Вы тут

Камандзір роты ганаровай варты — пра мару стаць вайскоўцам


А таксама пра кастынг у адно з элітных падраздзяленняў беларускай арміі і нацыянальную «кветку» пляц-канцэрта.

На яго раўняецца больш чым сотня чалавек, за дзеяннем якіх назіраюць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, а часам — уся краіна. Замежныя госці захапляюцца выпраўкай гэтых салдат, а дзяўчаты не былі б супраць бачыць сярод іх сваіх жаніхоў. У роце ганаровай варты марыць служыць ледзь не кожны юнак. І не дзіва: гэтыя прыгожыя як на падбор хлопцы заўсёды ў цэнтры найважнейшых дзяржаўных падзей — не выпадкова эліта Узброеных Сіл!


Кіраваць «візітнай карткай» краіны, як яшчэ называюць роту, надзвычай адказна. Зрабіць так, каб страявым майстэрствам салдат захапляліся не толькі беларусы, а іншаземцы пераймалі вопыт — задача не з простых. Але ўжо на працягу пяці гадоў камандзір падраздзялення з ёй выдатна спраўляецца.

Як яму гэта ўдаецца, карэспандэнты «Звязды» даведаліся з першых вуснаў. Пакуль ваеннаслужачыя роты ганаровай варты адточвалі складаныя тэхнічныя элементы, Павел Шпарла расказаў пра мару стаць афіцэрам, тонкасці «службы ў белых пальчатках» і нават прадэманстраваў некалькі ўнікальных трукаў, якія па сілах толькі салістам-віртуозам.

Не здрадзіў мары

Насіць пагоны Павел марыў з самага дзяцінства. Вайскоўцаў у сям'і ніколі не было. Калі не лічыць прадзеда Міхаіла Казадоя, які браў Берлін, змагаўся з Квантунскай арміяй на Далёкім Усходзе.

Усур'ёз задумаўся над будучай прафесіяй, калі бавіў час са сваім суседам, курсантам Ленінградскага мараходнага вучылішча. Апошні прыязджаў да сваёй бабулі ў Пружаны і настолькі заразіў Паўла морам, што той вырашыў таксама там вучыцца. Але акурат у той год набор для беларускіх грамадзян адмянілі. Хлопец, вядома, засмуціўся, але мары не здрадзіў: сабраў дакументы — і паехаў у Мінск, у Ваенную акадэмію. І паступіў!

— У 16 гадоў пакінуць бацькоўскі дом і з'ехаць у вялікі горад, дзе ў цябе няма знаёмых, было не страшна, — прызнаецца Павел Шпарла. — У Пружанах я рос у прыватным сектары, таму мы, дзеці, ніколі не былі прывязаны да бацькоў: увесь вольны час праводзілі вялікай кампаніяй на вуліцы. Многія хлопцы, якія вучыліся ў акадэміі, таксама нарадзіліся ў невялікіх гарадах, таму мы вельмі хутка знайшлі агульную мову.

Цікава, што Паўлаў выбар паўплываў на прафесію яго старэйшага брата. Дагэтуль той насіць пагоны не планаваў, але, скончыўшы Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі), пайшоў служыць у армію па кантракце. Зараз ён камандзір батарэі, маёр — як і малодшы брат.

— Бацькі, напэўна, ганарацца сваімі сынамі? — пытаюся, прадчуваючы адказ.

— Асабліва мама: яна заўсёды хацела, каб мы сталі вайскоўцамі, — кажа Павел. — Як і любой жанчыне, ёй падабаецца вайсковая форма. Акрамя таго, мама захапляецца літаратурай і фільмамі на ваенную тэматыку. Адным словам, яе мара збылася!

Па­рад­ную фор­му пе­рад важ­ны­мі вы­ступ­лен­ня­мі вай­скоў­цы рых­ту­юць са­мі. Не вы­клю­чэн­не — і ка­ман­дзір.

Хочаш у роту — прайдзі кастынг

Паколькі Паўлаў сябар (той, які вучыўся ў мараходцы) быў карабельным артылерыстам, прафесію «багоў вайны» выбраў і ён. Толькі ў артылерыйскіх войсках не праслужыў ні дня. Лёс вырашыў інакш.

— Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі мяне запрасілі ў роту ганаровай варты, — расказвае камандзір. — Падчас вучобы тры парады я адхадзіў правафланговым першай шарэнгі, бачыў выступленні роты ганаровай варты. Таму, калі яе прадстаўнікі прыехалі ў акадэмію для адбору кандыдатаў, у мяне нават не было сумнення — я хацеў там служыць.

