Жыхары Капцёўкі просяць вярнуць ім ваду з калгаснай свідравіны, камунальныя службы — супраць.
Вось ужо трэці месяц, як у вёсцы Капцёўка Гродзенскага раёна пачаліся праблемы з вадой. Яна цячэ мутная і ржавая. Гэта здарылася пасля таго, як насельніцтву сталі падаваць ваду з іншай свідравіны. Жыхары забілі трывогу, пачалі звяртацца ў розныя інстанцыі. Якім чынам будзе вырашацца балючае пытанне, высвятляла карэспандэнт «Звязды».
«Станеш у ванну — ног не відаць!»
Жыхары аграгарадка Капцёўка ўзрушаны. І гэта зразумела. Амаль усё лета яны пакутуюць з-за ржавай вады, якая цячэ з кранаў. Падчас прыезду карэспандэнта «Звязды» на вуліцы 1 Мая сабралася даволі вялікая група, большая частка якой — пенсіянеры. Многія адпрацавалі ў мясцовым калгасе дзясяткі гадоў. Раней, кажуць яны, такой вострай праблемы з вадой не было. Зрэдку здараліся перабоі, хаця водаправод існуе больш за 50 гадоў. Людзі стаміліся скардзіцца на стан вады, але ў размове з карэспандэнтам не хаваюць эмоцый.
— Вада не толькі мутная і ржавая, але і быццам з нейкім тлушчам, непрыемна пахне, — кажа адна з жанчын.
— Дзіця купаць у такой вадзе небяспечна, — уступае ў размову маладая мама з дзіцем на руках, — не кажучы пра тое, каб гатаваць на ёй ежу.
— Страшна нават ногі мыць — іх не відаць у такой вадзе, — чуецца голас з натоўпу.
— Да нас прыязджаюць з горада дзеці і ўнукі, яны вымушаны везці з сабой багажнік вады, ды і мы самі карыстаемся бутэляванай вадой альбо ідзём да суседзяў, дзе ёсць калодзеж, — устаўляе рэпліку мужчына сталага веку.
Жыхары дэманструюць ваду, якую толькі што набралі з-пад крана. Вадкасць у белым вядры і ПЭТ-бутэльцы не назавеш празрыстай, і піць яе няма ніякага жадання.
Увесь час у Капцёўцы можна сустрэць людзей з вёдрамі і бутлямі. Маладая пара з пустой тарай ідзе да калодзежа, які, можна сказаць, ратуе жыхароў вуліцы. Па словах Святланы, такія рэйды па ваду трэба рабіць штодзённа: у сям'і малое дзіця, і ад іржавай вады на яго скуры з'яўляецца сып.
Марыя Кавалеўская, якая працуе медсястрой у амбулаторыі, моцна занепакоена такой сітуацыяй. Як у такіх умовах забяспечыць стэрыльнасць? У бацькоў паўстала праблема харчавання дзяцей у садку і школе. Здаецца, цярпенне жыхароў ужо канчаецца.
«Дайце ваду, якая ішла раней»
Жыхары растлумачылі: вада пагоршылася, калі ў вёску яе сталі падаваць з іншай свідравіны. Маўляў, усё пайшло ад аб'яднання калгаса і птушкафабрыкі. Тыя свідравіны, якія раней забяспечвалі Капцёўку, засталіся на балансе прадпрыемства. Зараз вада з іх паступае на птушкаферму і іншыя сельскагаспадарчыя аб'екты. А дзве іншыя свідравіны былі перададзены на баланс ЖКГ. Адна з іх аказалася з «дрэннай» вадой.
— Не зразумела, як яе здалі ў эксплуатацыю, як санітарныя службы гэта дазволілі? — задаецца пытаннем Віктар Дучэк. — Гэта вада наогул не прыдатная да ўжывання, а мы вымушаны карыстацца ёю трэці месяц. Пры гэтым для прадпрыемства хапае адной свідравіны, другая так і не працуе.
