Вы тут

Выдавецтва «Народная асвета» адзначыла 65-годдзе


Мільёны падручнікаў, слоўнікаў і метадычных дапаможнікаў, па якіх вывучылася не адно пакаленне беларускіх школьнікаў. Дзясяткі назваў выданняў мастацкай літаратуры, падручнікі і творы класікаў для дзетак з парушэннямі зроку, надрукаваныя шрыфтам Брайля. За 65-гадовую гісторыю «Народнай асветы», найстарэйшага ў нашай краіне дзяржаўнага выдавецтва вучэбнай літаратуры, якое і цяпер паспяхова працуе ў сістэме Міністэрства інфармацыі Беларусі, зроблена сапраўды шмат.

А чым жыве ўстанова сёння? Якімі прынцыпамі кіруецца ў працы? Якія кнігі, апрача падручнікаў, рыхтуе для айчынных школьнікаў? З гэтымі і многімі іншымі пытаннямі наша карэспандэнтка накіравалася ў выдавецтва, дзе сустрэлася з яго дырэктарам Вікторыяй КАЛІСТРАТАВАЙ, галоўным рэдактарам Аленай ЛІЦВІНОВІЧ і загадчыцай рэдакцыі выданняў шрыфтам Брайля Таццянай БЯЛІНСКАЙ.


— За мяжой для працы ў выдавецтвах, якія займаюцца падрыхтоўкай вучэбнай літаратуры, прынята наймаць асоб, якія маюць педадагічную адукацыю. Як у нашай краіне?

Алена Ліцвіновіч: Так, амаль усе нашы рэдактары маюць дыпломы педагогаў. Я маю дыплом біёлага, выкладчыка біялогіі і хіміі. Але і ў працэсе работы, пры камунікацыі з аўтарамі мы даведваемся столькі новага, столькі спецыфічных адметнасцяў, што сапраўды можам лічыцца спецыялістамі ў пэўнай галіне.

Алена Ліцвіновіч

— Сёння шмат гавораць пра супрацьстаянне традыцыйных папяровых і электронных кніг. А якая «расстаноўка сіл» у галіне вучэбнай літаратуры?

Алена Ліцвіновіч: Падручнік, надрукаваны на паперы, быў, ёсць і будзе. Толькі яго функцыі прынцыпова змяняюцца. Раней ён быў сховішчам ведаў, цяпер жа становіцца навігатарам у свеце навукі. Аб'ёмы ведаў чалавека так хутка павялічваюцца, што любы агромністы том, які змяшчае фундаментальныя звесткі, ужо састарэе нават да моманту свайго выдання.

— Акрамя падручнікаў, над якімі кнігамі працуе выдавецтва?

Алена Ліцвіновіч: Летась «Народная асвета» аднавіла серыю «Школьныя слоўнікі». Ужо пабачылі свет «Школьны слоўнік па гісторыі Беларусі. VІ—XІ класы», «Школьны арфаграфічны слоўнік рускай мовы», «Школьны слоўнік словазлучэнняў рускай мовы». Такія выданні рыхтуюцца па ўсіх прадметах. Працягваецца выпуск надзвычай папулярнай серыі Галіны і Сяргея Трафімавых «Расказы Дзеда Прыродаведа» пра фізічныя, прыродныя з'явы, жывёл, расліны. У яе межах ужо выйшла каля паўсотні кніг. Летась мы таксама распачалі выпуск яркай серыі выданняў для дзяцей «Бібліятэка Асвеціка». Аўтарамі дзіцячых кніг з'яўляюцца сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, Людміла Кебіч, Генадзь Аўласенка, Мікола Чарняўскі, Яна Явіч і іншыя творцы. На бягучы год запланавана падрыхтоўка прыгодніцка-пазнаваўчай серыі «Казкі для вундэркіндаў».

— Хто з'яўляецца партнёрамі выдавецтва?

Вікторыя Калістратава: У працэсе стварэння падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў выдавецтва актыўна працуе з найлепшымі навукоўцамі і педагогамі краіны. Увесь час трымаем сувязь з установамі адукацыі. Партнёрамі «Народнай асветы» з'яўляюцца Нацыянальны інстытут адукацыі, Мінскі гарадскі, абласны, а таксама Віцебскі і Брэсцкі абласныя інстытуты развіцця адукацыі, Белдзяржуніверсітэт, БДПУ імя Максіма Танка, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Інстытут сацыяльных адукацыйных тэхналогій, Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій і многія-многія іншыя.

Вікторыя Калістратава

— Вядома, што «Народная асвета» — адзінае ў нашай краіне выдавецтва, якое рыхтуе літаратуру шрыфтам Брайля.

