Сёлета на будпляцоўках Беларускай атамнай электрастанцыі плануецца асвоіць амаль паўмільярда долараў, паведаміў на адкрыцці міжнароднай выставы «Атамэкспа-Беларусь-2014» першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка.
Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што летась на гэты праект было накіравана 420 млн долараў, а сёлета каля 470 млн долараў пойдзе, у тым ліку, на стварэнне ўсёй інфраструктуры станцыі. Выстава «Атамэкспа-Беларусь-2014» садзейнічае развіццю атамнай энергетыкі, бо, безумоўна, тут прадстаўлены найноўшыя тэхналогіі і абсталяванне, адзначыў Уладзімір Сямашка.
Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк
падкрэсліў, што работы на станцыі вядуцца ў адпаведнасці з графікам, а гэта дае падставу казаць аб своечасовым уводзе аб'екта ў эксплуатацыю. Кіраўніцтва энергетычнай галіны канстатуе, што затрымак у фінансаванні з пачатку рэалізацыі праекта па Беларускай атамнай электрастанцыі не ўзнікала.
Больш за тое, работы на другім блоку Беларускай АЭС вядуцца з апярэджаннем графіка на 6-8 месяцаў. Намеснік міністра адзначыў, што апярэджанне графіка можа ў далейшым адбіцца на больш раннім уводзе ў строй усяго аб'екта.
На адкрыцці выставы прысутнічаў намеснік генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі «Расатам» па развіцці і міжнародным бізнесе Кірыл Камароў. У прыватнасці, ён адзначыў, што сумеснымі намаганнямі з дапамогай гэтай выставы дазволяць нам умацаваць расійска-беларускае супрацоўніцтва ў атамнай сферы і намеціць новыя праекты. Пасля будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі ў Беларусі можа пачацца развіццё мноства іншых праектаў у сферы радыяцыйных тэхналогій і інавацыйных ядзерных навуковых распрацовак. Карпарацыя «Расатам» упэўнена, што мірны атам будзе прыносіць карысць беларускім грамадзянам не адно дзесяцігоддзе.
VІ Міжнародная выстава і канферэнцыя «Атамэкспа-Беларусь-2014», якая праходзіць у Мінску з 1 па 3 красавіка, плануе ўсебакова разгледзіць пытанні рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне атамнай энергетыкі і забеспячэння энергетычнай бяспекі ў Беларусі.
Нагадаю, што цяпер у нашай краіне распрацоўваецца і ўдасканальваецца заканадаўства, якое рэгулюе ўсе пытанні будаўніцтва і эксплуатацыі атамнага аб'екта, уліку ядзерных матэрыялаў і забеспячэння дзейсных мер ядзернай бяспекі.
Сяргей КУРКАЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.