Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком ЕБРР


Сацыяльна арыентаваны бізнес, інвестыцыі і сумесныя праекты — гэтыя пытанні былі абмеркаваны падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця сэра Сумы Чакрабарці.


Мэта — эфектыўнасць

ЕБРР — банк не зусім звычайны. Яго мэта — праз унёскі ў эканамічны прагрэс і рэканструкцыю садзейнічаць пераходу да адкрытай эканомікі, а таксама да развіцця прыватнай і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Штогод банк абавязаны накіроўваць не менш за 60% рэсурсаў у недзяржаўны сектар краін аперацый. Сёння ЕБРР працуе ў 36 краінах, сярод якіх — Беларусь.

— За час работы з вашым банкам вы інвеставалі ў Беларусь каля двух мільярдаў долараў, — канстатаваў беларускі лідар, вітаючы замежнага госця. — Гэта вельмі вялікія грошы. Што радуе — я гэта вельмі высока цаню — гэтыя грошы працуюць напрамую на людзей.

Гаворачы аб працэсах прыватызацыі ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у нас вельмі акуратна падыходзяць да продажу дзяржаўных актываў.

— Тым не менш мы з вамі супрацоўнічаем — з кампаніяй, агенцтвам, якое перш за ўсё накіравана на эфектыўную прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Наша стрыманасць у прыватызацыі дзяржуласнасці і ваша галоўная задача — больш актыўная прыватызацыя, — як быццам бы такія супярэчлівыя працэсы... У жыцці яны ўзбагачаюць адно аднаго. Гэта значыць, мы вучымся многаму ў вас, у вас вялікі вопыт. Ну а вы, назапашваючы гэты вопыт, усё ж такі бачыце нейкае рацыянальнае зерне і ў беларускіх падыходах да продажаў дзяржаўнай уласнасці. Аднак, я вельмі спадзяюся, што ў нас адна мэта — эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай уласнасці, тых актываў, якія мае дзяржава.

Трэнд для банка і дзяржавы

Яшчэ адзін, больш прыземлены кірунак супрацоўніцтва Беларусі і ЕБРР — непасрэднае крэдытаванне канкрэтных праектаў на тэрыторыі нашай дзяржавы.

— Адна з просьбаў, якую я хачу адрасаваць вам, — у трэндзе Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, — адзначыў кіраўнік краіны, — гэта падтрымка малога і сярэдняга бізнесу. Мы зараз выключную ўвагу вырашылі ўдзяліць гэтаму кірунку ў развіцці эканомікі нашай краіны. Наступная пяцігодка будзе накіравана на тое, каб разняволіць ініцыятыву канкрэтных людзей, невялікіх калектываў, надаць большую дынаміку здольнасцям чалавека.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у краіне забяспечаны стабільнасць, бяспека, кіруемасць. Таму дзяржава хоча даць ініцыятыўным людзям больш свабоды ў самарэалізацыі — перш за ўсё ў вытворчай сферы, сферы паслуг.

— Мы вельмі разлічвалі б на вашу падтрымку тут, — сказаў беларускі лідар.

Інвестыцыі ў... кантынент

Больш глабальная праблема, што ўзнімалася падчас учарашніх перагавораў — інвестыцыі ў інфраструктуру, якая абслугоўвае не толькі Беларусь, але і ўсю еўрапейскую прастору:

— Так склалася, што Беларусь стала для еўрапейцаў і азіятаў найбольш прыцягальнай, стабільнай і бяспечнай тэрыторыяй, праз якую перамяшчаюцца людзі, тавары, грузы, паслугі... Сотні мільёнаў тон — толькі грузаў!.. Натуральна, нягледзячы на тое, што ў нас нядрэнная інфраструктура і яна пакуль спраўляецца з гэтымі патокамі, трэба думаць пра тое, каб гэтая інфраструктура была на самым высокім еўрапейскім узроўні. Мы вам удзячныя, што вы інвестуеце ў развіццё дарожнай сеткі, але гэтага недастаткова.

Прыклад таму — перагаворы па пракладцы шырокай магістралі па поўдні Беларусі:

— Каб паўднёвы паток — Кітая, Цэнтральнай Азіі, Расіі перахапіць і накіраваць праз поўдзень, праз Гомель на Брэст у Еўропу — у двух напрамках, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Бо з Украінай — вы разумееце — пакуль ёсць пэўныя праблемы. Мы гатовы аказаць гэтую паслугу. Я ўсё гэта кажу, каб еўрапейцы, і вы таксама, разумелі, што даючы нам пэўную падтрымку, вы робіце дабро для нас. Але гэта двухбаковы працэс, і гэта карысна і для Еўропы ў тым ліку. Мы хочам, каб вы гэта ўлічвалі, калі мы вядзём перагаворы па тых ці іншых праектах.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў наступным годзе мы ў асноўным скончым гродзенскую трасу, будаваць якую нам дапамагае ЕБРР.

— Да канца будучага года мы спакойна маглі б перакідваць магутнасці на будаўніцтва паўднёвага калідора, ён вельмі важны зараз для Еўропы, — паведаміў Прэзідэнт. — Мы гатовы пабудаваць дарогу танней, чым любая іншая еўрапейская ці азіяцкая кампанія — ці то ў асфальтавым, ці то ў бетонным варыянце. Ну і шэраг іншых праектаў — мы гатовы да абмеркавання, у тым ліку і па банкаўскім сектары — вядомыя пытанні, па якіх мы з вамі вядзём перамовы. І мы ўжо дастаткова прыстойна прасунуліся да канкрэтыкі.

Сума Чакрабарці, у сваю чаргу, канстатаваў, што за гэтыя гады адбыліся значныя станоўчыя змены ў адносінах паміж Беларуссю і ЕБРР. Цікавая інфармацыя: у найбліжэйшы час будзе весціся гаворка пра інвестыцыі банка ў розныя праекты ў нашай краіне ў суме да 200 мільёнаў еўра.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі грошы працуюць на людзей

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.