Але аднаго жадання, каб трапіць у эліту Узброеных Сіл, недастаткова. Прайсці кастынг па сілах не кожнаму. Мала мець рост ад 185 да 192 сантыметраў і прывабную знешнасць без шрамаў і татуіровак на бачных месцах. Ваеннаслужачы роты ганаровай варты павінен быць фізічна падрыхтаваным, дасканала валодаць страявой падрыхтоўкай. Акрамя таго, ні адзінага правапарушэння! Нават неаплачаны калісьці праезд у гарадскім транспарце можа назаўжды перакрэсліць кар'еру.

Адзін з усяго курса Павел трапіў у роту. Па першым часе камандаваў узводам, апошнія пяць гадоў узначальвае воінскае падраздзяленне. Сёння ён сам праводзіць кастынгі і прызнаецца, што патрэбную кандыдатуру не так проста знайсці.

— Але гэта не значыць, што мала ахвотных, — удакладняе камандзір. — Адносна нядаўна кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, згодна з якім ваеннаслужачыя роты ганаровай варты пасля заканчэння службы маюць права па-за конкурсам паступаць як у сярэднія спецыяльныя, так і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Гэты факт, безумоўна, паўплываў на тое, што многія прызыўнікі хочуць служыць у нас.

Вір­ту­оз­на ва­ло­даць ка­ра­бі­нам і шаш­кай ка­ман­дзір ро­ты га­на­ро­вай вар­ты ву­чыць на ўлас­ным пры­кла­дзе.

Камандзір — і таварыш, і бацька

Як і любому прызванаму салдату, Паўлу прыйшлося з нуля асвойваць прыёмы з карабінам і шашкамі. У Ваеннай акадэміі іх рыхтавалі дзеля таго, каб яны вучылі салдат, а тут выйшла наадварот. Але камандзір упэўнены: толькі пабываўшы на месцы звычайнага вайскоўца роты, ён адчуў, на што здольны салдат гэтага ўнікальнага падраздзялення. Павел і цяпер прытрымліваецца такога прынцыпу — у страі быць такім жа, як і ўсе. Як толькі выступленне ці заняткі заканчваюцца, ён для іх зноў камандзір.

Павел не нашмат сталейшы за сваіх падначаленых. Калі прыйшоў сюды лейтэнантам, большасць вайскоўцаў роты ўвогуле былі старэйшыя за яго. Праўда, падыход знайшоў адразу.

— Неабавязкова начальнік павінен пасябраваць са сваімі падначаленымі, — лічыць маёр. — Ён павінен паставіць жыццё ў падраздзяленні такім чынам, каб слова камандзіра было законам для салдат. У той жа час вайскоўцы павінны быць упэўнены, што гэтае слова іх ніколі не пакрыўдзіць, што яны абароненыя, што камандзір пра іх клапоціцца.

Часам здзіўляешся вытрымцы ваеннаслужачых роты ганаровай варты. Па некалькі гадзін — няважна, спякотна ці на дварэ
30-градусны мароз — яны нерухома стаяць у каравуле. Як перакананы Павел, сакрэт у рэгулярных трэніроўках. А калі ёсць неабходнасць (перад тым жа парадам), то адточваюць сваё майстэрства вайскоўцы і без выхадных, і ноччу, нават у любое надвор'е.

Кожныя паўгода ў роце — новыя салдаты. Каб выконваць найпрасцейшыя задачы, дастаткова два месяцы навучання. Калі размова ідзе пра работу ў разліках, патрэбна не менш чым паўгода. Амаль год трэніруюцца тыя, хто трапляе ў пляц-канцэрты.

— А не прасцей прызываць у роту ваеннаслужачых па кантракце? — цікаўлюся. — Толькі юнакі ў дасканаласці авалодалі прафесіяй, як прыходзіць час развітвацца...

— Калі было б іначай, абавязкова пачалося б непаразуменне ў калектыве: салдаты-кантрактнікі, як лепш падрыхтаваныя, ленаваліся б, магчыма, выхваляліся б, што ўмеюць больш, чым навічкі, — перакананы Павел. — Няўжо чакаць, пакуль апошнія дасягнуць іх узроўню майстэрства? А як жа самаразвіццё? Вядома, складаней вучыць наноў, але тым цікавей.

— Ці моцна злуецца камандзір, калі падчас важных выступленняў здараюцца памылкі?

— Я не злуюся, а думаю над тым, як гэта можна выправіць, — удакладняе Павел. — Памылкі ў асноўным адбываюцца з-за таго, што салдаты моцна хвалююцца. Многія родам з невялікіх гарадоў, нават вёсак, яны і ў Мінску не ўсе былі, а тут — парад: на іх глядзяць тысячы людзей, сам Прэзідэнт! Таму я думаю пра тое, як іх падбадзёрыць, настроіць на работу, каб нават думкі пра хваляванне не ўзнікла.

