Вы тут

Як ушаноўваюць памяць продкаў на Вілейшчыне


За сваю шматгадовую журналісцкую практыку я нідзе не сустракала столькі неабыякавых да свайго мінулага людзей, як на Вілейшчыне. Сапраўдных патрыётаў свайго краю, апантаных энтузіястаў, якія ахвяруюць вольным часам, каб раскапаць нейкі цікавы факт, ушанаваць памяць продкаў. І працуюць яны супольна з выканаўчай уладай, дэпутатамі мясцовага Савета.


Мемарыял «Памяці былых вёсак».

— Сапраўды, на Вілейшчыне праводзіцца значная работа па захаванні культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыны, — пагаджаецца са мной былы дырэктар краязнаўчага музея, а цяпер рэдактар раённай газеты «Шлях перамогі» Сяргей Ганчар. — І ў гэтым заслуга як самой адміністрацыі раёна, дэпутатаў райсавета, так і неабыякавых людзей, кагорта якіх у нас вельмі значная. Гэта і гісторыкі, і краязнаўцы, і этнографы, і навукоўцы, і супрацоўнікі музея... Такі саюз мясцовай улады і аматараў мінуўшчыны дае добры вынік. За апошні час знойдзена шмат цікавых фактаў, дакументаў, звязаных з гісторыяй Вілейшчыны. Дарэчы, тут варта адзначыць дзейнасць былога дырэктара раённых электрычных сетак, дэпутата Анатоля Рогача. На жаль, Анатоль Валянцінавіч ужо пайшоў з жыцця. Ён займаўся дзяржаўнай справай, але ўвесь свой вольны час прысвячаў гісторыі. Супольна з былым старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгенам Ігнатовічам і цяперашнім — Наталляй Радзевіч устаноўлена вялікая колькасць памятных знакаў у вёсках, аграгарадках, дзе нарадзіліся вядомыя навукоўцы, паэты, мастакі, скульптары.

За апошнія дзесяць гадоў такіх помнікаў у розных кутках Вілейшчыны з'явілася больш за трыццаць. Сумесная праца выліваецца і ў стварэнне грандыёзных аб'ектаў.

У 2009 годзе каля вёскі Снежкава адкрыты адзіны ў краіне ўнікальны мемарыяльны комплекс «Памяці былых вёсак». У свой час ён заваяваў на конкурсе «Пазнай Беларусь» другое месца як найлепшы турыстычны аб'ект краіны. Тут праводзіцца шмат экскурсій, сюды прыходзяць маладажоны, сюды заўсёды запрашаюць ганаровых гасцей. Мемарыял складаецца з 13 імянных валуноў, прысвечаных 13 сельсаветам Вілейшчыны. На кожным з іх — таблічка са спісам населеных пунктаў, якія зніклі з карты раёна па розных прычынах. Усяго іх 253. Адзін з камянёў у выглядзе паваленага звона сімвалізуе пяць вёсак, якія спасціг лёс Хатыні. У цэнтры змешчаны 25-тонны валун з заклікам спыніцца і падумаць аб сваіх каранях, радаводзе, месцах, дзе нарадзіліся.

— Адметна, што комплекс адкрыўся ў год, аб'яўлены ў Беларусі Годам навядзення парадку на зямлі. І пабудаваны ён быў энтузіястамі, неабыякавымі да сваёй спадчыны гараджанамі, за кошт сродкаў, заробленых на суботніках, без адзінага рубля з бюджэту, — згадвае былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч. — Нядаўна з'явіўся яшчэ адзін цікавы культурна-турыстычны аб'ект «Вільянін хутар». Ідэя яго стварэння належыць Таццяне Цітуленцы, дэпутату раённага Савета. Задуму падтрымалі мясцовыя ўлады, грамадская супольнасць. Грошы збіралі ўсёй талакой: жыхары раёна, арганізацыі, прадпрыемствы.

Па легендзе дзяўчына Вільяна была заручана з краўцом Сцяпанам, які ператварыўся ў камень. Яго каханая праліла столькі слёз, што на гэтым месцы ўзнікла крыніца, якая дала пачатак рацэ Віліі. Гэта ўлюбёнае месца адпачынку гараджан, тут гуляюць маці з малымі, ладзяцца шматлікія мерапрыемствы, а для мужчын ёсць магчымасць парыбачыць.

