Вы тут

Труба Пандоры, або Як газіфікацыя адной вёскі прывяла да нечаканага вострага канфлікту


Працягваецца газіфікацыя беларускіх вёсак. Зацікаўлены ў гэтым перш за ўсё самі мясцовыя жыхары: навошта важдацца з дровамі ды торфабрыкетамі, калі можна здабыць агонь адным паваротам вентыля. Праўда, за ўсе зручнасці трэба плаціць. І менавіта з-за гэтага працэс газіфікацыі вёскі Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага раёна ператварыўся ў сапраўдны трылер.

Нагадаем, што парадак газіфікацыі жыллёвага фонду ў краіне рэгламентуецца перш за ўсё Указам Прэзідэнта №368 ад 2 чэрвеня 2006 года. Сярод іншага, ён прадугледжвае схему размеркавання фінансавых выдаткаў. Трыццаць працэнтаў ад канчатковай сумы даціруецца за кошт рэспубліканскага бюджэту, а астатняе даплачваюць жыхары. Праўда, распаўсюджваецца гэтая норма толькі на вулічныя газаправоды разам з уводамі. Усе працы непасрэдна ў хаце аплачвае яе гаспадар.

1386905337964_13-12

«Як каму пашанцавала»

Народ у Вялікай Быхаўшчыне жыве, шчыра кажучы, небагата. 27 удзельнікаў кааператыва ўжо выйшлі на пенсію. Шмат хто з іх размяняў аж дзявяты дзясятак гадоў. І толькі 14 — працаздольныя. Аднак у шматлікіх выпадках ці муж, ці жонка ўжо знаходзяцца на пенсіі. Вядома ж, тут кожная капейка важная...

— Нарэшце прагрэс у выглядзе прыроднага «блакітнага паліва» дайшоў і да нас, — гаворыць Вольга Шыбіцкая. — Летась сорак два чалавекі стварылі спажывецкі кааператыў па газіфікацыі «Быхаўшчына — Лань». Кожны ўдзельнік унёс у касу кааператыва 8 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

Мінулай зімой праекціровачныя працы скончыліся, датай пачатку будаўніцтва было аб'яўлена 22 ліпеня. І вось тут пачаліся непаразуменні.

— Падрадчык зараз выбіраецца на электронных таргах. Тэндар, які датычыцца пракладкі трубы, выйграў Стаўбцоўскі райгаз, які пагадзіўся зрабіць усе неабходныя працы за як мага меншую суму, — расказвае старшыня спажывецкага кааператыва «Быхаўшчына — Лань» Алена Рабко. — Мне адтуль патэлефанавалі і папярэдзілі, што прывязуць тэкст дагавора. Згодна з ім, пракладка траншэі ад магістральнай трубы да рога хаты павінна была ажыццяўляцца сіламі жыхароў. Сяльчане згадзіліся. Адны наймалі спецыялістаў, другія клікалі на дапамогу сваіх родных, трэція, хто больш дужы, капалі ўласнымі сіламі. Я склікала сход, на якім людзям усё растлумачыла. Яны аднесліся да сітуацыі з разуменнем.

Здавалася б, схема газіфікацыі адладжана заканадаўчымі дакументамі дасканала. Але ў гульню могуць уступіць зусім нечаканыя фактары. Сярод іх — асаблівасці ў планіроўцы вуліцы. Класічны варыянт — гэта калі прысядзібныя ўчасткі аддзяляе ад дарогі невялічкі тратуар. А што ж рабіць, калі паміж домам і вуліцай знаходзіцца... шырачэзны сквер?

— Разумееце, адна справа, калі трэба пракапаць пяць ці сем метраў, — працягвае Вольга Шыбіцкая. — Але ж мой дом ад праезнай часткі аддзяляе сквер шырынёй у паўсотні метраў, які быў пасаджаны ў памяць аб загінулых ваярах. Сквер жа мне не належыць, ён агульны. Добра б яшчэ, калі б тут быў мой участак. Да таго ж газавая труба ідзе па процілеглым баку вуліцы. Значыць, давядзецца падымаць асфальт. Дом я сама не выбірала. У 1970 годзе прыехала ў калгас па размеркаванні як малады спецыяліст. Дзе хату прадаставілі, там і жыву...

Сапраўды, атрымліваецца парадаксальная сітуацыя, з якой, на першы погляд, няма выйсця. З аднаго боку, капаць траншэю даўжынёй у дадатковыя 45 метраў мала каму захочацца. З іншага, а хто ж будзе аплачваць гэтую працу?

— Я склікала сход, дзе было аб'яўлена, што траншэі ад магістральнай трубы да дамоў трэба будзе капаць за свой кошт, — парыруе Алена Рабко. Вось толькі Вольга Шыбіцкая адразу пачала абурацца:

— У мяне дом знаходзіцца далёка. — У гэтым выпадку як каму пашанцавала, — адказваю я. — Калі гэтыя выдаткі павесіць на кааператыў, то атрымаецца, што пракладку траншэі будуць аплачваць астатнія яго ўдзельнікі. Таксама ж несправядліва.

