Вы тут

У пачатку было Слова...


Біблейскі радок стаў назвай выставы Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, што прысвечана ўвасабленню Новага Запавету ў абразах, скульптуры, кніжнай гравюры, літургічным адзенні.

[caption id="attachment_97556" align="alignnone" width="600"]Сяр­гей Ка­зу­ля: «Трэ­ба ве­даць і раз­ві­ваць на­шы мас­тац­кія тра­ды­цыі». Сяр­гей Ка­зу­ля: «Трэ­ба ве­даць і раз­ві­ваць на­шы мас­тац­кія тра­ды­цыі».[/caption]

Выставу пабудавалі згодна з тэкстам Новага Запавету: мастацкія творы ў храналагічным парадку паказваюць падзеі ад Дабравешчання да Апакаліпсісу. Некаторыя рарытэты набывалі ў калекцыянераў, а большасць вярталі з нябыту падчас экспедыцый, што ладзіліся музейшчыкамі на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў 80-я — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

— У гэты час многія храмы былі зачынены, а культавыя прадметы, што захоўваліся недзе ў падвалах, на гарышчах і практычна не выкарыстоўваліся, перадаваліся музею. Калі распачаўся працэс адраджэння царквы, частку твораў мы ёй вярнулі, а нешта ў нас засталося. Напрыклад, некаторыя абразы XVІІ-XVІІІ стагоддзя зараз у царкве лічацца некананічнымі, але тым не менш, гэта помнікі беларускай культуры. Імі трэба ганарыцца, — кажа арганізатар выставы, старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Сяргей Казуля.

Многія з твораў дзякуючы гродзенскаму мастаку-рэстаўратару Уладзіміру Кісламу атрымалі другое жыццё. Большасць экспанатаў паходзіць з Гродзеншчыны і Брэстчыны, з праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў. Пры гэтым можна ўбачыць, што ў XVІІ — пачатку XІX стагоддзя ў Беларусі існавала свая іканапісная школа, якая спалучала ўсходнія і заходнія традыцыі праваслаўя і каталіцызму. Гэтым яна адрознівалася ад мастацкіх традыцый суседніх краін.

5_3

Вось, напрыклад, абраз «Маці Божая беззаганная з выбранымі святымі» (канец XVІІІ — пачатак XІX ст.). Маці Божая стаіць на маладзіку, а вакол яе дванаццаць зорак. Чаму такая назва? У каталіцкай і ўніяцкай царкве існуе дагмат пра бязгрэшнае зачацце, недзе ў XVІ стагоддзі яго сталі паказваць у выяве дзевы, якая апісваецца ў Апакаліпсісе. На алтары лілея — сімвал бязгрэшнасці. Адзін анёл трымае карону, другі — скіпетр як сімвалы каранавання Маці Божай. Цэнтральны сюжэт абраза ўзяты з каталіцкага жывапісу, разам з тым заўважна і чыста праваслаўная традыцыя ўвасаблення розных святых — тут і апостал Пётр з ключамі ад пекла і раю, і Павел з мячом у руках, і іншыя святыя.

— Сёння, калі ўмацоўваецца дзяржава і развіваецца беларуская культура, трэба памятаць свае карані. Мы, музейшчыкі, робім свой унёсак у гэтую справу — стараемся, каб людзі бачылі асаблівасці нашага мастацтва ў даўніне — узаемапранікненне ўсходняга і заходняга стыляў, — лічыць Сяргей Казуля.

Выстава будзе працаваць да лістапада.

Найстарэйшы экспанат выставы — «Евангелле», якое было выдадзена ў 1644 годзе ў Еўі, непадалёк ад Вільні, у брацкай праваслаўнай друкарні. Яно лічыцца адной з самых багата арнаментаваных кніг увогуле за перыяд брацкага кнігадрукавання. Многія гравюры паходзяць яшчэ з часоў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.