Вы тут

Галава і два колы


Пра сродак перамяшчэння, які не лічым транспартам. А дарэмна...

Мой першы «дарослы» веласіпед — чырвоны «Аист» з аранжавымі катафотамі на колах — дагэтуль стаіць недзе ў паветцы. Ездзіць на ім ужо даўно няма як: за амаль трыццаць гадоў цэлай засталася хіба што рама, але здаць на металалом ці проста вывезці на сметнік рука не падымаецца. Бо гэта не проста напамін пра шчаслівае вясковае маленства — гэта сапраўдны стары сябар, з якім, як толькі сыходзіў снег, амаль не расставаліся, які часта выручаў і дапамагаў. А сяброў, нават калі яны ўжо нямоглыя, не кідаюць.

Ён сапраўды ў вёсцы быў незаменным. Колькі на ровары было езджана-пераезджана: і ў школу, што была ў суседняй вёсцы, і на возера, і на сенакос, які ў саўгасе выдзялялі ў далёкіх урочышчах, так што калі б пешшу, дык паўдня б траціў, каб дайсці туды і назад. І нават на дыскатэку за восем кіламетраў ад дому — на цэнтральную сядзібу саўгаса. Прыехаў, паставіў веласіпед у двары ў знаёмых, крыху пачысціўся ад пылу — і танчы сабе на здароўе. Пасля ўскочыў на ровар — і за паўгадзіны дома. Дзякуючы менавіта гэтаму транспартнаму сродку мы, вясковыя падлеткі, маглі зразумець і адчуць Радзіму — не тую вялікую і магутную, якую вучылі любіць у школе, а тую, што побач, з якой вялікая і магутная пачынаецца. Гойсаючы на веласіпедах па трохкутніку Волма — Ракаў — Івянец (а адлегласці паміж гэтымі мястэчкамі немалыя — у сярэднім пад дваццаць кіламетраў, пешшу не абыдзеш), мы спыняліся і як зачараваныя глядзелі на высозныя сосны на пясчаных кручах на берагах Іслачы, на лебедзяў, якія спакойна плавалі ля стромкага касцёла, што адлюстроўваўся ў вадзе, радасна віталіся са знаёмымі і незнаёмымі дзядзькамі і цёткамі, якія вярталіся на падводах з кірмашоў... Чырвоны ровар быў магчымасцю жыць хутчэй і напоўніцу, з ім было весялей і спрытней.

А яшчэ ён заўсёды ўспрымаўся як сапраўдны транспарт. І для старэйшых, і для малодшых у вёсцы, дзе веласіпед быў самым папулярным сродкам перамяшчэння, гэта было (дый сёння, ведаю, застаецца) законам. Ехаць па ўскрайку праезнай часткі, прытарможваць на скрыжаваннях, мець на ровары элементы, што будуць свяціцца ў прыцемку, не імчаць ва ўвесь дух па вясковай вуліцы, бо пад колы можа нечакана выскачыць кураня, кацяня, дзіця, а то і не вельмі цвярозы аднавясковец... Правілы выконвалі без пытанняў, бо добра разумелі цану іх парушэння — пакалечыш іншых, пакалечышся сам. І гэтага было дастаткова, каб у тым адчайным бесклапотным дзяцінстве не здарылася нічога сур'ёзна-балючага (хаця былі і падраныя сукенкі, і разбітыя калені), а стары веласіпед пакінуў толькі цёплыя ўспаміны і прыемныя асацыяцыі.

Пра ўсё гэта я думаю ледзь не штодня, калі на Каменнай Горцы выходжу з тралейбуса і іду да станцыі метро. На нядаўна пакладзеным шырокім тратуары праведзена раздзяляльная лінія, намаляваны знакі: вось гэта частка — для пешаходаў, гэта — для веласіпедыстаў. Для большасці пешаходаў яны нічога не абазначаюць — народ ідзе, як яму зручна. Для веласіпедыстаў, якіх становіцца ўсё больш, — гэта паласа пераадолення: яны (праўда, не ўсе) і рады б ехаць па сваёй частцы, але пешаходы паўсюль і саступаць не збіраюцца. Таму рупліўцы экалогіі і здаровага ладу жыцця вымушаны лавіраваць паміж «гаспадарамі тратуара», якія выказваюць абурэнне, а асабліва нервовыя могуць яшчэ і штурхнуць няшчаснага веласіпедыста ў спіну. І для адных, і для другіх сумесны шлях атрымліваецца экстрэмальным, з пагрозай для здароўя і нават жыцця. Хаця месца хапае ўсім. Парадокс? Хутчэй, пытанне менталітэту.

Зразумела, да любой новай з'явы трэба прывыкнуць. Ведаю па ўласным досведзе: падчас першых паездак у Берлін, дзе веласіпедыстаў не нашмат менш, чым аўтамабілістаў, сябры літаральна сілай сцягвалі мяне з той часткі тратуара, на якой намаляваны веласіпед. Бо там кіроўца ровара на сваёй палове адчувае сябе паўнапраўным гаспадаром, ён не будзе збочваць, а проста паедзе на цябе і тваё самаадчуванне ў такім выпадку — справа выключна твайго ўласнага спрыту... Цяпер ісці па «сваёй» палове стала для мяне абавязковым правілам. У Берліне, у Мінску, дзесьці яшчэ — няважна. Насамрэч, нічога новага. Проста ўспомніла вядомае з дзяцінства: транспарт (хоць і на двух колах) — усё роўна транспарт. З пэўнымі патрабаваннямі і да яго ўласніка, і да тых, хто рухаецца з ім па адной дарозе. Вось гэтага разумення большасці з нас — і тым, хто на нагах, і тым, хто на гэтых самых двух колах, — пакуль не хапае. А веласіпедаў і веласіпедыстаў становіцца ўсё больш.

Лічыце, праблема надуманая? Мой знаёмы, які паўгода лячыў ключыцу, зламаную пасля сутыкнення з веласіпедыстам на сталічным праспекце, з лёгкасцю дакажа вам адваротнае. Мужчына, які на пачатку лета трапіў пад веласіпед у Гродне, на жаль, у гэтай дыскусіі не паўдзельнічае: ад атрыманых траўм ён у той жа дзень памёр.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.