Кворум не адбыўся, але неабходная колькасць галасоў была набрана?

На выкананне праектных работ быў адведзены пэўны тэрмін. Працы ж з-за ўзніклай спрэчкі пачалі зацягвацца. Калі б тэрміны былі сарваны, кааператыву давялося б плаціць няўстойку. Дадатковыя выдаткі ў такім выпадку панеслі б усе канцэсіянеры. Трэці бок, які згадзіўся б пракапаць за свой кошт траншэю для Вольгі Шыбіцкай, усё ж знайшоўся — заплаціць за гэта згадзіліся мясцовыя ўлады. Але часу ўжо бракавала.

— За невыкананне ўмоў устава было прынята рашэнне выключыць Вольгу Шыбіцкую з членаў газавага кааператыва, — працягвае Алена Рабко. — Першага верасня быў скліканы пазачарговы сход, дзе і паўстала гэтае пытанне. З 41 удзельніка прыйшоў толькі дваццаць адзін. Усе яны прагаласавалі аднагалосна.

Кворум жа складае дзве трэці ўдзельнікаў — 28 чалавек. Рашэнне ж лічыцца ўхваленым, калі за яго прагаласуюць дзве трэці прысутных на кворуме. Таму склалася парадаксальная сітуацыя. Колькасці галасоў, пададзеных на сходзе, хапала нават без кворуму. Да таго ж быў арганізаваны падомны абход усіх удзельнікаў кааператыва, якія па розных прычынах не прыйшлі на сход. Амаль усе выказаліся за выключэнне... Інакш бы за няўстойку давялося плаціць ім самім. На адным баку — іх выгода. На другім — застаўшаяся без газіфікацыі аднасяльчанка.

— У тым, што на гэты сход прыйшло так мала людзей, няма нічога дзіўнага, — працягвае Алена Рабко. — Згодна з рэгламентам, іх трэба праводзіць раз у квартал. Часцей — толькі ў надзвычайным выпадку. Але ў нас адбываліся яны ледзь не кожныя два тыдні. Па-першае, на працу трэба хадзіць, ды і работы па хатняй гаспадарцы ніхто не адмяняў. Па-другое, многім людзям ужо проста надакучыла хадзіць на чарговыя пасяджэнні. Па-трэцяе, сярод удзельнікаў кааператыва шмат і хворых старых, якім пераваліла ўжо за 80 гадоў. Яны нават на двор з хаты ледзь выходзяць, не кажучы ўжо аб тым, каб лішні раз цягнуцца праз вёску... Шчыра кажучы, я думала, што газіфікацыя вёскі — гэта проста. Цяпер зведала на сабе, што гэта такое.

Тым часам Вольга Шыбіцкая падала ў суд Нясвіжскага раёна іск, які датычыцца аднаўлення яе ў спажывецкім газавым кааператыве. Выязное пасяджэнне адбылося 19 лістапада. Суд разгледзеў матэрыялы справы і вынес рашэнне на карысць Вольгі Шыбіцкай, абгрунтаваўшы яго тым, што на сходзе, дзе рашалася пытанне аб яе выключэнні, не быў дасягнуты кворум. А аднавяскоўцы не хочуць з гэтым пагаджацца.

Вось так планіроўка вясковай вуліцы справакавала моцны канфлікт. Тут і вінаватых быццам бы і няма. Дамы на ёй будаваліся ў тыя часы, калі газіфікацыя беларускай глыбінкі была хіба толькі ў далёкіх планах. А як пачалі праводзіць газ, у кожнага гаспадара хаты — розныя затраты. З іншага боку, калі магістральная труба ідзе толькі па адным баку вуліцы, то тым людзям, якія жывуць насупраць, трэба не толькі капаць, але і асфальт за свой кошт падымаць. Зноў дадатковыя выдаткі. Пытанне зноў упіраецца ў кошт работ. Дык што ж рабіць? Шлях абыходу такіх нестандартных падводных камянёў трэба, на мой погляд, абмяркоўваць разам і гаспадарам такіх аддаленых дамоў, і членам кааператыва, і прадстаўнікам мясцовых улад загадзя, каб з-за рознагалоссяў не тармазіўся працэс газіфікацыі цэлай вёскі і не разбураліся добразычлівыя адносіны.

Пакінем жа гэтыя меркаванні і паглядзім на сітуацыю больш меркантыльным позіркам. Чым больш членаў у спажывецкім газавым кааператыве, тым менш выдаткаў нясе кожны з іх. Асабліва важна гэта для сельскай мясцовасці, дзе заробкі і пенсіі сціплыя. Грошы збіраюцца хутчэй, і працэс газіфікацыі паскараецца. Але ж чым у рэшце рэшт скончыцца канфлікт у Вялікай Быхаўшчыне? Пакажа час...

Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.