Вы тут

Выйшаў зборнік «Людзі Янаўскага краю»


Да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе на Брэстчыне, у Іванаве, Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў адмысловы зборнік нарысаў і гутарак — «Людзі Янаўскага краю».


Рэдактар раённай газеты «Янаўскі край» Ігар Гетман расказвае пра сваіх землякоў, пра ўраджэнцаў Іванаўшчыны, ураджэнцаў і працаўнікоў Іванава — старажытнага Янава. З многіх матэрыялаў, якія ў большасці сваёй друкаваліся ў мясцовай раённай газеце, паўстае партрэт рэгіёна, багатага на добрыя здзяйсненні.

З уступным словам да кнігі выступае старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун. Ён працуе кіраўніком раёна больш за дзесяць гадоў. Вось што, у прыватнасці, зазначае Юрый Бісун: «Маёй малой радзімай з'яўляецца ўкраінскае Закарпацце, а калі быць больш дакладным, — горад Хуст. Але вось ужо 12 гадоў як я кірую Іванаўскім раёнам. За гэты час я зросся з ім сваёй душой, ён стаў мне не менш родны, чым той край, дзе я нарадзіўся». І яшчэ з прадмовы да кнігі: «Героі кнігі — людзі, якія маюць прамое дачыненне да захавання нашага краю як рэгіёна культуры і духоўнасці. А ўсе мы проста абавязаны захоўваць такім край, дзе нарадзіўся і пахаваны Напалеон Орда, дзе жылі продкі Дастаеўскага, дзе пачыналася беларускае прадпрымальніцтва, непарыўна звязанае з мецэнацтвам, якое развівалі Скірмунты...»

Гартаючы старонкі выдання, мы сустракаемся з міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком (нарадзіўся ў вёсцы Глінна), доктарам навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, славутым аграрнікам Аляксеем Скакуном (выхадзец з іванаўскага Дастоева), протаіерэем Уладзімірам Кавалевічам, доктарам гістарычных навук Пятром Брыгадзіным (ён родам з Моладава), пісьменнікам і журналістам Васілём Жушмам (нарадзіўся ў вёсцы Хамічава), журналістам, празаікам Анатолем Крэйдзічам, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, настаўнікамі, работнікамі іншых сфер. Канешне ж, кніга стане ўсім ім добрым падарункам да Дня беларускага пісьменства, але яшчэ і праз іх выразныя, вартыя прыкладаў лёсы раскажа ў Год малой радзімы пра ўнікальны і багаты на гісторыю Іванаўскі, Янаўскі край.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.