Вы тут

«Гэтая даўніна цягне мяне, як магніт»


Як Анатоль Федарук «адкрывае» для нас старажытныя сядзібы.

У Новым замку Гродна адбылася прэзентацыя кнігі прафесара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктара біялагічных навук Анатоля Федарука «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны». Аўтар разглядае мастацкія стылі ў сядзібным дойлідстве і садова-паркавым мастацтве, прадстаўляе гісторыю сядзіб і іх уладальнікаў, характарыстыкі жылых, гаспадарчых і культавых будынкаў, паркаў і водных сістэм, сядзібную культуру, расказвае пра асаблівасці вядзення гаспадаркі і сучасны стан гэтых аб'ектаў.

12-20

Гістарычныя славутасці быццам вяртаюцца да нас з небыцця — дзякуючы шматгадовай, самаадданай працы Анатоля Федарука. Прычым гэта не проста канстатацыя таго, што страчана і засталося, а найперш зварот да нашых сучаснікаў. Каб яны ведалі, шанавалі сваю спадчыну і зрабілі ўсё магчымае дзеля яе захавання і адраджэння.

— Анатоль Тарасавіч, старажытныя сядзібы Беларусі вы вывучаеце ўжо больш за 40 гадоў, прычым, так бы мовіць, на грамадскіх пачатках. Як гэта ўдаецца і што дае сілы на такую велізарную працу?

— Я дзясяткі разоў чуў: «Навошта ён ходзіць па гэтых руінах? Што там можна ўжо знайсці?» І, мабыць, кінуў бы, калі б не кніжка выдатнага пецярбургскага акадэміка Дзмітрыя Ліхачова. Ён пісаў: «Нават паветра на месцы сядзіб асаблівае. Гэта паветра гісторыі». І я зразумеў, што ўсё трэба ўлічваць, класці на паперу — для нас і нашых нашчадкаў, каб ганарыліся сваёй спадчынай. Сядзібныя мясціны, іх асаблівы дух цягнуць мяне, быццам магнітам.

— Серыя «Старажытныя сядзібы Беларусі» пасля Міншчыны і Брэстчыны прадоўжылася Гродзеншчынай ...

— У 2013 годзе выдадзена кніга пра сядзібы Карэліцкага раёна. А гэтая прысвечана сямі раёнам Гродзенскай вобласці — Бераставіцкаму, Ваўкавыскаму, Воранаўскаму, Гродзенскаму, Дзятлаўскаму, Зэльвенскаму і Іўеўскаму. Спачатку ў маім «дасье» было каля 100 сядзіб, а за апошняе дзесяцігоддзе спіс павялічыўся да 600 аб'ектаў, што прыкладна ўдвая больш, чым на Брэстчыне. Гродзеншчына — найлепшы рэгіён Беларусі і па ступені захаванасці сядзіб, якія эвалюцыяніравалі ў духу вялікіх мастацкіх стыляў: ад абарончых умацаванняў да рэнесансных палацаў, ансамбляў часоў барока і класіцызму, а потым да эпохі эклектыкі — апошняй у развіцці сядзібнага дойлідства.

— У сённяшнім разуменні сядзіба — гэта дом, нейкія гаспадарчыя пабудовы ды агарод. Аднак калі пачытаць вашу кнігу...

— Гісторыя сядзібнага дойлідства на беларускіх землях налічвае больш за 5 стагоддзяў. І я хачу, каб нашы сучаснікі і нашчадкі разумелі, што ўяўляла з сябе ў мінулым сядзіба. Гэта не проста аб'ект матэрыяльнай каштоўнасці — сядзібны дом, іншыя службовыя і гаспадарчыя будынкі, што часткова захаваліся да нашых дзён. Гэта феномен, які задумваўся як «ідэальны свет» з асаблівым духоўным зместам. Прастора, дзе абмяркоўваліся і вырашаліся, мажліва, самыя высокія, мудрыя жыццёвыя пытанні — сэнс быцця, чалавечыя каштоўнасці. У традыцыях роду складваўся асаблівы не толькі матэрыяльны, але і духоўны свет. Сядзіба выхоўвала чалавека, патрабавала быць годным свайго ўзроўню. «Мілы Геранім, — звяртаўся Ян Караль Хадкевіч да сына, — не марнуй часу, вучыся, бо дурным быць шляхцічу не прыстойна».

У сядзібах нараджалася адметная культура садова-паркавага мастацтва, земляробства, жывёлагадоўлі. Многія шляхцічы любілі зямлю, клапаціліся пра яе стан і ўрадлівасць. Правільныя севазвароты, элітнае насенняводства, пародзістая жывёла, пладовыя сады, паркі, зарыбленыя ставы, пчальнікі... Сядзібы Гродзеншчыны адпавядалі сусветным тэндэнцыям развіцця сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у 1601 годзе ў Смаргонскім фальварку брэсцкага ваяводы Хрыстафора Зяновіча меліся галандскія каровы і свінні, італьянскія авечкі і куры з чорнымі бародамі, індыкі, паўліны, свой конны завод.

