— Каледж мне многае даў, — сцвярджае выпускнік прафесійна-тэхнічнага каледжа Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Міхаіл Прыбыткін. — Некалькі спецыяльнасцяў, а разам з тым — насычанае жыццё: вандроўкі, прафесійныя спаборніцтвы, новыя ўменні.
Сёння хлопец працуе наладчыкам станкоў і маніпулятараў лічбавага праграмнага кіравання на вядучым праектна-канструктарскім прадпрыемстве оптыка-механічнай прамысловасці ААТ «Пеленг». А калісьці ён амаль выпадкова трапіў у першы набор на новую спецыяльнасць «мехатроніка», якая сёння з'яўляецца адной з самых «раскручаных» і папулярных у каледжы.
12-9
Марыў стаць трактарыстам
З самага дзяцінства Міша вазіўся з рознымі механізмамі, стараючыся разабрацца, як яны працуюць.
— Калі быў малы, лета праводзіў у вёсцы, — узгадвае хлопец. — Катаўся з дзедам на трактары і камбайне, хадзіў да яго на працу. Любіў жалезкі пакруціць, збіраў канструктары. Марыў стаць трактарыстам! А яшчэ побач з Мінскам знаходзіўся палігон са старой ваеннай тэхнікай. Памятаю, усе мае равеснікі хацелі прыстаўкі і камп'ютары, а я спаў і бачыў на агародзе танк. І нават збіў яго з дошак.
У школе Міша чамусьці вырашыў, што ва ўніверсітэт не трапіць, хоць сярэдні бал атэстата быў нядрэнны — 7,7. Да таго ж, на думку хлопца, вучыцца пяць гадоў і ўвесь гэты час прасіць у бацькоў (тата і мама — звычайныя працаўнікі) грошы на жыццё — неяк несур'ёзна для маладога чалавека. Таму ён вырашыў атрымаць рабочую спецыяльнасць. Прызнаецца, што будучыню сабе не надта ўяўляў. Выбраў каледж РІПА, бо ўсе спецыяльнасці тут звязаны з тэхнікай, а сама ўстанова знаходзіцца непадалёк ад дому. Спачатку ішоў не на мехатроніку, а на станочніка, бо там для паступлення патрабаваўся толькі атэстат. Акурат у гэты год у навучальнай установе з'явілася спецыяльнасць «мехатроніка», дзе выпускнікам давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Праўда, на яе трэба было здаваць экзамены.
— У прыёмнай камісіі сядзела Наталля Аляксандраўна Каробушкіна, псіхолаг, — распавядае Міхаіл. — Яна мяне проста пераканала. Ацаніла з першага погляду: «Вось і стараста прыйшоў!» Не ведаю, як яна гэта ўбачыла, але тут жа пачала агітаваць — ідзі ў мехатронікі. Ты ж нічога не губляеш — трэба толькі здаць экзамен. Не здасі, дык пойдзеш у станочнікі».
Міхаіл прыслухаўся да парады і здаў іспыты — рускую мову і матэматыку. Конкурс быў невялікі: 30 чалавек на 25 месцаў... Хлопец трапіў у групу і атрымаў добрую стыпендыю, якая на той час складала 78 тысяч рублёў.
Што за «шпіндаль»?
Першы год навучання быў самы цяжкі: будучыя мехатронікі вывучалі дысцыпліны школьнага курса. А з другога года пачалі з'яўляцца спецпрадметы — курс па гідрапнеўмааўтаматыцы, металарэзных станках, наладцы і праграмаванні вытворчага абсталявання, інжынернай графіцы, матэрыялазнаўстве.
— Выкладчык нам расказваў пра нейкія рэчы, а мы ўвогуле не разумелі — што за «піноль», «шпіндаль»? У тэорыі не ўяўлялі. А пасля прыходзілі на практыку і бачылі — ага, гэта стаміна, ведаем. Дарэчы, ужо на першай практыцы мы спрабавалі пісаць просценькія праграмкі.
