Вы тут

Пётр Мсціславец (? — пасля 1579)


Кнігі, якія ён надрукаваў, данеслі праз стагоддзі ягонае імя — Пётр Цімафеевіч Мсціславец. Пра гэтага чалавека можна сказаць, што ён рассяваў духоўнае насенне і яно парасткамі ўзыходзіла ў людскіх душах. Вялікая місія вялікага асветніка. Імя Пятра Мсціслаўца непарыўнае з імем іншага вялікага асветніка Івана Фёдарава. Сумесна яны сталі заснавальнікамі рускага кнігадрукавання.


Невядомы год нараджэння Пятра Мсціслаўца, а само прозвішча можа ўказваць на тое, што паходзіў ён з горада Мсціслава. Застаецца загадкай, дзе і як навучыўся Мсціславец друкарскай справе і чаму ён апынуўся ў Маскве. Можа ён, як і ягоны напарнік Іван Фёдараў (беларускі шляхціц Іван Фёдаравіч герба «Рагоза»), вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. З пазнейшых крыніц вядома, што абодва друкары навучыліся кнігадрукаванню «от самех фряг (італьянцаў. — В. Ч.)».

Відавочна, што да прыезду ў Маскву Мсціславец быў выдатным майстрам кнігадрукавання «искуша бяху и смыслени к таковому хитрому делу». Пэўна, таму і запрасілі яго ў Маскву для работы ў створанай царом Іванам Грозным друкарні. Магчыма і тое, што Мсціславец і Фёдараў самі білі чалом цару аб заснаванні друкарні. І вось 19 красавіка 1563 года Мсціславец і Фёдараў прыступілі да друкавання «Апостала». А дагэтуль яны зрабілі значную тэксталагічную і рэдактарскую працу. Паколькі, як прызнаваліся друкары, старыя царкоўнаславянскія кнігі Святога пісьма былі «сапсаваныя» перапісчыкамі, дык перад друкарамі паўстала складаная задача — выправіць памылкі, а гэта было па сілах толькі высокаадукаваным тэолагам, лінгвістам, філолагам. Меў рацыю знаўца Бібліі Сымон Будны, калі адзначыў, што «мала для гэтага галоў» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, але прызнаў, што іншыя павінны быць ім удзячныя за іх працу.

Неўзабаве друкары выдалі яшчэ адну кнігу — «Часоўнік». І на гэтым давялося спыніць работу ў Маскве. Як успамінаў Іван Фёдараў, друкарню зачынілі з-за «озлобления, часто случающегося нам от многих начальник и священноначальник и учитель, которые на нас зависти ради многие ериси умжиляли».

Друкары адправіліся ў Літву (дакладней вярнуліся на радзіму). Іх падтрымаў вялікі гетман літоўскі Рыгор Хадкевіч, які запрасіў майстроў у свой падляшскі маёнтак Заблудаў. Хадкевіч вызначыўся не толькі пераможнымі бітвамі з ворагам, але і асветніцкай дзейнасцю. Ён марыў выдаваць кнігі для «народу христианскому русскому литовскому, да и русскому московскому, да и повсюду всем православным христианам, иже в Болгарех, и в Сербе, в Мильтенех и Волосех». Мсціславец і Фёдараў якраз і падыходзілі да гэтых грандыёзных планаў «научение людям».

І вось 17 сакавіка 1569 года Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў выдалі ў Заблудаве «Евангелле вучыцельнае», як яны пісалі, «к лучшему поученію і направлению душевному». У гэтую кнігу яны ўключылі твор славутага царкоўнага пісьменніка Кірылы Тураўскага «Слова на Ушэсце», нібыта засведчылі працяг ягонай асветніцкай традыцыі. А іншая кніга «Псалтыр з Часаслоўцам» была апошнім Заблудаўскім выданнем Мсціслаўца і Фёдарава. Хвароба Хадкевіча спыніла работу Заблудаўскай друкарні. Мсціславец падаўся ў Вільню, а Фёдараў на Украіну, дзе яны працягнулі сваю друкарскую дзейнасць.

У Вільні Мсціславец пачынаў з нуля. У горадзе не было ніводнага друкара, таму стварыць новую друкарню было для яго «выше нашея меры». Аднак Мсціслаўца падтрымалі багатыя віленскія купцы Мамонічы, віленскі бурмістр Зянон Зарэцкі і яго брат Іван. Друкар лічыў сваю справу Божым талентам, дадзеным яму дзеля карысці людзей: «аще и един талант вверен будет, то не ленитися подабает, но прилежно делати». Вось і працягваў ён «делати» кнігі. У 1575 годзе Мсціславец выдае «Евангелле напрастольнае», а следам яшчэ дзве кнігі — «Псалтыр» і «Часоўнік».

Тое, што часта адбывалася з падзвіжнікамі, адбылося і з Пятром Мсціслаўцам. Ягоныя высакародныя памкненні не стасаваліся з суровай рэчаіснасцю. У свой час з-за гэтага спыніў друкарскую дзейнасць Францыск Скарына, і вось ягоны паслядоўнік сутыкнуўся з падобным становішчам. Матэрыяльныя цяжкасці, жыццёвая нястача, канфлікты могуць нанесці смяротны ўдар па самых чыстых і высакародных памкненнях.

У Мсціслаўца пачаліся судовыя разбіральніцтвы з адным са сваіх кампаньёнаў Кузьмой Мамонічам. Пэўна, Пятра не задавальняла роля друкара, і ён дамагаўся таго, каб на роўных з Мамонічамі кіраваць друкарняй і ўдзельнічаць у выдавецкіх праграмах. Гэты канфлікт перашкодзіў Пятру Мсціслаўцу выдаваць кнігі. У 1576 годзе віленскі суд пастанавіў вярнуць яму друкарскае начынне і прылады і выплаціць кампенсацыю. А майстар павінен быў аддаць Мамонічу «книги выдрукаваныя». На бяду друкара, Мамоніч не выканаў пастановы суда, а значыць ён не мог займацца кнігадрукаваннем. Давялося зноў судзіцца, і ў рэшце рэшт Мсціславец прайграў працэс. Друкарня перайшла ў чужую ўласнасць. Для Мсціслаўца гэта стала сапраўднай трагедыяй. Матэрыяльных сродкаў на тое, каб зноў наладзіць кнігадрукаванне, у яго не было. Пасля 1579 года сляды Пятра Мсціслаўца губляюцца, але ягонае імя засталося на кнігах, надрукаваных ім, якія неслі людзям «духоўнае насенне».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.