Каб вы­сту­піць з пляц-кан­цэр­там пад­час па­ра­да, па­трэ­бен год трэ­ні­ро­вак.

Здзіўляючы ўвесь свет

Рота ганаровай варты на працягу многіх гадоў упрыгожвае ваенныя парады, якія ладзяцца ў Мінску на Дзень Незалежнасці, а ў юбілейныя гады — на Дзень Перамогі. Найскладанейшыя тэхнічныя элементы з карабінамі і шашкамі выконваюцца пад акампанемент зводнага аркестра — не выпадкова гэтае выступленне вайскоўцаў называюць канцэртам на пляцы.

Нягледзячы на тое, што публічна Павел ужо некалькі гадоў як не выконвае страявыя элементы, карабінам і шашкай ён валодае па-ранейшаму дасканала. Карэспандэнты «Звязды» ў гэтым пераканаліся падчас адной з трэніровак роты. З лёгкасцю карабінам Сіманава, які, між іншым, важыць каля чатырох кілаграмаў, Павел выконвае няхітрыя трукі, спрытна выпісвае піруэты шашкамі.

Штогод для галоўнага свята краіны рота ганаровай варты рыхтуе прынцыпова новы пляц-канцэрт. Сярод знаёмых гледачам элементаў — «расчоска», «даміно», «кветка», «мясарубка» — абавязкова прысутнічаюць новыя страявыя прыёмы. Іх аўтарамі, па словах камандзіра роты, з'яўляюцца самі вайскоўцы. Ну і, безумоўна, ён — але пра гэта Павел сціпла маўчыць.

— Ніякіх спецыяльных падручнікаў па вывучэнні элементаў для выступленняў роты ганаровай варты няма, — расказвае Павел Шпарла. — Ёсць толькі фантазія і інтэрнэт, каб паглядзець на пляц-канцэрты аналагічных падраздзяленняў іншых краін свету. Але паглядзець — не значыць поўнасцю паўтарыць.

Дарэчы, ёсць чаму і замежнікам павучыцца ў калег-беларусаў. Яны адзначаюць надзвычай высокі тэмп выканання прыёмаў нашымі салдатамі і з задавальненнем бяруць некаторыя элементы на ўзбраенне. Напрыклад, папулярнасцю карыстаецца чыста беларускі — «кветка». Аб тым, што майстэрства вайскоўцаў роты ганаровай варты заслужыла высокую ацэнку і прызнанне міжнароднага гледача, сведчаць іх рэгулярныя выступленні на ўрачыстых мерапрыемствах за межамі нашай дзяржавы.

Жонка служыць дапамагае

Камандзір роты ганаровай варты дома амаль не бывае. Ён жа не толькі вучыць сваіх салдат віртуознаму авалоданню карабінам ды шашкай. Павел адказвае не толькі за трэніроўкі, але і за самападрыхтоўку, побыт салдат. Ды і ў святы рэдка ўдаецца адпачыць: у асноўным для яго гэта працоўныя будні.

Як прызнаецца Павел, жонка да службы не раўнуе. Яна быццам сама служыць у роце ганаровай варты. Вось і падчас апошняй генеральнай трэніроўкі перад парадам (у той вечар горад проста залівала) была побач з мужам — як і ўсе, прамокла да ніткі.

— Жонка па магчымасці прысутнічае на кожным выступленні роты ганаровай варты, — расказвае Павел Шпарла. — Уважліва сочыць за пляц-канцэртам, а потым дзеліцца сваімі ўражаннямі. Можа пакрытыкаваць, сказаць, што ёй не спадабалася. Я, вядома, рэдка прыслухоўваюся, але часам не перашкодзіла б: за столькі гадоў маёй службы, здаецца, яна ўжо ў многім разбіраецца.

Гэты парад Вольга глядзела з асаблівым хваляваннем. Для яе мужа ён быў апошні. Прынамсі, у якасці камандзіра роты ганаровай варты. Неўзабаве Павел Шпарла ўступіць у новую пасаду — будзе выкладаць ваенную навуку ўжо на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сваім курсантам ён абавязкова раскажа пра службу ў роце ганаровай варты: магчыма, каторы юнак калісьці паўторыць яго шлях.

— Служба ў роце — гэта школа для далейшага жыцця, — кажа на развітанне Павел. — Я ўдзячны лёсу, што ён зрабіў мне такі падарунак.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: У дуэце з карабінам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.