Вы тут

З пяром і кнігай


Прысвячэнні смеламу мастаку і сучаснаму натхняльніку

Ён быў мастак… Нават мастак-эксперыментатар: кніжная графіка Беларусі абавязаная Скарыну як самім сваім з’яўленнем, так і небывалай дагэтуль творчай смеласцю: святыя кнігі, паходжаннем якіх людзі былі абавязаны Богу, ён упрыгожыў… сваёй выявай. Тым самым падкрэсліў значнасць асобы аўтара, які ўпершыню нешта стварае, узняў само разуменне творчасці, адкрыўшы шлях быць сабой, — у выказваннях праз словы і выявы. Можа, таму звяртацца да вобраза Скарыны так любяць беларускія сучасныя мастакі?

У трэндзе

Сёлета Беларускі саюз мастакоў рыхтуе краіне ў падарунак мастацкі праект «Скарыніяна» — чакаць яго варта бліжэй да лістапада. Арганізатары абяцаюць здзівіць гледача як ідэяй, так і яе рэалізацыяй.

— Мы прывязаны да слова. Аднак выстаўка не стане прамым адказам на пытанне гісторыі, тут хутчэй будзе сінтэз: аўтары паспрабуюць раскрыць слова, вобраз Скарыны з пункту гледжання актуальнасці, сучаснасці і развіцця, — расказвае намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па творчых пытаннях Леанід Хобатаў. — Аўтары выкажуць свае адносіны да літары і нават лічбы. І абавязкова прадэманструюць вобраз літаратуры ў цэлым. Мы хоць і гаворым пра гістарычныя факты, але праз іх асэнсаванне імкнёмся рухацца наперад, чакаем прагрэсу. Здаецца, што ў гэтую тэму прыўнесці нешта новае немагчыма, яна ўжо насычана рознымі меркаваннямі, фактамі, нават легендамі. Але сімвалы — заўсёды вечныя і могуць абрастаць новым зместам і формай. Тым больш калі тэму слова раскрываюць мастакі, гэта заўсёды цікава, арыгінальна, незвычайна. Аўтары не пішуць літарамі, а выказваюцца праз колер, стыль, сімволіку.

Практыка сведчыць, што падобныя выставачныя праекты ў Беларусі маюць поспех. Развіццё і папулярызацыя культуры сумесна з асвятленнем гістарычнага кантэксту — сучасны трэнд. Мастакі часта акцэнтуюць увагу на творчасці знакамітых дзеячаў, тым самым прыцягваюць увагу шырокай публікі. Бывае так, што імя чалавека становіцца проста назвай, сімвалам, а выстаўка метафарычна падкрэслівае не столькі вобраз асобы, колькі падзеі, звязаныя з яго жыццёвым шляхам. Так, імя Францыска Скарыны сёння гучыць паўсюль, і гэта дасягненне: прайшло столькі гадоў, але яго біяграфія цікавая сучаснікам.

І мастакам: выдатныя асобы нейкім дзіўным чынам абуджаюць энергію, натхняюць. Напрыклад, мастачка Аксана Аракчэева неаднаразова звярталася да імя Францыска Скарыны, калі займалася арганізацыяй выставак беларускіх аўтараў у самым цэнтры Прагі.

— З’яўляюся куратарам чэшскай галерэі «Karas», якая пачынала сваю дзейнасць у Мінску. Цяпер мы рыхтуем у Празе дзявятую выстаўку. Лічу, мы былі першымі, хто прысвяціў свой праект святкаванню 500-годдзя кнігадрукавання. Выстаўка «Шляхам Скарыны ды Прагі» прайшла ў канцы 2016 года. Назва паказалася мне актуальнай, таму што нашы беларускія мастакі прыйшлі ў Прагу, як калісьці гэта зрабіў Францыск Скарына. Тады свае работы выстаўлялі чатыры мастакі з чатырох дынастый: Аракчэевых, Масленнікавых, Бархатковых і фотадынастыі Бацюковых. Выстаўка ладзілася ў Страгаўскім манастыры, недалёка ад месца, дзе надрукаваў Біблію на беларускай мове Францыск Скарына.

З крыламі

Мастакі і скульптары неаднойчы (і незалежна ад круглых дат) прадстаўлялі творы, звязаныя з жыццём, дзейнасцю першадрукара: звярталіся да разнастайных стылістык і канцэпцый. Самы, бадай, вядомы вобраз Скарыны стварыў скульптар Алесь Дранец. Ідэя ўвекавечыць першадрукара ў бронзе рэалізоўвалася больш за пятнаццаць гадоў. Конкурс па стварэнні помніка быў абвешчаны ў 1989 годзе, прайшоў у 1990 — 1991 гадах. У выніку мы атрымалі скульптуру ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Алесь Дранец прадставіў першадрукара маладым і шчырым. Выйграць конкурс аказалася няпроста: было шмат прэтэндэнтаў. Пасля перамогі ў конкурсе на скульптара пасыпалася шмат крытыкі, але мастак упэўнены, што да рэалізацыі задумы падрыхтаваўся добра:

