Вы тут

Пажыць на сваім


Але спачатку трэба гэтае «сваё» пазнаць.

На выхадных давялося выбіраць вазон для кветкі. Дакладней, не выбіраць — я ведала, што шукаю. А шукала я івянецкую кераміку. Не па цэтліках — па выглядзе. Сярод аднолькавых салодка-прыкрых кветачак, лісточкаў ды матылькоў кіслотных колераў, якія штампуюць замежныя вытворцы, наша, можна сказаць, штучны тавар. На самы патрабавальны густ, для тых, хто жадае, каб інтэр'ер быў арыгінальным ва ўсім, нават у гаршку для кветак. У мяне такіх стаіць ужо некалькі: з прылепленымі матузікамі, з малюнкамі няправільнай формы. Цяпер да іх «кампаніі» далучыўся яшчэ адзін — паласаты, нібы «зашпілены» на намаляваныя на ім гузікі. Хто прыходзіць у госці, дзівіцца не толькі адмысловым кветкам, але і посуду, у якім яны растуць. А я заўсёды кажу: «Гэта ж наша, беларускае».

Акрыленая ўдалай пакупкай, вырашыўшы падтрымаць айчыннага вытворцу яшчэ ў нечым, пайшла па радах з бытавой хіміяй. Выбар — найбагацейшы. Але дзе ж сваё? Тут жа па знешнім выглядзе не сарыентуешся, застаецца чытаць назвы. Калі б усе так проста! Акрамя вядомай усім «Мары», усе назвы на замежнай мове замежнымі літарамі. Краіна вытворчасці на цэтліках напісана дробна, вытворца на самім тавары — яшчэ драбней. Але хто шукае, той не блудзіць. Вось, напрыклад, сродак для мыцця посуду «Sun day». Зроблены ў тых жа Асіповічах, што і «Мара», на той жа фабрыцы «Сонца». Вось апаласквальнік для бялізны «Soft sіlk» з водарам «луізіянская магнолія». Зроблены ў вёсцы Ліпнішкі Іўеўскага раёна. Вось яшчэ адзін сродак для посуду — «Clean tone», яго зрабілі ў Магілёве...

Дзеля чаго беларускія вытворцы робяць беларускія тавары «непазнавальнымі» — незразумела. Якасць — абсалютна нармальная, цана — часам удвая ніжэйшая, чым на аналагічныя імпартныя. Няўжо калі б тое мыла называлася «Сонейка», «Бляск», «Чысціня», «Ззянне», а апаласквальнік — «Аксаміт», «Пяшчота» (ды ці мала ў мове нашых, прыгожых, менавіта беларускіх слоў), людзі б меней куплялі? Думаю, наадварот, бо ў апошні час у многіх і ў нашай краіне, і ў блізкіх суседзяў (куды, уласна, найбольш і прадаём) слова «беларускае» стала сінонімам «якаснага». Чаго ж тады баімся? Як праводзіцца маркетынгавая палітыка? Бо, выбачайце, «мяккі шоўк» (па-англійску) ды яшчэ ў сукупнасці з «луізіянскай магноліяй» ну ніяк не стасуецца ні з Іўеўскім раёнам, ні з вёскай Ліпнішкі і асабіста ў мяне ніякіх іншых пачуццяў, чым жадання злосна пакпіць, не выклікае. (Хаця апаласквальнік даволі якасны, не горшы за імпартныя.)

Нехта запярэчыць: маўляў, некаторыя невялікія прадпрыемствы працуюць на імпартных складніках, з зарэгістраванымі гандлёвымі маркамі, якія абавязкова трэба згадваць. Але гэтыя прадпрыемствы — рэзідэнты Рэспублікі Беларусь і павінны працаваць у тым ліку і на краіну, якая дала ім такую магчымасць. І ніхто не забараняе напісаць назву той гандлёвай маркі драбней, а сваю, адметную — больш буйна. Не трэба ні дадатковых сродкаў, ні высілкаў. Проста падумаць. Калі не пра сваю краіну і сваё месца ў ёй, дык пра спажыўца і яго рэакцыю. І адпаведна пра рэалізацыю і прыбытак.

Бо спажывец не толькі шукае, каб танней і якасней, ён яшчэ і разважае. Нават пра назву сродку для чысткі сантэхнікі. І калі яму на ўсіх станцыях метро і па ўсіх тэлеканалах ды яшчэ выявай і вуснамі артысткі нацыянальнага тэатра паўтараць назву — «911» — ён урэшце задумаецца: «А навошта мне навязваюць тэлефонны нумар амерыканскай службы ратавання?» І яму ўжо няважна будзе, што сродак гэты выраблены ў родным Магілёве...

Што характэрна, вытворцы прадуктаў харчавання робяць з дакладнасцю да наадварот — выкарыстоўваюць калі не ўласна беларускія, дык славянскія назвы, кірылічныя шрыфты, якія падкрэсліваюць менавіта тутэйшае паходжанне прадуктаў. Горда зазначаюць гэтым: мы адказваем за тое, што робім, гарантуем якасць, ведаем, што па назве ў наступны раз вы будзеце шукаць менавіта нашу прадукцыю. Атрымліваецца, многія вытворцы тавараў нехарчовых да гэтага яшчэ «не дараслі»? Хаваюцца за тыповымі іншамоўнымі назвамі, якіх на паліцах — процьма, каб, калі што, не пазналі? А пазнаць жа хочацца адразу, каб, зразумеўшы, што сапраўды варта зараз «пажыць на сваім», не хадзіць у магазін з лупай, не адшукваць драбнюткае «Зроблена ў Беларусі».

Рыхтуючы гэты матэрыял, успомніла пра свае любімыя сукенкі. Купіла іх летась у краме, пашыты яны на нашых невялікіх прыватных фабрыках. На кампліменты, якія абавязкова атрымліваю, калі адну ці другую апранаю, з гордасцю кажу: «Купляйце беларускае...» Сёння адчыніла шафу, паглядзела: так і ёсць! На адной на лэйбле напісана «Avers», на другой — «Vіnt»...

Сяджу, думаю, адчуваю сябе крыху самалётам. Спадзяюся, гэта пройдзе...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.