Віктар Мікалаевіч — актывіст, што называецца, ад бязвыхаднасці. Ён неаднаразова звяртаўся з вясковай праблемай да раённых і абласных улад, а таксама ў занальны і абласны цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У лісце ад санітарных службаў гаворыцца, што водазабеспячэнне жылых дамоў у аграгарадку Капцёўка адбываецца з гаспадарча-пітнога водаправода ЖКГ Гродзенскага раёна. Указваецца, што сістэма водападрыхтоўкі на водаправодзе адсутнічае. Дарэчы, раней вада паступала ад Гродзенскай птушкафабрыкі.
Што датычыцца лабараторных даследаванняў, то пробы вады з камунальнага водаправода адпавядаюць мікрабіялагічным нормам. А вось мутнасць і колькасць жалеза значна перавышаюць нарматывы. Напрыклад, жалеза — у восем разоў. Пры гэтым ніякія меры па ачыстцы і прамыўцы водаправода не далі вынікаў.
Наогул наяўнасць жалеза ў падземным гарызонце характэрная для ўсёй краіны, у тым ліку для Гродзенскага раёна. Звычайна з такой сітуацыяй спраўляюцца станцыі абезжалезвання альбо спецыяльныя фільтры непасрэдна ў жылых дамах.
— Напачатку нам сказалі, што будаўніцтва станцыі ў Капцёўцы запланавана на 2019 год. Гэта значыць, што нам яшчэ добры год карыстацца ржавай вадой, — кажа Віктар Дучэк. — Таму мы звярнуліся з просьбай уключыць тую свідравіну, якой мы карысталіся да гэтага часу. Але ў санстанцыі адказалі, што ў той вадзе значнае перавышэнне па нітратах. Да таго ж свідравіна, якая зараз належыць птушкафабрыцы, не мае агароджы, знаходзіцца ў дрэнным стане.
Жыхары, як адзін, упэўнены: вада, якой карысталіся раней, была чыстая і празрыстая. І пытанне па нітратах ніколі не стаяла так востра. Людзі перакананыя, што вырашэнне праблемы ляжыць на паверхні. Трэба толькі двум уладальнікам высветліць, хто каму будзе плаціць, і вярнуць былую схему. Насельніцтва ж плаціць за чыстую ваду, а не за брудную... З такімі разважаннямі я завітала ў Капцёўскі сельскі Савет.
«Нельга паіць народ нітратамі»
Мне пашанцавала. Старшыня сельсавета Іван СЛІЖЭЎСКІ якраз быў на месцы. У адказ на пытанне «Як вырашаецца праблема з вадой?» Іван Яўгенавіч працягнуў мне пратакол даручэнняў губернатара ад 20 жніўня гэтага года. У ім сярод іншага быў і пункт, які датычыўся Капцёўкі. Адказным асобам было прадпісана набыць і зманціраваць абсталяванне для станцыі абезжалезвання да канца 2018 года. Гэта значыць, што станцыя будзе пушчана ў дзеянне ў паскораным рэжыме, амаль на год раней тэрміну. Практычна за некалькі месяцаў.
Старшыня сельскага Савета ведае сітуацыю, але паўплываць на яе не ў стане. Вада, якая паступае на птушкафабрыку, змяшчае нітратаў 58,4 мг/л пры норме 45. Для фермы гэта дапушчальная забруджанасць, а для насельніцтва — небяспечная. Таму браць на сябе адказнасць за вяртанне насельніцтву «нітратнай» свідравіны ён не збіраецца. Разам з тым пытанне аб паляпшэнні пітной вады з парадку дня не здымаецца. На думку Івана Сліжэўскага, на стан водаправода ў гаспадарцы даўно трэба было звярнуць увагу. Чаму 50 гадоў трубы не мянялі?
— Я тут восем гадоў працую, і ўвесь час вяліся ўгаворы: перадавайце водаправод на баланс ЖКГ, вы яго не эксплуатуеце, і гэта не ваша работа. Але ніхто гэтага не рабіў, пакуль не прыйшоў новы кіраўнік, — зазначыў старшыня сельсавета.
