Вы тут

Чаго не хапае вясковай культуры?


Член Савета Рэспублікі Мікалай Алданаў пра духоўнае адраджэнне малых населеных пунктаў.

Мікалай Міхайлавіч вядомая ў культурным асяродку асоба, ён — кіраўнік Магілёўскага філіяла (адзінага ў рэспубліцы!) Акадэміі музыкі, дырыжор аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова, пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. А з мінулага года яшчэ і сенатар, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Грамадскай справай захоплены не менш, чым музыкай. Са сваімі выбаршчыкамі заўсёды на прамой сувязі. Праз акаўнт у «Жывым Журнале» (ЖЖ) рэгулярна дае справаздачы і пра сваю творчасць, і пра дэпутацкія справы. Вельмі актыўна супрацоўнічае з сельскай інтэлігенцыяй. І нават паспеў знайсці аднадумцаў сярод тых, хто ўжо сёння дапамагае адраджаць жыццё на вёсцы.


Стаўка на інтэлігенцыю

Узяць, напрыклад, аграгарадок Аўсянка Горацкага раёна. Тутэйшая стараста Людміла Бандарэнка — інтэлігентка, прычым гарадскога паходжання. Усё жыццё працавала ў школе, нават была дырэктарам. Цяпер на пенсіі, але творчы запал не згубіла. На паўстаўкі працуе настаўніцай у мясцовай школе, а астатні час прысвячае грамадскім справам. У якасці старасты заахвочвае людзей на розныя сумесныя акцыі. Пра перавагі сельскага жыцця можа гадзінамі расказваць. Апошнія тры гады рэйтынг гэтага населенага пункта сярод моладзі толькі расце. Жыхароў тут менш за тысячу, але ўмовы набліжаныя да гарадскіх. Школа з басейнам і сучасным спартыўным комплексам, стадыён, дзе летам адбываецца шмат цікавых мерапрыемстваў. У Доме культуры працуюць гурткі па інтарэсах, тут жа — школа мастацтваў, музей. Пашыць модны касцюм або зрабіць прычоску можна ў Доме быту. А выбар прамысловых і прадуктовых тавараў у мясцовых крамах не горшы, чым у гарадскіх. Ёсць нават кавярня, якую адкрыў мясцовы прадпрымальнік. Умовы добрыя. Чаму не жыць?

Людміла Бандарэнка лічыць, што замацаванне моладзі на сяле адбываецца ў тым ліку і дзякуючы правільнай палітыцы мясцовага кіраўніцтва. Для маладых і перспектыўных тут заўсёды знойдзецца жыллё і гарантаваны сацыяльны пакет.

Дапамога, ільготы, пашана — усё гэта добра спрацоўвае, калі ёсць патрэба ў спецыялістах.

А перавагі вёскі перад горадам відавочныя, лічыць стараста. Экалогія, прырода, добрая магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць ідэі — што яшчэ чалавеку патрэбна? Ды і бізнес у вёсцы весці лягчэй. «Галоўнае — навічка на гэтым этапе падтрымаць, не расчараваць, — кажа стараста. — У 70-я гады ў Аўсянцы быў кіраўнік гаспадаркі, які даражыў кожным спецыялістам, выкарыстоўваў любыя метады, каб толькі чалавека зацікавіць. І гэта сябе апраўдвала».

Ідэя Мікалая Алданава — рабіць стаўку на сельскую інтэлігенцыю — Людміле Бандарэнцы адразу ж спадабалася. Тутэйшыя, запэўнівае яна, з задавальненнем падтрымаюць гэты праект. Ініцыятыўныя людзі знойдуцца і ў суседніх населеных пунктах. «Горы, Сава, Маслакі, Леніна — сельскае жыццё там таксама б'е крыніцай», — кажа яна.

Вопыт расійскіх дэпутатаў

На адраджэнне вёскі праз сельскую інтэлігенцыю Мікалая Алданава натхніў яго расійскі сябар, кіраўнік Дабрачыннага фонду адраджэння культуры і традыцый малых гарадоў Расіі народны артыст Уладзімір Маторын. Сёлета аркестр народных інструментаў імя Іванова на чале з Мікалаем Алданавым акампаніраваў знакамітаму басу Расіі на сцэне Крамлёўскага палаца з'ездаў. Дабрачынны канцэрт з цыкла «Шэдэўры рускай музыкі — малым гарадам і сёлам Русі» праходзіў у рамках фестывалю «Сафія-2017», які патрануе старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка.

— Напярэдадні канцэрта ў Савеце Федэрацыі адбылася сустрэча з сельскай інтэлігенцыяй. А гэта больш за 3 тысячы прадстаўнікоў малых населеных пунктаў са 150 абласцей Расіі, — расказвае дэпутат. — У іх была магчымасць агучыць свае праблемы ў прысутнасці Валянціны Мацвіенкі, міністраў культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы, спорту і турызму. Размова ішла пра тое, чым сёння жыве вёска, што перашкаджае яе развіццю, якія формы працы ўжо аджылі сваё і што трэба мяняць. Тэма вельмі актуальная і для нас. Я збіраюся агучыць яе на ўзроўні нашага Савета Рэспублікі. Папярэдняя размова ўжо ішла ў Міністэрстве культуры. Можна арганізаваць выязное пасяджэнне круглага стала з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў. Трэба прааналізаваць, што ў нас ёсць, і вырашыць, у якім кірунку развівацца.