— Асобная тэма кнігі — сядзібныя калекцыі і сямейныя рэліквіі...

— Мастацкія, этнаграфічныя, нумізматычныя і іншыя зборы былі абавязковымі для многіх сядзіб. Калекцыяніраванне з'яўлялася паказчыкам добрага густу і адукаванасці. А асабліва каштоўнымі былі ў сядзібах архівы і бібліятэкі. «Калісьці Беларусь была краінай бібліятэк», — так пісаў вядомы беларускі гісторык Яўген Калубовіч. На 25 квадратных вёрстах мелася па адной вялікай бібліятэцы, акрамя дробных кнігазбораў. Пра адносіны да кніг можна меркаваць, напрыклад, па завяшчанні 1582 года. Ежы Зяновіча. Ён прасіў «мілага сына Мікалая» і яго нашчадкаў берагчы бібліятэку як асаблівую каштоўнасць — не дзяліць яе, а прымнажаць, не раздаваць, не пазычаць кнігі.

А ў чым сэнс партрэтаў гаспадароў сядзіб? Гэта было не проста самалюбаванне — сувязь пакаленняў. Партрэты размяшчаліся ў сядзібах як напамін, што кожны наступны ўладальнік павінен быць не горшым за папярэдняга. Вось як даражылі традыцыямі!

Улічыць каштоўнасці, якія страціла наша зямля, ужо немагчыма. Многае загінула ў полымі войнаў, што не згарэла — разышлося па свеце, асела ў музейных калекцыях і бібліятэках розных краін. У кнізе мы пастараліся адзначыць асноўныя бібліятэчныя зборы найбольш буйных сядзіб.

— У кнізе «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны» — і гордасць за справы нашых продкаў, і боль за страчанае, і надзея на будучыню ...

— Так. Мы далёка не заўсёды па-сапраўднаму цэнім і змагаемся за захаванне нашых каштоўнасцей. У кнізе нямала адпаведных фактаў. Зносяцца старадаўнія гаспадарчыя пабудовы, якія чамусьці не лічацца гістарычнымі помнікамі. Адбываецца нейкае павальнае знішчэнне старых дрэў, што пры пэўным падыходзе можна захаваць. Напрыклад, знаходжанне ўязной алеі ў сядзібу Аўгустовак, што будавалася па праекце Джузэпэ дэ Сака, мне падказалі клёны, што захаваліся, і тры конскія каштаны, якія яшчэ за полькім часам былі прафесійна амалоджаны. Чаму б не праявіць прафесіяналізм і цяпер? Не, у 2011 годзе гэтыя каштаны спілавалі.

А на месцы іншай сядзібнай алеі сёння можна ўбачыць толькі шыны, якія пакладзены на пні.

Мы страцілі культуру садоўніцтва — любім часцей букеты, а не самі расліны.

Але ёсць і цудоўныя ўзоры павагі да нашай гістарычнай спадчыны. Напрыклад, яшчэ за савецкім часам у вёсцы Свіслач Гродзенскага раёна быў адноўлены і да сённяшняга часу знаходзіцца ў выдатным стане былы палац графіні Марты Красінскай. У гэтым заслуга Васіля Густыра — кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства, аднаго з найлепшых у нашай краіне. Дзе сапраўдны гаспадар — там адразу бачны вынік, у тым ліку і што тычыцца мясцовых славутасцей.

Гордасцю гродзенскай зямлі я лічу і сядзібу «Каралінскі фальварак Тызенгаўза», якая на высокім узроўні, з густам, любоўю да нашай спадчыны адраджаецца дзякуючы Паўлу Клімуку.

Дарэчы, яшчэ 5-7 гадоў таму я не мог паверыць, што нехта стане купляць і адраджаць старажытныя сядзібы. Але такія прыклады, у тым ліку і на Гродзеншчыне, ужо ёсць. Гэта і мне дае настрой на далейшыя даследаванні.

— Вельмі сімвалічна, што ў якасці мецэната, прафінансаваўшы выданне кнігі «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны», выступіў наш славуты гістарычны аб'ект — замкавы комплекс «Мір»...

— Так, я вельмі ўдзячны за гэта яго дырэктару Вользе Папко. Хочацца, каб кніга разышлася і затраты акупіліся. Тады можна будзе думаць і пра выданне другога тома «Старажытных сядзіб Гродзеншчыны» — пра іншыя раёны. Матэрыялы ў асноўным ужо падрыхтаваны.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.