У савецкія часы практычна не гучала ніякіх упамінанняў аб Першай сусветнай вайне. Але за апошнія дзесяць гадоў, дзякуючы мастаку Барысу Цітовічу і яго паплечнікам і пры падтрымцы мясцовай улады ў раёне адноўлена некалькі дзясяткаў помнікаў, звязаных з той крывавай бойняй. Вернутая з небыцця вялікая колькасць прозвішчаў. Найбольш буйны музейна-мемарыяльны комплекс знаходзіцца ў вёсцы Заброддзе. Гэта, можна сказаць, жамчужына Вілейшчыны, востраў гістарычнай памяці. Тут адноўлены вялікі пагост часоў Першай сусветнай, у самой вёсцы пабудавана драўляная капліца, у прытворы якой знаходзіцца музейная экспазіцыя. Барыс Цітовіч, лаўрэат прэміі «За Духоўнае адраджэнне», уклаў у гэты аб'ект усе свае «прэміяльныя».

У цяперашні час у стадыі будаўніцтва знаходзіцца музейна-мемарыяльны аб'ект «Эшалон», звязаны таксама з эпізодамі Першай сусветнай вайны. Ужо ўсталявана вузкакалейка, на ёй стаяць тры вагоны: штабны, санітарны, салдацкі. У кожным з іх будуць размешчаны тэматычныя экспазіцыі. Мяркуецца, што першая будзе адкрыта налета. У далейшым іх плануецца болей.

Паводле ідэі Барыса Барысавіча, у Вілейцы паўстаў помнік-капліца ў гонар усіх, хто загінуў пры вызваленні горада ў 1915 годзе. Гэта быў цяжкі і крывавы бой. На Вілейскіх могілках пахавалі больш як 400 салдат. На жаль, з цягам часу магілы зраўняліся з зямлёй, а драўляныя крыжы струхнелі. За савецкім часам тут пачалі хаваць гараджан. Таму аднавіць магілы цяпер немагчыма. Але пры ўваходзе на пагост пабудавана капліца-брама, дзе высечаны імёны загінулых.

— З гэтымі могілкамі звязана цікавая гісторыя... У тыя часы будучы Патрыярх Ціхан блаславіў тут узвядзенне капліцы ў гонар воінаў. Вядомы спісы тых, хто ахвяраваў на гэта сродкі. Але прыйшоў 1917 год і задума не была даведзена да лагічнага завяршэння. І толькі ў 2015-м, праз сто гадоў, змаглі скончыць справу, што пачыналі продкі, — кажа Сяргей Ганчар.

На Вілейшчыне стартаваў і яшчэ адзін цікавы праект — аднаўленне панскіх, шляхецкіх сядзіб славутых радоў, людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё не толькі Вілейшчыны, але і Беларусі, замежжа.

— Здавалася б, захавалася няшмат дакументаў пра канкрэтную сядзібу і яе гаспадароў. Але калі пачынаеш корпацца, унікаць у тэму... На месцах многае расказваюць жыхары, прыносяць дакументы, фотаздымкі, якія былі раней невядомыя шырокай грамадскасці, захоўваліся ў сямейных архівах. На Вілейшчыне налічваецца толькі шаснаццаць буйных маёнткаў, без уліку меншых.

Адзін з іх, каля вёскі Стайкі, ужо аднаўляецца за кошт інвестара, якога знайшлі мясцовыя ўлады. Гэта сядзіба другой паловы XVІІІ стагоддзя Тадэвуша Багдановіча. З усяго комплексу ўцалелі толькі сцены бровара. Паводле праекта на базе бровара пасля рэканструкцыі будзе створаны комплекс для арганізацыі выставак, канцэртаў, ажыццяўлення турыстычнай дзейнасці. У планах — аднаўленне самога сядзібнага дома па тагачасных фотаздымках.

Яшчэ адзін праект, ініцыяваны старшынёй райсавета Наталляй Радзевіч, — усталяванне памятнага знака да Дня Перамогі на месцы расстрэлу яўрэяў на Лысай гары, якое раней не было вядома. Але з дапамогай сведак яго ўдалося адшукаць. Дзякуючы старшыні райсавета ў Вілейцы раз на два гады праводзіцца фестываль краязнаўчага кіно «Гэта мой край». У ім удзельнічаюць не толькі школы, гурткі з горада і раёна, але і аматары кіно з усёй Беларусі. Галоўная ўмова — карціны павінны мець краязнаўчы характар. Сёлета другі раз на Вілейшчыне пройдзе рыцарскі фестываль. Летась, напрыклад, ён сабраў каля пяці тысяч чалавек з усіх куткоў Беларусі. Мерапрыемства прапанавалі раённай адміністрацыі ўдзельнікі мясцовага клуба рэканструкцыі даўніны.

Як паказвае практыка, аднаўляць сваё мінулае трэба талакой. І калі ёсць ўзаемаразуменне сярод улад, дэпутатаў, энтузіястаў і проста неабыякавых гараджан, то ўсе задумы па плячы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Востраў нашай памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.