Вы тут

Памяць Дальвы: трагедыя вайны не павінна паўтарыцца ніколі


У суботу, 17 чэрвеня, у мемарыяльным комплексе «Дальва» Лагойскага раёна Мінскай вобласці пройдзе мітынг-рэквіем і жалобнае богаслужэнне ў памяць пра загінулых жыхароў вёскі Дальва.


Фота: incopolis.livejournal.com

19 чэрвеня 1944 года фашысты знішчылі вёску Дальва, зажыва спалілі 44 яе жыхароў: 29 дзяцей, 13 жанчын, двух мужчын. Гэта была апошняя з 628 беларускіх «вогненных вёсак» Вялікай Айчыннай вайны, якія паўтарылі трагічны лёс Хатыні. Дальва загінула, калі да вызвалення заставаліся лічаныя дні...

Пасля вайны на месцы спаленай вёскі жыццё не адрадзілася. Але Дальва засталася — як вёска-помнік. У 1973 годзе быў адкрыты мемарыял «Дальва». Знішчаная вёска пачала сваё другое жыццё. Тут устаноўлены камень з тэкстам — нібыта спаленыя акупантамі людзі просяць у нашчадкаў прабачэння, што не могуць гасцінна сустрэць у вёсцы:

Спаліў нас вораг чэрвеньскай парою —

Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей.

Даруйце, людзі добрыя, за тое,

Што вас не сустракаем як гасцей.

Узводзіўся мемарыял у Дальве фактычна на грамадскіх пачатках. Ініцыятарам і «рухавіком» гэтай справы быў Мікалай Пятровіч Гірыловіч. Ён, падлетак, адзін цудам застаўся жыць. І жыццё сваё ўспрымаў як місію — захаваць памяць пра аднавяскоўцаў. У гэтай святой справе дапамагалі калегі з Белтэлерадыёкампаніі, яны прымалі самы актыўны ўдзел ва ўзвядзенні помніка і яго далейшым добраўпарадкаванні.

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь на працягу вось ужо амаль пяці дзесяцігоддзяў шэфствуе над мемарыялам у Дальве.

Дырэктар ДМК «Хатынь» Артур Зельскі адзначыў:

— Дальву называюць сястрой Хатыні — і цяпер мемарыяльны комплекс «Дальва» з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Штогод у чэрвені ў Дальве праводзяцца Акцыі Памяці, якія з 1995 года традыцыйна пачынаюцца з памінальнага богаслужэння святарамі Мінскага кафедральнага сабора. Мне здаецца, гэта вельмі важна — каб памяць вайны не перапынялася, перадавалася наступным пакаленням. Досыць красамоўная, на мой погляд, лічба: у 2016 годзе Хатынь наведала больш за 200 тысяч чалавек. Кожны, хто бывае ў загінулых вёсках-помніках, яшчэ лепш усведамляе, што трагедыя вайны не павінна паўтарыцца ніколі.

Таццяна ВІЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.