Мікалай Алданаў са сваім аркестрам.

Галоўнае — матывацыя

Мікалай Алданаў успамінае, як шмат прыхільнікаў збірае душэўны Фестываль звону ў невялікім па колькасці жыхароў Хоцімску Магілёўскай вобласці. Аркестр — нязменны ўдзельнік гэтага фестывалю, тут яго любяць і чакаюць. Фестываль падтрымлівае вельмі паважаны ў Хоцімску чалавек, настаяцель Свята-Траецкага сабора Кірыл Бадзіч. Што перашкаджае іншым стварыць сваё свята? Няўжо няма зацікаўленых у захаванні сваёй малой радзімы людзей?

— Калі кіраўнік нейкай вёскі або гаспадаркі пажадае, каб яго жыхары або работнікі далучыліся да мастацтва, я з задавальненнем прыму запрашэнне, — кажа Мікалай Міхайлавіч. — Восенню планую правесці мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў ад раёнаў, дзе можна было б абмеркаваць праблемы і даць канцэрт. Уладзімір Маторын таксама гатовы мяне ў гэтым падтрымаць. Наша сяброўства, дарэчы, пачалося са свята ў Александрыі ў Шклоўскім раёне, дзе мы разам выступалі на Купаллі. З тых часоў наш аркестр часта акампануе расійскай зорцы на культурных мерапрыемствах то ў Беларусі, то ў Расіі. Напрыклад, гэта было на Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў Магілёве.

— Ідэя з адраджэннем вёскі вельмі добрая і патрэбная, але ж як вы збіраецеся рэалізаваць свой праект? — пацікавіліся мы ў маэстра.

— Я абсалютны рэаліст, сам вырас у вёсцы. Калісьці яна таксама была моцная, а зараз апынулася сярод неперспектыўных. Але значная частка беларусаў і сёння працягвае жыць на вёсцы. І стварэнне для іх камфортных умоў — адна з прыярытэтных дзяржаўных задач. Па сваім вопыце ведаю, якое значэнне мае матывацыя. Вельмі важна паказаць чалавеку станоўчыя прыклады.

Сёння ёсць малыя населеныя пункты, адкуль людзі нізашто не паедуць у горад. Трэба паказваць гэты вопыт і абагульняць. Тыя ж дыскатэкі, якія калісьці былі актуальныя, цяпер не прадстаўляюць цікавасці. Абрады, традыцыі, рэлігія — вось на што цяпер робіцца акцэнт.

Трэба сабраць прадстаўнікоў сельскай інтэлігенцыі з усёй рэспублікі і паказаць ім прыклады самага лепшага, што ёсць у Беларусі.

— А як можа паўплываць інтэлігенцыя на тых, каго больш цікавіць, дзе б выпіць ды што скрасці?

— Працэс перавыхавання не імгненны, нават доўгі. Справа гэта няпростая — каб змяніць свядомасць, патрэбны час. Мы павінны ствараць умовы. Вось чаму цяпер у горадзе практычна не сустрэнеш брудных машын? Людзям сорамна. Вуліца чыстая, і ты адчуваеш няёмкасць. Таксама і на вёсцы. Калі каля дома суседа чысціня і парадак, чалавек стварае і ў сябе прыгажосць, каб не быць горшым. Усё, паўтаруся, залежыць ад ініцыятыўных людзей. Трэба аб'яднаць, запаліць, накіраваць і падтрымаць. Дзяржава таксама не павінна аставацца ў баку. Інакш людзі проста не будуць заставацца. Узяць тую ж Аўсянку. Там сапраўды ёсць усё — Дом быту, розныя крамы, клуб, жыллё для маладых спецыялістаў... Вось у мяне ёсць кватэра ў горадзе, але я сябе больш камфортна адчуваю на дачы, што за 13 кіламетраў ад Магілёва. Я нешта там раблю, майструю, жонка займаецца зямлёй, і мы абодва шчаслівыя. Але я вяртаюся ў горад, таму што тут працую. А калі б асноўная работа ў мяне была там, а разам з ёй жыллё, інфраструктура, я і не думаў бы вяртацца. Мы павінны стварыць на сяле такія ўмовы, каб самім захацелася там застацца.

Я быў бы рады пачуць ад жыхароў краіны, што яны думаюць з гэтай нагоды. Што нам перашкаджае адрадзіць культурнае жыццё ў невялікіх населеных пунктах? Мы можам працягнуць размову на старонках «Жывога Журнала» (http://n-aldanov.lіvejournal.com). Абяцаю, што слушныя прапановы будуць агучаны ў парламенце.

— А выпускнікі Акадэміі музыкі часта застаюцца на сяле?

— Яны размяркоўваюцца па дзяржзапытах. Але, каб гэты спецыяліст прыжыўся, трэба спачатку забяспечыць яго жыллём, годнай зарплатай. Ён павінен зарабляць больш, чым у горадзе. Калі чалавеку далі жыллё, ён пачынае думаць пра стварэнне сям'і. Стварыў сям'ю, значыць пусціў карані. А калі ў яго цікавасці няма, то ён толькі і думае пра тое, куды б збегчы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.