Вы тут

На падсвядомым узроўні


Пра зруйнаваныя магілы, пошук каранёў і Белы дом у Аляксандраўскім скверы.

Мне не даводзілася быць на могілках «Экімань», што ў ваколіцах Полацка, але месцічы кажуць, што адтуль добра відаць вежы Сафійскага сабора. Карункавыя крыжы, на фоне высокага неба прыкметныя ў любую пару года, камусьці нагадваюць аб вечным імкненні чалавека дасягнуць Нябёсаў; камусьці — аб тым, што ўсе рана ці позна прыйдзем да разумення нейкай найвышэйшай, але вельмі простай ісціны; камусьці — пра тое, што трэба ў мітусні штодзённасці знайсці час зайсці ў храм і памаліцца за здароўе жывых і спачын памерлых...

А камусьці вечныя сімвалы ні пра што не гавораць. Зрэшты, чаго чакаць, калі адключаюцца не толькі нейкія маральныя ўстоі, але і самы элементарны чалавечы розум. Я маю на ўвазе той кашмар, які ў мінулую суботу ўтварылі на могілках пад Полацкам трое маладых недавяркаў. З шалёнай апантанасцю (інакш, як шал, гэта сапраўды не назавеш, бо колькі ж сілы і імпэту было на гэта патрэбна) яны павалілі або ўвогуле разбілі помнікі на шасцідзесяці трох магілах, а на пяці больш свежых падпалілі вянкі і крыжы.

Вандалаў злавілі па гарачых слядах. Дваім — па шаснаццаць, «ідэйнаму натхняльніку» — дваццаць пяць. Цяпер яны ўзятыя пад варту і даюць паказанні. Кажуць, што былі п'яныя і самі не ведалі, што рабілі. Малодшыя валяць усё на старэйшага: маўляў, гэта на ім скура гарэла, ён і падбухторыў на «подзвігі». Зрэшты, следчыя разбяруцца. Пакаранне таксама абавязкова будзе — за апаганьванне пахаванняў прадугледжваецца да трох гадоў пазбаўлення волі, плюс людское асуджэнне і пагарда. Але паколькі выпадак, дзякуй Богу, для краіны ўвогуле не тыповы, а выключны, дзеля таго, каб ён такім адзінкавым і застаўся, ёсць пра што падумаць усім — і тым, хто прыйшоўшы ў выхадны на могілкі, стаяў, агаломшаны, ля разбуранага помніка, і тым, хто ўбачыў сюжэт у тэлевізійным выпуску навін.

Хтосьці скажа, што гэта звычайнае супадзенне, але мне ў гэтай гісторыі вось што асабліва не дае спакою. Могілкі руйнавалі ноччу перад Змітраўскімі Дзядамі, Бацькоўскай суботай, Асянінамі — у гэтай першай суботы лістапада ў народзе шмат назваў, але сутнасць адзіная: гэта дзень памінання памерлых. Калі мець на ўвазе гэты факт, а яшчэ тое, што завучана даводзім каторы год (камусьці ці самім сабе?): «Беларусы ў большай ступені, чым суседнія народы, захавалі культ шанавання продкаў...» Пагадзіцеся, здарэнне на полацкіх могілках набывае іншы маштаб, чым некалькі дзясяткаў апаганеных магіл. І пытанні паўстаюць іншыя — больш складаныя, нязручныя. Напрыклад, калі і ад каго нашы маладыя людзі недаатрымалі нечага вельмі важнага? Важнага не для ведання, нават не для разумення — для падсвядомасці. Каб датычна пэўных рэчаў і ўчынкаў у ёй было чырвонымі літарамі напісана «НЕЛЬГА», і ніякая ступень апантанасці, ачмурэння, ап'янення ўсё роўна б не дазволіла гэту рысу перайсці, забарону парушыць. Калі мы ўпусцілі момант, калі стала (хай сабе і як выключэнне) магчымым тое, на што маральнае табу накладзена шматлікімі пакаленнямі, якія жылі да нас?

На пераломе эпох, калі распадалася вялікая краіна і нявечыліся ўсе без разбору яе ідэалы, мы ўсё ж здолелі многае захаваць. Напрыклад, памяць пра мінулую вайну, павагу да яе ахвяр — менавіта на тым самым, такім патрэбным, падсвядомым узроўні. А вось з павагай менавіта да свайго, спрадвечнага, што і ўчора, і сёння адрознівае нас ад іншых і разам з ужо ўзгаданай памяццю робіць народам, — складаней.

Я вазьму на сябе смеласць выказаць здагадку, чаму так атрымалася. Гадоў дваццаць назад мы напачатку разгублена спрабавалі сярод лапцяў, лучын і каўтуноў (а менавіта яны былі атрыбутамі беларусаў у сонме брацкіх народаў) знайсці штосьці спрадвечнае, прыгожае, сваё, чым можна ганарыцца, што можна паказваць усяму свету, не саромеючыся. І знайшлі, і самі сабе здзівіліся, і пачалі развіваць знойдзенае, робячы з яго новы вобраз беларусаў — шляхетных, адукаваных, сапраўднай еўрапейскай нацыі з багатай слаўнай гісторыяй. Але, пакуль шукалі і ачомваліся ад здзіўлення, пэўную нішу ў нашай падсвядомасці заняла (і працягвае там бязбедна існаваць дагэтуль) іншая культура — зусім чужая, але нахабная, яркая, з ілюзіяй свабоды, якой усім так хацелася, і ўсёдазволенасці, якія многія і сёння са свабодай блытаюць.

Цяпер маем тое, што маем. У агульным, вялікім, бясспрэчна вельмі важным — ганарымся сваёй краінай, уласнай да яе прыналежнасцю, яе гісторыяй, з гонарам расказваем гасцям пра Скарыну і Малевіча, знаёмім іх з унікальнымі абрадамі і архітэктурай. У прыватным, асабістым — не менш важным — усё яшчэ саромеемся, усё яшчэ баімся «не адстаць ад цывілізацыі». Як вынік — на беларускай прадукцыі цэтлікі на замежнай мове, у сувенірнай краме, што ў адным будынку з касамі Купалаўскага тэатра ў Аляксандраўскім скверы, на самым бачным месцы (галоўны сувенір?) майка з выявай Белага дома і надпісам «Барак Абамы», на Усіх Святых не молімся за памерлых, не ідзём на могілкі, каб ушанаваць іх памяць, а, намаляваўшы на твары пачварную маску, адзначаем Хэлаўін (ці моўчкі дазваляем рабіць гэта сваім дзецям). Нічога страшнага? А хіба зруйнаваныя магілы на «Экімані» — праз пару звёнаў — не ўпісваюцца ў гэты лагічны ланцужок?

Пакуль пісала гэты матэрыял, па тэлебачанні — новая навіна: пад Шкловам на месцы самага старога ў раёне храма, рэшткі і сутарэнні якога былі схаваныя курганом, так правялі «інжынерныя работы», што садралі з таго кургана ўсю зямлю, і цяпер артэфакты сівераюць і разбураюцца пад дажджом і ветрам. Краязнаўцы ледзь не плачуць: пад пагрозай знікнення мазаічная падлога царквы, іншыя ўнікальныя сведчанні мінулых стагоддзяў. У камеру абураюцца: рыдлёўкай ці ломам «умельцы» прайшліся па святыні, па гісторыі, па памяці.

З'ява ўсё ж пачынае набываць абрысы тыповай?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.