Па яго словах, на баланс птушкафабрыкі была перададзена кацельная, зроблены праект і ідзе замена цеплатрасы. Сёлета і на будучы год будуць добраўпарадкаваны свідравіны, пачнецца замена водапровада. Забяспечваць насельніцтва вадой гаспадарцы не пад сілу: гэта пагражае адключэннем вады ў вёсцы. Таму было прынята рашэнне перадаць на баланс ЖКГ дзве свідравіны, а дзве пакінуць на ўласныя патрэбы. Гэта тыя самыя «нітратныя», якія раней забяспечвалі вёску. Ізноў будуць ачышчаць трубаправод, гэту работу будзе праводзіць раённае ЖКГ.
— Рана ці позна, праблема гэта выйшла б напаверх, — зазначыў Іван Сліжэўскі. — Зараз яна можа вырашыцца хутчэй, бо паскорыцца будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Пакуль яе няма, у школе і садку ставяцца фільтры для ачысткі вады.
Дырэктар сярэдняй школы Людміла САНЮКЕВІЧ паведаміла, што фільтры ўжо закуплены за кошт аддзела адукацыі райвыканкама. Да пачатку навучальнага года іх усталююць.
«Сітуацыя з вадой — абуральная»
Стан вады ў Капцёўцы пад пастаянным кантролем санітарных службаў. Пробы бяруцца амаль штотыдзень. Вядзецца назіранне за прамыўкай водаправодных сетак. Але гэта ненадоўга паляпшае сітуацыю, бо жалеза ўсё роўна назапашваецца ў водаправодзе.
На думку галоўнага санітарнага ўрача вобласці Мікалая КЕНДЫША, сітуацыя з вадой у Капцёўцы склалася абуральная. На тэрыторыі населенага пункта, аказваецца, не чатыры, а восем свідравін. Але адна не працуе, другая — закансерваваная, трэцяя — атампаніраваная... Вельмі цяжка разабрацца ў тэхнічных магчымасцях свідравін, якія маюць розных уладальнікаў, адзначыў Мікалай Кендыш. Праблема, якая сёння турбуе людзей, крыецца ў мінулым, калі калгас «разбазарваў» свідравіны, і ЖКГ цяпер не хоча іх браць на баланс з-за дрэннага стану.
Мікалай Кендыш прызнае: камунальнікі дапусцілі памылку, бо пераключылі свідравіны без усялякага аналізу сітуацыі і яе наступстваў. Да таго ж неабходна было правесці інфармацыйную работу з насельніцтвам, а потым прымаць меры і пераключаць той вентыль. Гэта зроблена не было. У сваю чаргу, жыхары, якія атрымалі ржавую ваду, не хочуць мірыцца з такой сітуацыяй. Дарэчы, у вобласці некалькі сотняў населеных пунктаў, куды паступае вада з перавышэннем колькасці жалеза. Актуальная і тэма нітратаў. Галоўны санітарны ўрач канстатуе: гэтыя рэчывы перавышаны ў былой свідравіне, але спынілі яе эксплуатацыю яшчэ і з-за недахопу вады.
Зараз камунальныя службы тэрмінова шукаюць шляхі вырашэння гэтых праблем. Па словах генеральнага дырэктара ЖКГ Гродзенскай вобласці Алега ШАФРАНСКАГА, пазбегнуць уздзеяння нітратаў, магчыма, калі паглыбіць свідравіны, і гэта часткова зроблена. Але ўзнікла праблема жалеза. Для яго ачысткі неабходна пабудаваць станцыю, і на гэта выдзелена 42 тысячы рублёў. Алег Шафранскі ўпэўнены, што модуль будзе ўведзены ўжо ў лістападзе. Але для вырашэння праблемы неабходна будаваць воданапорную вежу з рэзервуарам чыстай вады. Тады можна гаварыць аб бесперабойнай яе падачы.
Відавочна, што сітуацыя з іржавай вадой — гэта безгаспадарчасць былых уладальнікаў свідравін і недальнабачнасць сённяшніх. Можна бясконца раскладваць гэту праблему па частках, і яны быццам бы даволі лагічныя. Гэта і старыя сеткі, і нітраты, і недахоп вады... Але расплачваюцца за гэтыя хібы чамусьці жыхары вёскі, а іх — ні многа, ні мала — каля тысячы чалавек.
