амаль усе яны маюць гандлёва-выставачныя плошчы тэхнікі, сэрвісныя цэнтры, мабільныя тэхнічныя брыгады і склады запасных частак. Усё гэта не толькі максімальна набліжае асартымент прадукцыі да пакупніка, але і забяспечвае надзейнае сэрвіснае абслугоўванне, у тым ліку і рамонт машын у максімальна кароткія тэрміны. Дарэчы, тэхніка маркі «Амкадор» адрозніваецца высокім узроўнем уніфікацыі. Гэта значыць, што шматлікія вузлы і дэталі выпускаемых машын цалкам сумяшчальныя з камплектуючымі вядучых сусветных вытворцаў.

Паспяхова асвойвае «Амкадор» і новыя рынкі збыту прадукцыі. У адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага саюза, сертыфікацыю атрымалі ўніверсальны пагрузчык АМКАДОР 320 СЕ і пагрузчык з бартавым паваротам АМКАДОР 211Е. Хутка да іх далучыцца мадэль АМКАДОР 330СЕ, каток АМКАДОР 6223Е. Ужо сёлета першыя экзэмпляры гэтых машын стануць працаваць у Прыбалтыцы, Польшчы, Балгарыі, Румыніі і Сербіі. Ва ўсіх гэтых краінах адкрыюцца і дылерскія цэнтры «Амкадора». Але рынкі збыту прадукцыі мяркуецца дыверсіфікаваць яшчэ больш, у тым ліку і дзякуючы шырокаму мадэльнаму раду. Зараз упраўленні рэалізацыі ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынгу» мэтанакіравана працуюць над прасоўваннем прадукцыі на рынках Інданезіі, краін Паўднёвай Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Між іншым, зусім хутка частка вытворчых магутнасцяў аб'яднання з'явіцца па той бок Атлантычнага акіяна — у Венесуэле. Там пабудаваны завод, які будзе выпускаць дарожна-будаўнічую тэхніку. Зараз на ім вядуцца пусканаладачныя работы.

— Палітыка холдынгу мае экспартны характар. На сусветным рынку з нашымі прадпрыемствамі больш за ўсіх канкурыруюць заходнія вытворцы, — працягвае Уладзімір Гарбелік. — Таму мы імкнёмся на ўсіх прадпрыемствах, што ўваходзяць у склад «Амкадора», як мага хутчэй праводзіць комплексную мадэрнізацыю, каб пакупнікі выбіралі менавіта нашу прадукцыю. Яна скіравана на кардынальнае абнаўленне асноўных фондаў і пашырэнне прамысловых магутнасцяў. Ужо зараз звыш за 60% дэталяў да нашых машын, вузлоў ды агрэгатаў выпускаюцца менавіта на прадпрыемствах «Амкадора». І гэты паказчык з цягам часу будзе толькі павялічвацца. У далейшым заводы, з якіх складаецца холдынг, будуць спецыялізавацца на выпуску пэўных відаў машын, вузлоў і агрэгатаў. У сваю чаргу, гэты крок дазволіць яшчэ больш кіраваць якасцю і сабекоштам прадукцыі.

Штогод у распрацоўцы ўпраўлення генеральнага канструктара знаходзіцца 10-12 новых мадэляў і мадыфікацый тэхнікі. Да 2020 года «Амкадор» плануе распрацаваць, вырабіць, выпрабаваць больш за 50 новых мадэляў і мадыфікацый тэхнікі і арганізаваць іх масавую вытворчасць. Іх знешні выгляд і якасць будуць цалкам адпавядаць сусветнаму ўзроўню.

Больш за тое, ужо зараз будуюцца новыя прадпрыемствы, з дапамогай якіх вытворчасць уласнай элементнай базы будзе развіта яшчэ мацней. Усяго ж агульны аб'ём інвестыцый у развіццё холдынгу «Амкадор» запланаваны ў памеры 800 мільёнаў долараў на пяцігодку! І вынікам гэтага, апроч іншага, стане істотнае скарачэнне імпартных складнікаў, знізіцца матэрыялаёмкасць і энергетычныя выдаткі. Узровень зносу актыўнай часткі асноўных вытворчых сродкаў паступова знізіцца да 35%. Дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню аб'ём інавацыйнай прадукцыі сёлета ўжо даведзены амаль да 30%. А экспарт у 2015 годзе перавысіць паказчык 2010 года больш чым у два разы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, Валяр'ян ШКленнік, Аляксандр ФУРСАЎ.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіваў прадпрыемства.

УНП 100135676

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.