Вы тут

Рагачоўскія мясціны Андрэя Макаёнка


Андрэй Макаёнак — адзін са знакамітых беларускіх драматургаў. Ён стварыў яскравых герояў свайго часу, якім даводзілася сутыкацца з выклікамі несправядліва ўладкаванага грамадства, спрабаваць застацца вернымі сабе, нягледзячы на ціск іншых. Майстар канфліктаў, барацьбы ўнутранага і знешняга, Макаёнак напісаў шматлікія творы, у якіх і сёння многія могуць убачыць паралелі з тым, што іх акружае... Напярэдадні свята беларускага пісьменства карэспандэнт «Звязды» завітала на малую радзіму творцы — родную яму Рагачоўшчыну.


Борхаў — згасае

Мясцін і людзей, якія захоўваюць памяткі пра пісьменніка, на шчасце, і сёння шмат.

Нарадзіўся Андрэй Макаёнак у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Яшчэ нядаўна там стаяў дом, у якім некалі жыла яго сям'я. Той дом захоўваўся і да нашага часу, але... Сёння ім валодаюць людзі, далёкія ад разумення важнасці творчай спадчыны Макаёнка. Гэты дом не бачыцца ўладальнікам пэўнай каштоўнасцю, яго паціху разбіраюць. Ужо не стала даху і часткі сцен.

Супрацоўнікі музея вайсковай славы горада Рагачова адзначаюць, што спрабавалі змяніць ход спраў. Аднак знайсці сродкі, неабходныя для правядзення адпаведных работ, ім не ўдалося.

На сённяшні дзень захаваўся толькі зруб хаты, частка крокваў. Унутры — старыя шуфлядкі, паперы, кнігі (да самога пісьменніка яны не маюць дачынення).

Вёска Борхаў вымірае — сёння ў ёй дажывае свой век апошні мужчына.

Андрэй Макаёнак жыў у гэтым доме да трохгадовага ўзросту, а затым яго сям'я пераехала ў суседнюю вёску Журавічы.

Дом каля возера

Што цікава, у Журавічах таксама захаваўся дом сям'і Макаёнка. І ён у абсалютна выдатным стане! Але і ім сёння валодаюць чужыя пісьменніку людзі. Старэйшыя дзеці з той сям'і ўжо пераехалі ў Мінск, там засталася толькі адна жыхарка.

Дом стаіць у досыць маляўнічым месцы — на беразе возера (а дакладней, копанкі, што на выпадак пажараў зрабілі калісьці мясцовыя жыхары). Адразу за возерам растуць дрэвы і пачынаецца дарога ў маляўнічы лес.

У свой час тут хацелі зрабіць дом-музей пісьменніка. Аднак вырашылі, што экспанатаў, якія б належалі Макаёнку асабіста, зусім мала, таму не будзе чым яго запоўніць. Вырашылі, што вычынка даражэйшая за аўчынку.

Паміж Ясеніным і Гогалем

Аднак у Журавічах памяць пра Макаёнка жывая і актыўна падтрымліваецца і сёння. Журавіцкая школа носіць імя Андрэя Макаёнка, яго імем названа адна з вуліц пасёлка. На цэнтральнай плошчы стаіць помнік выдатнаму драматургу.

Менавіта школа з'яўляецца тым месцам, дзе найбольш шануюць пісьменніка, дзе працуе яго музей. Акурат тут захоўваюцца многія асабістыя рэчы творцы. У экспазіцыі ёсць кіёк Макаёнка, з якім ён хадзіў на работу (падарылі студэнты аднаго з інстытутаў, у якім выкладаў). Можна ўбачыць першую друкавальную машынку, пісьменнік прывёз яе з фронту і пастаянна карыстаўся.

Макаёнак займаўся цікавым калекцыянаваннем. Ён любіў на палічках у кніжных шафах, захоўваць статуэткі пісьменнікаў. Таму тут прадстаўлены маленькія бюсты Ясеніна, Талстога, Гогаля з яго асабістай калекцыі.

Захоўваецца кніга з аўтографам драматурга, падпісаная брату Івану: «Прыязджай да мяне часцей, і мне будзе лягчэй». Таксама тут ёсць яго асабісты гадзіннік і пасведчанне на ўзнагароды — медаль «За адвагу».

Асабліва ганарацца ў музеі яго нататнікам, у якім змяшчаецца план п'есы, героі, некаторыя накіды да так і не напісанага твора.

Цікава ўбачыць шашкі і шахматы, у якія Андрэй Макаёнак калісьці падоўгу гуляў са сваім блізкім сябрам Іванам Шамякіным. Яны мелі лецішчы паблізу адзін ад аднаго, пад Мінскам, — і часам доўга заседжваліся за гульнёй.

На­тал­ля За­ма­рэ­е­ва шмат ведае пра выдатнага земляка.

На партыйных пасадах

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Журавіцкай школы імя Андрэя Макаёнка Наталля Замарэева музеем загадвае ўжо шмат гадоў — адразу з тых часоў, як размеркавалася сюды пасля педагагічнага ўніверсітэта. За гэты час яна асабіста сустракалася з роднымі братамі пісьменніка — Іванам і Леанідам (цяпер жыве ў Маладзечне). Таксама з яго пляменнікам, які працуе ў Рагачове ў вузле электрычнай сувязі. Бываў у музеі і малодшы сын пісьменніка Сяргей. Таму праўдзівых сведчанняў пра тое, як жыў драматург, назбіралася шмат.

