Вы тут

Палескі дзю Салей. ​Мазырскі цыркавы калектыў «Арэна» — брэнд Беларусі


Цэнтр цыркавога мастацтва «Арэна» ў Мазыры — адзіная ў сваім родзе спецыялізаваная клубная ўстанова ў нашай краіне. У 2006 годзе прафесійныя артысты цырка, сужэнцы Барыс і Марыя Кузняцовы, адкрылі ў горадзе на беразе Прыпяці студыю навучання дзяцей цыркавому мастацтву, такім чынам фактычна заклалі падмурак гісторыі беларускага дзіцячага цырка і ператварылі куток Палесся ў «месца сілы» пачынаючых артыстаў гэтага жанру. Сёння заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Арэна» — брэнд не толькі Мазыра, Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі.

Фота Таццяны Ткачовай.

Мастацкі кіраўнік калектыву Марыя Мікалаеўна родам з Мазыра. Рэжысёр-пастаноўшчык «Арэны» Барыс Рыгоравіч нарадзіўся і вырас ва Украіне, у Данецкай вобласці. Абое ў свой час выступалі ў Нацыянальным цырку на радзіме Барыса Кузняцова, разам аб'ездзілі паўсвета. Доўгі час цыркавое сямейства жыло і працавала ў Амерыцы. Але даўняя мара Кузняцовых — стварыць дзіцячую цыркавую студыю — ажыццявілася менавіта на Гомельскім Палессі.

«Цыркавыя» — больш чым прафесія

Дзень за днём у Мазыры, у будынку былога Дома культуры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, нават не кіпіць — бурліць сапраўднае артыстычнае жыццё. Тут нараджаюцца і адточваюцца цыркавыя нумары.

— У нас займаецца каля сотні дзяцей, рэпетыцыі праходзяць штодня ў дзве змены. Работа з дзецьмі асабліва адказная, — тлумачыць Барыс Кузняцоў.

Адмысловага адбору ў «цыркавыя» тут не робяць. Галоўнае патрабаванне — жаданне вучыцца і працаваць.

Удзельнікі калектыву — дзеці і моладзь ва ўзросце ад 6 да 20 гадоў. У рэпертуары юных цыркавых артыстаў некалькі дзясяткаў разнажанравых нумароў. Палітра вельмі шырокая: акрабатыка, паветраная гімнастыка, арыгінальны жанр, эквілібрыстыка, жангляванне, клаўнада...

Назіраючы за трэніроўкамі на сцэне і ацэньваючы нумары падчас выступленняў, многія дзівяцца і не могуць уявіць, што такія неверагодныя трукі выконваюць не дарослыя прафесійныя артысты, а дзеці. Але ж гэта рэальнасць. Гэта яны, мазырскія хлопцы і дзяўчаты, скарылі фэсты цыркавога мастацтва ў Італіі, Кітаі, Расіі, Украіне, Казахстане, Ізраілі, Літве, Латвіі...

— Фэст у Монтэ-Карла — найвышэйшая планка для любога цыркавога артыста. Як Алімпіяда для спартсменаў. Мы шмат гадоў імкнуліся туды трапіць, зацята працавалі, каб мара нарэшце спраўдзілася, — апавядае мастацкі кіраўнік «Арэны» Марыя Кузняцова.

У кампліментах нашым паветраным гімнастам з Мазыра рассыпалася сама прынцэса Манака — Стэфанія. У 2017 годзе па выніках V Міжнароднага юнацкага цыркавога фэсту «Новае пакаленне» ў Монтэ-Карла мазыране скарылі тры адмысловыя прызы, што адбылося ўпершыню ў цыркавой гісторыі Беларусі. А Барыс Кузняцоў стаў пераможцам конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры» ў намінацыі «Цыркавое мастацтва».

Праз год у Монтэ-Карла мазыране другі раз пацвердзілі сваю перамогу, а на міжнародным юнацкім фэсце цыркавога мастацтва European Youth Cіrcus у Германіі былі ўдастоены бронзавага медаля. Пасля ў горадзе Ухань (Кітайская Народная Рэспубліка) на найпрэстыжнейшым Міжнародным фэсце акрабатычнага мастацтва выхаванец Кузняцовых эквілібрыст Максім Бабёр таксама атрымаў «бронзу». У сваім нумары мазыранін выкарыстоўваў восем шпулек, віртуозна балансаваў і ўтрымліваў раўнавагу.

«Арэна» пад кіраўніцтвам Марыі Кузняцовай годна прадстаўляла сваю краіну на шэрагу іншых міжнародных конкурсаў. Сярод іх — Еўрапейскі маладзёжны цыркавы фестываль-конкурс у Вісбадэне.

Адна са знакавых перамог у скарбонцы цыркавых артыстаў з Мазыра — гран-пры Міжнароднага фэсту CІRCUBA 2017 (Куба, 2017 год).

У 2018 годзе мастацкі кіраўнік «Арэны» Марыя Кузняцова была абрана пераможцай конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры» ў намінацыі «Цыркавое мастацтва».

За шматгадовую і плённую працу, значны асабісты ўнёсак у развіццё цыркавога мастацтва, высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці Барыс і Марыя Кузняцовы ўзнагароджаны медалямі Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сёння ўстанова на чале з сям'ёй Кузняцовых — унікальная для Беларусі, бо развівае і папулярызуе каштоўнасці дзіцячага цыркавога мастацтва. За час існавання студыі яе выхаванцы заваявалі больш 60 узнагарод. Мазырскія цыркавыя — уладальнікі гран-пры, чэмпіёны, медалісты, дыпламанты, а таксама адрасаты адмысловых прызоў цыркавой сцэны.

Юныя мазырскія артысты мелі гонар стаць часткай выступлення славутай канадскай сям'і дзю Салей.

Марыя і Барыс Кузняцовы выхавалі больш за 20 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў цыркавога мастацтва, 18 гранд-стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Між тым сёння традыцыі мазырскай цыркавой сям'і актыўна падтрымліваюць два новыя пакаленні Кузняцовых: сын і нявестка — сужэнцы Сяргей і Ганна Кузняцовы, маленькі ўнук Іларыён і пляменніца Ганна Марозава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.