Маргарыта УШКЕВІЧ
КАМПЕТЭНТНА
Можна не кіпяціць
Ці можна піць ваду з-пад крана без кіпячэння, колькі ў ёй можа змяшчацца жалеза і ці бяспечнае яно для нашага здароўя, а таксама хто павінен сачыць за якасцю вады з калодзежа — пра гэта расказалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
— Згодна з санітарнымі правіламі і нормамі пітная вада, якая падаецца цэнтралізаванымі сістэмамі, павінна быць эпідэмічна бяспечнай, бясшкоднай па хімічным складзе і валодаць спрыяльнымі арганалептычнымі ўласцівасцямі. Яна не можа змяшчаць хваробатворныя бактэрыі, вірусы і найпрасцейшыя мікраарганізмы і мусіць адпавядаць нарматывам па мікрабіялагічных і паразіталагічных паказчыках. Таксама ў вадзе не павінна быць біялагічных агентаў і хімічных рэчываў.
Абследаванні вады ажыццяўляюцца па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вада лічыцца бяспечнай у эпідэміялагічных адносінах, калі колькасць проб, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках, не перавышае 5 %. У Беларусі ў 2018 годзе неадпаведнасць па названых паказчыках была зарэгістравана ўсяго ў 0,8 % проб. Таму ваду з-пад крана без кіпячэння і дадатковай ачысткі ўжываць цалкам бяспечна.
Асноўнымі крыніцамі водазабеспячэння ў краіне з'яўляюцца падземныя воды. На асобных тэрыторыях з-за гідрагеалагічных асаблівасцяў фарміравання яны характарызуюцца павышанай колькасцю жалеза. Злучэнні жалеза не аказваюць таксічнага дзеяння на арганізм чалавека, аднак садзейнічаюць павелічэнню мутнасці і колернасці, што абмяжоўвае выкарыстанне вады ў санітарна-бытавых мэтах.
Пры наяўнасці ў пітной вадзе жалеза ў канцэнтрацыі большай за 0,3—0,5 мг/л арганалептычныя ўласцівасці пагаршаюцца, а пры канцэнтрацыі вышэйшай за 1,5—2 мг/л вада, акрамя мутнасці і афарбоўкі, набывае непрыемны вяжучы смак. Таму колькасць жалеза ў водаправоднай вадзе не павінна перавышаць 0,3 мг/л. Па рашэнні мясцовых улад да правядзення адпаведных мерапрыемстваў (будаўніцтва станцый абезжалезвання, выбар новай крыніцы водазабеспячэння і інш.) можа быць устаноўлены часовы нарматыў колькасці жалеза — 1 мг/л.
У Мінску для абясшкоджвання вады часткова выкарыстоўваецца метад хларыравання. Надзейны эфект дасягаецца ў тым выпадку, калі пасля абясшкоджвання ў вадзе застаецца 0,3—0,5 мг/л свабоднага хлору ці 0,8—1,2 мг/л звязанага хлору, што сведчыць пра дастатковую колькасць уведзенага абеззаражвальнага агента. Наяўнасць рэшткавага хлору ў вадзе рэгулярна вызначаюць у лабараторыі, а таксама не радзей чым раз на суткі адбіраюць пробу вады для бактэрыялагічнага даследавання. У 2017-м і бягучым гадах па выніках лабараторных даследаванняў у пітной вадзе з размеркавальнай сеткі Мінска перавышэнняў колькасці рэшткавага хлору не выяўлена.
Што датычыцца такіх крыніц водазабеспячэння, як грамадскія шахтавыя калодзежы, то адказнасць за іх эксплуатацыю, санітарны і тэхнічны стан нясе арганізацыя, на балансе якой яны знаходзяцца. У апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя па зніжэнні колькасці крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння, якія не адпавядаюць устаноўленым нормам, у тым ліку і па якасці вады. За апошнія 10 гадоў іх колькасць знізілася з 15,3 % да 4,1 %.
Наколькі бяспечная і прыгодная для ўжывання вада з індывідуальных калодзежаў, якімі зараз карыстаюцца пераважна ў сельскай мясцовасці, іх уладальнікі могуць даведацца, здаўшы ваду на даследаванне. Выконваюць гэту працэдуру ў тэрытарыяльным цэнтры гігіены.
Алена КРАВЕЦ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.