«Макаёнак скончыў Журавіцкую школу. Пасля паступіў у вайсковае вучылішча, аднак неўзабаве сышоў адтуль, бо па натуры быў свабодалюбівым чалавекам. Зразумеў, што кар'ера ваеннага — не яго прызванне, — адзначае Наталля Замарэева. — Вярнуўся дадому і працаваў у Журавіцкім райкаме камсамола. Затым паступіў у партыйную школу, паехаў у Мінск і там распачаў літаратурную кар'еру. Пасля вайны два гады працаваў у Журавіцкай школе настаўнікам рускай мовы, а таксама пачатковай ваеннай падрыхтоўкі».

Пазней Макаёнак пачаў займаць досыць высокія службовыя пасады. Аднак такая работа давалася нялёгка: калі быў суддзёй у Журавіцкім раёне (раней вёска мела статус раённага цэнтра), яму было вельмі цяжка выносіць рашэнні па лёсах людзей. Сваю аддушыну знаходзіў у творчасці. «Працуючы на партыйных пасадах, творца шмат кантактаваў з людзьмі, некуды ездзіў. І ён выкарыстоўваў гэты вопыт для сваіх п'ес — як вельмі неабходны жыццёвы матэрыял. Макаёнку вельмі падабалася сустракацца, гутарыць. Яго натхненнем, мабыць, была любоў да людзей. Заўсёды лічыў, што ў яго творах галоўнае — гэта чалавек», — адзначае загадчыца музея.

Дзеці і тэатр

Варта адзначыць, што ў Журавічах захоўваюцца добрыя традыцыі, звязаныя з імем і асобай Андрэя Макаёнка. Ужо на працягу васьмі гадоў у школе праходзіць раённы фестываль дзіцячых тэатральных калектываў. У першы год на ім ставілі толькі п'есы Макаёнка. Пазней вырашылі прадстаўляць таксама творчасць Рагачоўшчыны, Гомельшчыны. А цяпер — ставяць творы драматургаў з усёй Беларусі.

Жыццё журавіцкіх школьнікаў непарыўна звязана са сцэнай. Тут адзначаюць, што, мусіць, само паветра прасякнута драматургіяй...

***

Сёлета, трэцяга верасня, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, акурат у Журавічах збяруцца майстры прыгожага слова з усёй Гомельшчыны. Далучацца да іх і замежныя госці. Пісьменніцкую імпрэзу тут будзе ладзіць Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама творцы з Расіі і Украіны. Мусіць, не выпадкова муза прывяла іх менавіта на зямлю Макаёнка?..

Думаецца, яшчэ адной добрай традыцыяй Дня беларускага пісьменства магло б стаць адкрыццё дома-музея творцы, што нарадзіўся на зямлі, якая прымае свята. Пакуль ёсць яшчэ прадметы, якія можна сабраць, і жывыя сведкі...

Драматург сябраваў з Іванам Шамякіным. Людзі, знаёмыя з імі, здзіўляліся, як два такія розныя, і па характары і па тэмпераментах, чалавекі могуць сябраваць?.. Аднак Макаёнак казаў: «Сябар — гэта не той, з кім можна пастаянна гаварыць. Сябар — гэта той, з кім можна памаўчаць».

Іван Шамякін у адным са сваіх успамінаў казаў: «Я сваім доўгам лічу кожны дзень напісаць хаця б некалькі радкоў. А вось Андрэй, наадварот, можа тыдзень сустракацца з людзьмі, размаўляць, а пасля сесці — і за тры ночы напісаць «Трыбунал».

Перад напісаннем твораў Макаёнак, натуральна, вывучаў сваіх герояў, шукаў прататыпаў, глядзеў, назіраў, абдумваў, а пасля садзіўся — і хутка пісаў. Так ствараліся многія яго п'есы.

Асабісты лёс

Захаваліся юнацкія ўспаміны Андрэя Макаёнка. У іх расказваецца, што ў Журавічах жыла жанчына, якая вельмі падабалася будучаму пісьменніку. Яны сустракаліся, аднак штосьці не заладзілася ў іх адносінах. Пазней Макаёнак пісаў Шамякіну: «Не склалася ў нас з ёй. Але я вельмі шкадую, што ў свой час усё-такі не настаяў».

У юнацтве Макаёнак быў вельмі шчадралюбным. Ён заўважаў прыгожых жанчын, бачыў іх адметнасць і прывабнасць...

У шлюбе з першай жонкай, Галінай, пражыў шмат гадоў, аднак пазней пайшоў ад яе да іншай жанчыны — Любові. Чаму так адбылося, ніхто не ведае, бо пісьменнік не любіў расказваць пра асабістае жыццё. Пасля гэтага ўчынку адносіны з першай сям'ёй, у тым ліку з дзецьмі, сапсаваліся.

«Я думаю, ён безумоўна быў шчаслівым у асабістым жыцці, — адзначае Наталля Замарэева. — Нешчаслівы чалавек не змог бы напісаць такіх твораў. Гумар павінен быць лёгкім, ісці знутры — а калі ў чалавека там суцэльнае гора і няўдачы, ці атрымалася б так? А тое, што асабістае жыццё было складаным... Я думаю, нават у самага шчаслівага чалавека, ці бывае яно лёгкім?..»

Ніна Шчарбачэвіч

Фота аўтара

Рагачоўскі раён

Загаловак у газеце: «Прыязджай... і мне будзе лягчэй»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.