Вы тут

Мой родны трэці кут


З чарговай вандроўкі па славутых і малавядомых мясцінах вярнулася міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Сёння «Звязда» пачынае знаёміць чытачоў з фотазамалёўкамі свайго сталага прадстаўніка ў экспедыцыі Яўгена Пясецкага.

З вышыні арбіты касмічнага спадарожніка Зямлі вёска Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна здаецца зусім невялічкай. Сярод зялёных шапак дрэў, квадрацікаў дахаў выразна праступае абнесены плотам трохкутны будынак — месца, на якое цікава паглядзець і з космасу, і з зямлі.

Гэты фотаздымак я адшукаў у інтэрнэтаўскай калекцыі незвычайных культавых пабудоў. Трохкутная царква Святой Троіцы ў Вялікай Сваротве лічыцца ў Еўропе ўнікальнай.

10-19

У 1747 годзе «скарбавы» пісар Мікалай Аўсяны пабудаваў трохкутную царкву на дзіва ўсім месцічам. Невядома, чым ён кіраваўся, выбіраючы такую некананічную форму храма.

Але калі зазірнуць у далёкае мінулае, то там прататыпам хрысціянскай царквы можна ўбачыць скінію (з грэчаскай мовы — будан, шацёр). Не выключана, што культавыя шатры нашых далёкіх продкаў былі трохкутнымі. Як не выключана і тое, што ў васямнаццатым стагоддзі землякі з Вялікай Сваротвы ўзвялі будынак-трохкутнік дзеля згоды трох мясцовых канфесій. Маўляў, уваходзьце з трох розных бакоў, але збірайцеся да аднаго алтара! Вельмі актуальны падыход і ў наш час. А можа, форма царквы заклікана паўтарыць ідэю Святой Троіцы?

У будынка гэтай царквы, названай у гонар Святой Троіцы, — багатая гісторыя. У недалёкім мінулым яго знешні выгляд выклікаў хутчэй спачуванне, чым захапленне. Сёння на знешняй сцяне царквы ўсталявана памятная дошка, дзе засведчана: «Адноўлена «Электрабуд Заходняй Сібіры» (г. Ніжнявартаўск, Расія), па ініцыятыве а. Георгія (Сапуна) пры фінансавай падтрымцы Раісы Мельнік (Мінск), Валерыя Жука (Баранавічы), Андрэя Копача (Баранавічы)». Цяпер адноўлены храм ахоўваецца дзяржавай.

10-1810-17

Бачыцца, што царква Святой Троіцы мае перспектыву не толькі як цэнтр духоўнага і рэлігійнага выхавання. Вакол яе некалі распасціралася прыгожая сядзіба і парк, якія належалі роду Незабытоўскіх. Недалёка — маляўнічая тэраса ракі Сваротвы, адзінай, што бярэ пачатак у светлых водах возера Свіцязь. У нашы дні пра былую раскошу сядзібы нагадваюць толькі муры ды алея старых дубоў... Але хіба ж не ўпрыгожаць гэтыя гістарычныя мясціны маршруты турыстаў? Усё тут чакае такога ж аднаўлення, як храм.

10-16

Аднаўлення ў жыццядайнай згодзе. Падобнай да той, якая, па адной з версій, некалі дала жыццё ўнікальнаму трохкутнаму будынку ў маленькай вёсцы Вялікая Сваротва.

Яўген Пясецкі, фота аўтара.

Баранавіцкі раён

На здымках: так выглядае царква на здымку з космасу; адпаведна трохкутнай форме, дах над жырандоляй увенчаны не традыцыйным круглым купалам, а трохкутным праёмам; строгую форму храма падкрэслівае ўнікальная каменная кладка сцен; адзін з трох куткоў храма ўпрыгожвае іканастас.

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа.