Вы тут

«Звязда» распачынае праект, прысвечаны падпольным і партызанскім газетам


«Прачытаў — перадай другому». У дзень свайго 101-годдзя «Звязда» распачынае праект, прысвечаны падпольным і партызанскім газетам

Кожны год 9 жніўня, у чарговыя ўгодкі нашай любімай газеты, мы на яе старонках абавязкова штосьці прыгадваем са слаўнай багатай гісторыі «Звязды», якой усе пакаленні рэдакцыі небеспадстаўна ганарацца. У гэты дзень не згадаць пра ваеннае мінулае выдання проста немагчыма: «Звязда» — газета-падпольшчыца, газета-партызанка, якая ў тыле ворага, падчас самай глыбокай акупацыі нашай зямлі давала людзям надзею і веру, што фашысцкая навала згіне, словам клікала на змаганне за свабоду роднага краю. Сталыя чытачы нашай газеты пра яе ваенную гісторыю ведаюць бадай што ўсё.

У такім самавітым узросце — 101 год — ужо не хочацца паўтарацца. З пазіцыі найстарэйшай газеты краіны можна зірнуць на беларускае друкаванае слова ваенных гадоў у іншым ракурсе, а менавіта — расказаць пра іншыя падпольныя і партызанскія газеты, якія выходзілі на акупаванай фашыстамі тэрыторыі. За кожным асобнікам такіх выданняў стаіць звычайны чалавечы подзвіг, такі самы, як подзвіг «звяздоўцаў», якія штохвіліны рызыкуючы жыццём, пісалі матэрыялы, набіралі гранкі, рабілі адбіткі, распаўсюджвалі аддрукаванае...

Тым больш расказаць ёсць пра што — такіх газет выходзіла больш за паўтары сотні. Да нядаўняга часу — амаль невядомая старонка гісторыі Вялікай Айчыннай. Але дзесяць апошніх гадоў над тым, каб яе «рассакрэціць» і зрабіць больш вядомай шырокай публіцы, працуюць спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Менавіта сумесна з галоўнай кніжнай скарбніцай мы і распачынаем новы сумесны праект, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі, якое будзем адзначаць у наступным годзе. Назву праекта мы падгледзелі на старонках газет, пра якія маем намер пісаць. «Прачытаў — перадай другому». Гэткі эпіграф на месцы, дзе ў мірны час пралетарыяў заклікалі яднацца, сустракаецца ў многіх выданнях часоў вайны. Чыталі і перадавалі — беражліва і таемна, змагаліся, верылі ў перамогу. Пра гэта варта пісаць нават цяпер, праз семдзесят пяць гадоў. Пра гэта неабходна ведаць асабліва цяпер, калі ўсё менш жывых сведак тых падзей. А напісанае — яно застаецца. І перачытаць яго ніколі не позна.


Словы «ў лічбе»

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі актыўна працуюць над выяўленнем і пераводам у электронны фармат газет, якія выдаваліся ў часы Вялікай Айчыннай вайны

— Да нядаўняга часу гэтыя падпольныя і партызанскія выданні былі недастаткова вывучаны ў сілу дрэннай захаванасці, раскіданасці па розных сховішчах, шмат з іх невядомыя і не ўведзеныя ў навуковы ўжытак, — расказвае Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце. — Сярод айчынных бібліятэк найбольшую калекцыю такіх выданняў сёння мае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Значная колькасць гэтых газет знаходзіцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў Нацыянальным архіве...

Алесь Суша, які сам займаўся і працягвае займацца тэмай падпольных і партызанскіх газет, дзеліцца цікавай фактурай. Гэтыя выданні можна назваць паказчыкам добрай арганізацыйнай работы ў тыле фашыстаў. «З мэтай умацавання друкаванай прапаганды ЦК КП(б)Б у 1942 годзе прыняў рашэнне стварыць 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. З савецкага тылу былі перапраўленыя журналісты, наборшчыкі, друкары, наладжана масавае выданне газет, — уводзіць спадар Алесь у курс справы. — Да канца 1942 года і на працягу 1943-га выпускалася 134 газеты, уключаючы рэспубліканскія — «Звязду» і «Чырвоную змену». Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б і палітычныя органы партызанскіх фарміраванняў арганізавалі выпуск больш чым 120 найменняў шматтыражных газет. Свае шматтыражкі друкавалі партызанскія брыгады «Разгром», «Дзядзі Колі», «Народныя мсціўцы», імя Варанянскага. Усяго за перыяд акупацыі ў Беларусі выдавалася больш за 160 назваў газет». Вялікая зямля дапамагала значна: па некаторых звестках, на акупаваную тэрыторыю Беларусі было накіравана каля 170 паходных друкарскіх машын. Адтуль звычайна дастаўлялі таксама вельмі каштоўную паперу і іншыя матэрыялы. Але, здаралася, што паперу і фарбу літаральна заваёўвалі ў выніку сапраўдных баявых аперацый з праціўнікам.

Што мы на сёння ведаем пра гэтыя газеты яшчэ? «З-за цяжкасцяў выпуску і недахопу паперы тыражы падпольных газет вагаліся ад некалькіх соцень да тысячы і больш асобнікаў, розны быў і фармат, — расказвае Алесь Суша. — Акрамя перыядычных выданняў у тыле ворага шырока распаўсюджваліся асобна надрукаваныя загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, падпольных абкамаў і райкамаў партыі, Чырвонай Арміі да насельніцтва акупаваных раёнаў, зводкі Саўінфармбюро, улёткі і г. д. У партызанскіх фарміраваннях выпускаліся рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі...»

— Над збіраннем гэтых унікальных у многім выданняў вы працуеце не адзін год. Пахваліцца ёсць чым? — пытаюся ў суразмоўніка.

— Яшчэ ў 2008 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачала нацыянальны праект па пошуку, даследаванні, апісанні, алічбоўцы і папулярызацыі гэтых выданняў. Ініцыятыву бібліятэкі падтрымала такая значная міжнародная арганізацыя як ЮНЕСКА. У выніку нарадзіўся праект «Падпольны і партызанскі друк Беларусі», які быў прысвечаны 65-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект здзяйсняўся ў рамках супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Вынікам праекта стала стварэнне мультымедыйнага электроннага выдання. Праект прадугледжваў выяўленне матэрыялаў, бібліяграфічнае апісанне і алічбоўку матэрыялаў. Усе выяўленыя выданні былі алічбаваны ў нашай бібліятэцы на адмысловых сучасных бескантактавых сканерах. Вынікам праекта стала электроннае выданне, якое выйшла ў 2009 годзе. Віртуальны даведнік уключыў у сябе электронныя копіі дакументаў. На дыску прадстаўлена каля 100 улётак, больш за 120 найменняў газет, газет-плакатаў, рукапісных дакументаў, створаных падпольшчыкамі і партызанамі. Я добра ведаю, што яны выкарыстоўваюцца ў якасці матэрыялу пры паглыбленым вывучэнні курса па гісторыі Беларусі ці больш дакладна — па гісторыі Другой сусветнай вайны, а таксама пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні моладзі.

— Як вы лічыце, калекцыя падобных выданняў яшчэ можа папоўніцца?

— Я ў гэтым нават не сумняваюся. Увесь час выяўляюцца ўсё новыя і новыя матэрыялы, якія не былі ўключаны ў старыя бібліяграфіі. У прыватнасці, зусім нядаўна адзін з маіх знаёмых (па яго просьбе не магу назваць імя) прынёс мне даволі вялікую падборку беларускіх перыядычных выданняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння яны папоўнілі фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, але пакуль не адлюстраваны ні ў адным бібліяграфічным паказальніку...

Створаная намі база працягвае папаўняцца і, магчыма, ніколі не завершыцца, бо, на жаль, далёка не ўсё захавалася да нашага часу, а многае яшчэ чакае свайго вывучэння. Тым не менш і электроннае выданне, і створаныя зводныя рэсурсы ўжо сёння працуюць на карысць гісторыкам-даследчыкам, выкладчыкам вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, студэнтам і школьнікам — усім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Р.S. Ужо ў наступнай публікацыі новага праекта мы пачнём асобна расказваць пра выданні часоў Вялікай Айчыннай і, па магчымасці, пра нашых калег, якія гэтыя выданні стваралі.

Загаловак у газеце: «Прачытаў — перадай другому»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.