«Звязда» працягвае расказваць пра падзеі вакол былога дзіцячага дома сямейнага тыпу Віктара і Ірыны Моцных з Клімавічаў
Аб тым, якая трагедыя адбылася ў гэтым маленькім раённым цэнтры Магілёўшчыны, газета паведамляла ў нумары ад 7 жніўня. І вось новыя падрабязнасці гэтай сумнай гісторыі.
Нагадаем, 12 ліпеня Клімавіцкі райвыканкам прыняў рашэнні аб спыненні дзеяння дзіцячага дома і вызваленні Ірыны Моцнай ад выканання абавязкаў маці-выхавацеля. Але жанчына палічыла гэтае рашэнне неабгрунтаваным, у выніку чаго яе абвінавацілі ў самаўпраўстве. Мясцовым РАУС у суд былі накіраваны матэрыялы справы аб правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 23.39 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Як паведаміла суддзя Клімавіцкага суда Ірына Гурыновіч, жанчына абвінавачвалася ў тым, што, ведаючы аб рашэнні райвыканкама аб спыненні функцыянавання дзіцячага дома сямейнага тыпу і скасаванні з ёю дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей, працягвала з 12 па 25 ліпеня самавольна выконваць сваё меркаванае права на выхаванне і ўтрыманне. Раённы суд прызнаў Ірыну Моцную вінаватай і падверг адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 5 базавых велічынь — 750 тысяч рублёў.
Але справа на гэтым не заканчваецца. Як паведаміў начальнік Клімавіцкага РАУС Сяргей Мышкоўскі, у міжраённы аддзел Следчага Камітэта РБ накіраваны матэрыялы для дачы прававой ацэнкі па факце аказання супраціўлення Ірыны Моцнай і яе сыноў супрацоўнікам міліцыі, калі імі было прапанавана прайсці ў РАУС для разбору. «Жанчына павінна была перадаць дзяцей органам апекі, а яна гэтага не зрабіла ды яшчэ спрабавала кудысьці іх вывезці», — патлумачыў ён. Яшчэ адна справа, матэрыялы якой райаддзел накіраваў у СК, датычыцца фактаў прычынення Ірынай Моцнай цялесных пашкоджанняў прыёмнай дачцэ.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клімавіцкага райвыканкама Наталля Глушакова паведаміла, што ўсе шасцёра непаўналетніх дзяцей, якія раней былі на выхаванні Ірыны Моцнай, знаходзяцца ў спрыяльных для іх умовах. Сёстры Аліна і Яна Прохаравы перададзены пад апеку іх бабулі, астатнія жывуць пакуль у прыёмных бацькоў у SОS-вёсцы ў Магілёве. Але Саша Пугачоў з 1 верасня пераязджае ў Мінск, дзе ён будзе вучыцца ў вышэйшым радыётэхнічным каледжы.
Па ўмовах дагавора, Ірына Моцная павінна пакінуць дом, які ёй прадстаўляла дзяржава на час выхавання дзяцей. Балансаўтрымальнік даслаў ёй пісьмовае паведамленне аб тым, што тэрмін заканчваецца 22 жніўня. Калі яна не зробіць гэта самастойна, высяленне адбудзецца праз суд.
Былая маці-выхавацель лічыць, што з ёю абышліся несправядліва, і намерана змагацца.
— Я апратэставала рашэнне раённага суда наконт самаўпраўства ў абласным судзе і падала іск у раённы суд, што мяне несправядліва звольнілі па артыкулах 168 і 167 Працоўнага кодэкса, — кажа Ірына Моцная. — У мяне такое адчуванне, што ўвесь свет супраць мяне. Раённы суд вярнуў іск на перапрацоўку. Сыноў спачатку правакуюць, а потым абвінавачваюць у тым, што яны вядуць сябе не так, як трэба. Але я ўсё ж такі спадзяюся на справядлівае рашэнне ў гэтай справе.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.