За час вучобы мехатронікі атрымалі цэлы «букет» спецыяльнасцяў: аператар станкоў з лічбава-праграмным кіраваннем, слесар-электрык па рамонце электраабсталявання, наладчык. І ўласна мехатронік 5 разраду. Але мне ўсё роўна незразумела, чым мусіць займацца мехатронік. Міхаіл папулярна тлумачыць:
— Якія ёсць праблемы на заводзе? Калі здарылася непаладка, механік, электрык і гідраўлік правяраюць механізм, але на іх участках усё выдатна працуе. Мехатронік задумваўся як чалавек-дыягностык, які можа паглядзець і сказаць, у чым няспраўнасць механізма, і правесці дробны рамонт. Для гэтага мы і атрымалі адразу столькі прафесійных навыкаў.
12-8
Тым не менш выпускнік заўважае, што многія мехатронікі, як і ён сам, працуюць наладчыкамі абсталявання. Выключэнне складаюць выпускнікі, якія трапілі па размеркаванні на трактарны завод. Міхаіл наладжвае тэхнічнае абсталяванне пад нейкую канкрэтную дэталь, робіць першы прагон, пасля працуе па наладжанай схеме. Вытворчасць у цэху эксперыментальная, на прадпрыемстве робяць паўнавартасныя аптычныя прыборы: напрыклад, на спадарожніку «БелКА» стаіць оптыка «Пеленга», шмат заказаў паступае з Расіі. Зараз прадпрыемства актыўна развіваецца, не так даўно з'явіўся новы корпус «Космас».
— На пытанне «Кім працуеш?», адказваю «Спадарожнікі раблю», — весела кажа мехатронік. — У людзей адразу цікаўнасць у вачах. Але ж гэта не пустыя словы — начынка ў спадарожнікаў і сапраўды беларуская.
Дарэчы, месца працы ён выбраў сам, бо ведаў, што на «Пеленгу» ёсць добрыя перспектывы для развіцця. Зарплаты хапае не толькі на сябе: Міхаіл дапамагае бацькам і адкладвае на аўтамабіль.
Ад Карпат і да Алтая
Выпускнікі не губляюць сувязі з каледжам. Ёсць нагода сабраць лепшых — на носе падрыхтоўка да міжнародных спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве. Дырэктар каледжа РІПА Валерый Галубоўскі кажа:
— Выдатна, калі нефармальны і фармальны лідар спалучаюцца ў адным чалавеку, — і кідае позірк на Міхаіла. А той, як былы стараста, адзначае: «У нас была добрая група, калектыў трымаўся разам. Хадзілі тусавацца, вучыліся таксама добра. І гэта заслуга нашага куратара, Настассі Віктараўны Перапёлкінай. Яна нам не давала спуску. «Спярша ты чалавек, а пасля — спецыяліст», — гэта яе словы.
Мехатронікі хадзілі ў паходы на Алтай, у Хібіны, Карэлію і Карпаты: фотаімгненні з іх задакументаваны ў насценгазетах. Сапраўдны падарунак ад каледжа. Кемлівы выпускнік заўважае: хто хоча развівацца, той возьме адсюль па максімуме. Хлопцы паспявалі і добра вучыцца, і актыўна адпачываць. У горадзе Гусеў Калінінградскай вобласці яны ўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства. Тады Міхаіл узяў першае месца. Ездзілі таксама і ў Маскву. А цяпер мехатронікі актыўна рыхтуюцца да конкурсу сусветнага маштабу Worldskіlls (своеасаблівай алімпіяды па прафесійным майстэрстве), які адбудзецца сёлета ў жніўні ў бразільскім Сан-Паўлу.
Па суботах былыя аднагрупнікі збіраюцца, каб пагуляць у футбол. Ды ўвогуле яны стараюцца не губляцца, а сустракацца часцей. Свой вольны час хлопец праводзіць насычана: каток, басейн, страйкбол. Любы актыўны адпачынак — гэта яго. Таму нават на «Пеленгу» Міхаіл Прыбыткін адказны за спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. Акрамя працы, ён паспявае вучыцца ў БДУІР на завочным аддзяленні па спецыяльнасці «прамысловая электроніка». У будучыні хлопец збіраецца развівацца як спецыяліст — у яго ёсць выдатная база, атрыманая падчас навучання ў каледжы.
Кацярына РАДЗЮК.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.