Таццяна Бялінская: Так, важнае месца ў выдавецкай прадукцыі займае вучэбная літаратура для спецыяльных (карэкцыйных) устаноў адукацыі, адрасаваная дзецям з парушэннямі слыху, маўлення, інтэлекту і зроку. Рэдакцыя па выпуску выданняў шрыфтам Брайля была створана ў кастрычніку 1996 года, сёлета мы адзначым 20-годдзе яе працы. За паліграфічнае выкананне такіх кніг адказвала і сёння адказвае паліграфпрадпрыемства «Чырвоная зорка». Першыя кнігі для дзяцей з парушэннямі зроку і тых, хто кепска бачыць, пабачылі свет у 1997 годзе. А ў 2000-м выйшаў першы беларускі буквар, выдадзены шрыфтам Брайля на полістыроле, з ілюстрацыямі і схемамі. На кніжнай выстаўцы ў Маскве ён быў адзначаны як адно з самых арыгінальных выданняў. У 2001 годзе буквар быў удастоены спецдыплома на конкурсе «Мастацтва кнігі». А гонарам 2014 года можам назваць «Рэльефна-кропкавую грамату». За гады працы асвоены выпуск шрыфтам Брайля мастацкай літаратуры ў серыі «Школьная бібліятэка» і падручнікаў па ўсіх прадметах.

Таццяна Бялінская

— А якія планы рэдакцыі на будучыню?

Таццяна Бялінская: Плануем кнігі з ілюстрацыямі ў колеры, каб імі маглі карыстацца не толькі сляпыя, але і дзеці, якія кепска бачаць. Хацелася б асвоіць выпуск падручнікаў для прафесіянальна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі, а таксама падрыхтоўку ўпакоўкі і інструкцый да лекаў шрыфтам Брайля. І абавязкова — выдаць шрыфтам Брайля Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

— Сучасны падручнік для выдавецтва «Народная асвета» — гэта?

Вікторыя Калістратава: Сёння наша выдавецтва разглядае падручнік не як тавар і прадукт, а як вынік творчай работы вялікага калектыву спецыялістаў-прафесіяналаў, арыентаваных на стварэнне навейшых падручнікаў па ўсіх прадметах школьнай праграмы.

— Часта можна пачуць нараканні на тое, што беларускія падручнікі не такія прыгожыя, яркія і дэмакратычныя, якімі маглі б быць. Ці шмат тут залежыць ад выдавецтва?

Вікторыя Калістратава: Калі выдавецтва прыступае да выпуску падручніка, мы атрымліваем тэхнічнае заданне ад заказчыка — Нацыянальнага інстутыта адукацыі. Гэтае заданне грунтуецца на дзяржстандартах па афармленні падручнікаў і санітарна-эпідэміялагічных патрабаваннях да іх. Падручнік павінен мець пэўны фармат, друкавацца на пэўнай паперы, картон вокладкі мусіць адпавядаць стандартам, нават глянцавая плёнка вокладкі зацвярджаецца СанПіНам. Вось у такіх жорсткіх межах мы працуем. А ўжо па змесце падручніка мы цесна супрацоўнічаем з аўтарскімі калектывамі. Дарэчы, іх рукапісы таксама зацвярджае спецыяльная камісія.

Алена Ліцвіновіч: Але нельга сцвярджаць, што мы нічога не вырашаем. Ад нас залежыць рэдактура падручнікаў, тое, як яны будуць суадносіцца з іншымі кампанентамі вучэбнага комплексу — атласамі, картамі, метадычнымі дапаможнікамі для настаўнікаў і рабочымі сшыткамі для вучняў. Таму нават калі рыхтуем комплексы не цалкам, то стараемся звязвацца з іншымі выдавецтвамі і скаардыноўваць з імі сваю працу.

— Якія прыярытэтныя кірункі галіны для працы вы вылучылі для сябе ў 2016 годзе?

Вікторыя Калістратава: Будзе працягвацца работа над вучэбна-метадычнымі комплексамі па цэлым шэрагу прадметаў. Ёсць праекты і ў галіне электронных выданняў. «Народная асвета» прадоўжыць працу з рэгіёнамі — у пошуку новых аўтараў для стварэння вучэбна-метадычных комплексаў. Яшчэ адзін кірунак — прапанаваць свой удзел у выпуску картаграфічнай прадукцыі і атласаў, каб яны максімальна дапаўнялі падручнікі па геаграфіі, гісторыі. І, вядома ж, выпуск падручнікаў для агульнаадукацыйнай і спецыяльнай школы.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Падручнікі: учора і сёння

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.