Вы тут

Як пераканаць пажылых бацькоў берагчы сябе


Кажуць, пасля спорных вераснёўскіх дажджоў грыбы пайшлі-такі. Засушлівым летам на іх і спадзявання не было, затое цяпер і баравікі, і апенькі, і нават грузды адначасова павыскоквалі. Так і карціць апынуцца ў пранізаным сонцам бярэзніку, пільна ўглядацца ў стракаты дыван з пераблытанай, пацямнелай ужо травы і апалай лістоты, радасна бегчы да заўважанай здалёк здабычы, якая насамрэч можа аказацца проста водбліскам святла ці чырвонай «далонькай» клёна...

Такія вось цёпла-прыемныя асацыяцыі з водарам дзяцінства (пах стомленай зямлі, спаленага бульбоўніку і халоднага паветра ранніх прыцемкаў) з'яўляюцца штогод менавіта паміж вераснем і кастрычнікам. Але з таго часу, як стала ўважліва праглядаць інфармацыйныя ленты, гэтыя асацыяцыі набылі прысмак горычы. Бо ўжо нават не прадчуваеш — ведаеш: пачаўся грыбны сезон — будуць блудзіць, прападаць, паміраць нашы старыя. Кожны год спадзяешся, што страшная статыстыка, нарэшце, застыне: столькі ўжо сказана і напісана пра гэты адваротны бок ціхага палявання, што нават дурны і абыякавы павінен задумацца. Але чарговы верасень шчодра сыпле дождж і сонечныя промні — і лічыльнік няшчасных выпадкаў у лесе ўключаецца зноў.

Спачатку ў Шумілінскім раёне шукалі 77-гадовую бабулю, якая блукала па лесе амаль трое сутак. Яе, знясіленую, але, дзякуй Богу, жывую, міліцыянеры знайшлі ў балоце зусім недалёка ад дому. Літаральна праз тыдзень, ужо ў Расонскім раёне, сцэнарый быў не такі аптымістычны. 71-гадовую пенсіянерку шукалі чатыры дні, а знайшоўшы, нічым дапамагчы ўжо не змаглі. Яшчэ пяць дзён — і новая сумная навіна: у лесе Гарадоцкага раёна знойдзена мёртвай 75-гадовая жанчына, якую шукалі ўсе выхадныя. Шукаць было цяжка: вакол балота, да таго ж бабуля недачувала. У той жа дзень ля Суража шукалі 78-гадовага грыбніка (на шчасце, пад вечар ён сам знайшоў дарогу), а ў Лёзненскім раёне цэлы дзень гукалі і сігналілі яго 76-гадоваму таварышу па няшчасці, які ўжо зацемна здолеў выйсці на гукі клаксона.

Такі вось невясёлы верасень. А ўвогуле, як адзначаюць у Міністэрстве ўнутраных спраў, з пачатку года паступіла без малога дзвесце заяў аб знікненні грыбнікоў і ягаднікаў, прычым у асноўным людзей пажылога ўзросту.

Сёння, бадай, я ўпершыню не стану на бок гэтых самых пажылых людзей і не буду ім спачуваць і спрабаваць зразумець. Вядома, можна шмат і правільна гаварыць пра тое, што нашы састарэлыя бацькі шукаюць сабе прыгод з прычыны недастатковай увагі з нашага боку, праз тое, што адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі. І гэта, на жаль, вельмі часта сапраўды так. Але ёсць яшчэ адна прычына, якая цягне іх на слабых нагах і з павышаным ціскам у лес збіраць грыбы (як варыянты — у адзіночку капаць бульбу на вялізным участку, касіць двор, цягаць дровы, у кожнай сям'і знойдзецца што расказаць пра сваіх няўрымслівых родных людзей). І прычына гэта — любоў да нас, дзяцей, унукаў, праўнукаў, клопат пра нас. Бо хто ж набярэ і насоліць грыбочкаў вечна занятай гарадскімі справамі дачушцы, як не мама ці бацька. Бо да выхадных абавязкова трэба парабіць усё вакол хаты, каб дзеткі прыехалі і адпачылі — ім і на працы хапае. Бо як жа гэта ўнучачка з яе далікатнымі пальчыкамі і доўгімі пазногцікамі палезе драць з зямлі тую бульбу?..

Мы абураемся, бяссільна разводзім рукамі, саміх сябе пасля супакойваем: маўляў, робіць, значыць, ёсць здароўе, на ланцуг жа чалавека не пасадзіш. А можа, варта было б не сварыцца да роспачных слёз, а спакойна і разважліва гаварыць вось гэтыя словы (якія, спадзяюся, прачытае і мая мама, і іншыя нашы чытачы далёка пенсійнага ўзросту).

Дарагія нашы, любімыя, найлепшыя ў свеце бацькі! Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей і ўнукаў, калі клапоціцеся пра іх, беражыце сябе, калі ласка. Уявіце хоць на міг тую роспач, якую вашы родныя, якіх усё жыццё песціце, адчуюць, калі вы не вернецеся з лесу, паваліцеся з інсультам у разоры або зваліцеся з лесвіцы, на якую лезці вам было зусім не абавязкова. Колькі гора яны перажывуць, калі вас вось так, па-дурному, не стане, з якім пачуццём віны за тое, што не заступілі сцежку, не аказаліся побач, яны будуць жыць. Як цяжка ім будзе, калі вы праз тое, што рупіліся зрабіць як мага больш, страціце здольнасць рухацца, калі хвароба або траўма прыкуе вас да ложка. Падумайце, што ім давядзецца кінуць або памяняць любімую работу, як яны будуць мучыцца, гледзячы на вашы пакуты... Падумайце, уявіце, пакладзіце ўвесь гэты цяжар на адну шалю вагаў. А на другую — жменьку грыбоў, колькі кашоў бульбы ці буракоў ды скошаны без вялікай патрэбы падворак.

Я вельмі спадзяюся, што хтосьці скажа гэтыя словы, а яшчэ больш — на тое, што нехта іх пачуе. І што верасень стане проста прыгожым грыбным месяцам, а не сезонам, калі ў лесе і балотах блукаюць, прападаюць і паміраюць чыесьці самыя блізкія людзі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.