— Я быў тады самым маладым канкурсантам, але мне пашчасціла выйграць заказ на стварэнне помніка ў сталіцы Беларусі і памятнай дошкі ў Празе, якая цяпер усталявана на Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі, — расказвае Алесь Дранец. — Лёс у маёй першай сур’ёзнай працы выдаўся нялёгкі: прайшло шмат гадоў з дня заканчэння конкурсу да ўсталявання ў жніўні 2005 года бронзавага помніка каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. Праўда, гэтая акалічнасць дазволіла спакойна папрацаваць над увасабленнем ідэй. Цяпер часта спрачаюцца: ці падобны мой Скарына да правобраза? Пагадзіцеся, пра падабенства можна казаць толькі ў выпадку, калі ты ведаў чалавека асабіста, захаваліся нейкія яго візуальныя дадзеныя. Я ж паказаў легенду як сімвал роднай Беларусі. У яго час насілі мантыі, таму абраў менавіта гэтую вопратку. Больш за тое, я расправіў яе за спінай Скарыны, каб яна нагадвала два крылы. Каб нас ахоўваў крылаты геній. Кажуць, што Францыск нарадзіўся пры сонечным зацьменні, таму ў яго кнігах ёсць гравюры з выявай сонца і месяца. Я ўскінуў рукі першадрукара так, каб яны ва ўяўленні ўтварылі месяц, а яго аблічча і цела — сонца. У такіх знаках пастараўся сабраць усю архітэктоніку помніка, а потым ужо думаў пра падабенства з арыгіналам.

Разам з Алесем Дранцом у конкурсе ўдзельнічаў знакаміты беларускі скульптар Эдуард Астаф’еў, які таксама быў адным з асноўных прэтэндэнтаў на перамогу. Скульптар прапанаваў работу, канцэпцыя якой была ў тым, каб паказаць Францыска Скарыну разам з маленькім хлопчыкам, які трымае ў руцэ кнігу і быццам бы перадае яе народу. Аўтар хацеў адлюстраваць блаславенне, прадэманстраваць кнігу як сімвал аб’яднання. Ідэю не прынялі, але ж скульптар распрацаваў новы праект — яго скульптура ўпрыгожвае цэнтр Прагі.

Праз флэшмоб і стрыт-арт

— Помнік Алеся Дранца ў Мінску і мой помнік у Празе былі прысвечаныя 500-годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны, — адзначае Эдуард Астаф’еў. — Перад тым, як мы наогул пачыналі рыхтавацца да конкурсу, група беларускіх скульптараў выправілася ў маленькае падарожжа па скарынаўскіх мясцінах. У гэтай вандроўцы ў нас сфарміраваўся канчатковы вобраз знакамітага беларускага дзеяча. Кожны з нас ведаў, якім чынам хоча адлюстраваць вялікую гісторыю ў адным чалавеку. Пасля таго, як я даведаўся, што мой помнік будзе стаяць у Празе, успрыняў гэта з гонарам. Мы з архітэктарам вылепілі постаць, яна невялікая для той мясцовасці — два метры трыццаць сантыметраў. Зрабіў працу я досыць хутка, але з-за развалу Савецкага Саюза тэрмін усталявання быў зацягнуты і помнік прастаяў у нас на скульптурным камбінаце каля пяці гадоў… Але ў кастрычніку 1996 года яго ўсё-такі прывезлі ў Прагу. Там Францыск Скарына прадстаўлены з пяром і кнігай. Гэта азначае, што ён трансфармаваў пісьмовую культуру ад пяра да друкаванага слова. Я пастараўся пабудаваць лініі яго постаці па самым вядомым графічным партрэце, вывучыў па кнігах вопратку, даведаўся, як павінен быў выглядаць яго галаўны ўбор, правёў вялікую даследчую працу. У Празе з маім помнікам было шмат смешных сітуацый. Напрыклад, некалькі разоў скрадалі з рукі першадрукара пяро. Гістарычную мадэль помніка я зрабіў крыху пазней, і сёння яна экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Як адзначае старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, усталяванне помніка беларускага скульптара ў Празе — падзея гістарычная. Імя Эдуарда Астаф’ева гучыць на зямлі, дзе была надрукавана Біблія, і гучыць таму, што праслаўляе першадрукара. Своеасаблівы колазварот, дзе кожны займае сваё месца. З моманту ўсталявання помніка беларускія мастакі, якія прыязджаюць у Прагу, абавязкова робяць фотаздымак з помнікам, дзе быццам бы вітаюцца за руку з Францыскам Скарынам, а пасля робяць копію фота на ўспамін аўтару скульптуры. Эдуард Астаф’еў жартуе: гэта ўжо не проста традыцыя, а флэшмоб з працягам у дваццаць год.

Асоба Францыска Скарыны карыстаецца вялікай папулярнасцю ў творцаў, якія займаюцца стрыт-артам. Так, мінскі малады мастак Дзмітрый Dream цягам некалькіх год распаўсюджвае нацыянальную культуру з дапамогай трафарэтаў: малюе на сценах розных будынкаў партрэты вядомых беларусаў. Францыска Скарыну маляваў не раз. Мастак кажа, што ў век сучасных тэхналогій падручнікі не заўсёды могуць прыцягнуць падлетка, а вось форма падачы праз графіці працуе: дзяцей ды і дарослых прываблівае выява чалавека, спачатку яны фатаграфуюцца з ёй, а пасля пачынаюць шукаць інфармацыю на інтэрнэт-рэсурсах. І сутнасць не ў тым, што пра Скарыну шмат што вядома з дзяцінства, але ж самое з’яўленне на шэрым будынку выявы першадрукара — адметны факт, які сведчыць пра папулярнасць асобы і падкрэслівае актуальнасць справы асветніка ў наш час.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.