Вы тут

Што паспеў зрабіць за сто дзён малады старшыня сельвыканкама


Мікалай ЛУГАЎСКОЙ прыйшоў у Ленінскі сельскі Савет Жабінкаўскага раёна з пасады другога сакратара абкама БРСМ сёлета ў ліпені. Як і варта было чакаць, за справу ўзяўся з маладым запалам. І за тры месяцы работы паспеў рэалізаваць некалькі ўласных ініцыятыў.


Старшыня сельскага Савета  Мікалай Лугаўской  падчас пасадкі алеі.

Дошка пашаны і новы сквер

Каля ўвахода ў сельскі Савет маю ўвагу прыцягнула Дошка пашаны. Такія даводзілася бачыць у вёсках, але на іх заўсёды красаваліся здымкі перадавікоў сельгаспрадпрыемства. А тут побач з работнікамі і спецыялістамі сельскага ААТ размешчаны партрэты настаўніка, фельчара, прадпрымальніка, бібліятэкара. На Дошку пашаны Ленінскага сельсавета занесены імёны найлепшых працаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў розных формаў гаспадарання, якія ёсць на тэрыторыі. Як паказваюць першыя водгукі, людзі ацанілі такую ўвагу.

Вядома, самай галоўнай справай мясцовай улады заўсёды было добраўпарадкаванне. Восеньскія клопаты па навядзенні парадку сёлета пачалі з закладкі новага сквера, а калі пасадзілі маленькія дрэўцы і абазначылі будучае месца адпачынку, вырашылі работу па азеляненні працягнуць. Лясгас выдзеліў саджанцы елкі: 179 маленькіх дрэўцаў пасадзілі ўздоўж дарогі (пасёлак стаіць на трасе М1).

— Паглядзелі з іншых вуліц, а таксама жыхары Рагозна, Філіпавіч, Буснёў на добрую справу, захацелі ў сябе пасадзіць дрэўцы, — расказвае Мікалай Лугаўской. — Сельсавет іх падтрымаў. Людзі выйшлі на суботнікі, папрацавалі грамадой, разам будуць і даглядаць маладыя елачкі.

І калі з гэтай работай жыхары справіліся самі, то з іншымі аб'ектамі, якія патрабуюць добраўпарадкавання, сітуацыя больш складаная. Напрыклад, у старадаўнім парку, што ўяўляе сабой рэшткі былой панскай сядзібы, таксама правялі суботнік. Прыбралі сухія галіны, апалае лісце. Але там патрэбны грошы, каб, напрыклад, мець магчымасць пачысціць былыя сажалкі, пракласці дарожкі, пасадзіць новыя дрэвы. Кіраўніку мясцовай улады падказалі, што можна падрыхтаваць дакументы і прыняць удзел у конкурсе ініцыятыў, вынік якога — атрыманне гранта на добрую справу. Так што цяпер рыхтуецца апісанне будучай экалагічнай сцяжыны.

Парадак каля помнікаў

Грунтоўная работа ў апошнія месяцы праведзеная па рамонце і добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол капліцы ў гонар Крупчыцкай бітвы. Самая вялікая і крывавая бітва падчас касцюшкаўскага паўстання адбылася ў верасні 1794 года пад Крупчыцамі, цяпер гэта вёска Чыжэўшчына. На гэтым месцы стаіць капліца, якую трэба перыядычна даглядаць і абнаўляць. Таму старшыня мясцовай улады не абмежаваўся адным суботнікам. Быў арганізаваны сапраўдны працоўны дэсант. Спачатку падправілі фундамент, пафарбавалі агароджу, прыбралі шмат непатрэбных раслін. Карацей, надалі тэрыторыі прывабны выгляд. Таксама дагледзелі помнік ахвярам Халакосту, які ўстаноўлены ў вёсцы Хадасы.

— Утрымліваць помнікі дастойна на сваёй тэрыторыі заўсёды лічылася справай гонару нашчадкаў, — кажа старшыня сельскага Савета.

Станоўчы прыклад

Мікалай Лугаўской мае намер акцэнтаваць увагу на станоўчым прыкладзе, усяляк падтрымліваць вопыт жыхароў, якія ствараюць прыгажосць вакол сябе. Так з'явілася рашэнне праводзіць конкурс на найлепшы падворак не раз, а два разы на год: вясной і восенню. Сёлета такі конкурс праводзілі ў жніўні. На ім у ліку іншых быў адзначаны Міхаіл Хандрыка, які працуе культарганізатарам у санаторыі «Надзея». Гаспадар і яго жонка добраўпарадкавалі спачатку ўласны падворак, затым навялі прыгажосць на вуліцы побач з домам: пасеялі газонную траву, разбілі клумбы, зрабілі падсветку. І цяпер іх сядзіба — адна з найпрыгажэйшых у Ленінскім.

А зрабіць свята вёскі святам для ўсіх можна, калі згуртаваць аднадумцаў, знайсці падтрымку ў грамады — да такой высновы прыйшоў старшыня падчас першага ў сваёй практыцы вясковага свята. І калі знайсці грошы на прэміі пераможцам конкурсаў аказалася няпроста, то арганізаваць заахвочвальныя прызы ўдалося. Мясцовая прадпрымальніца-цырульнік ахвяравала некалькі сертыфікатаў для наведвання сваёй майстэрні, прадпрымальнікі-аграрыі ўзнагароджвалі ўласнай прадукцыяй.

Кіраўнік ААТ «Рагазнянскае» Аляксандр Семянюк кажа, што заўсёды гатовы падтрымаць разумную ініцыятыву. Так было, дарэчы, і з Дошкай пашаны, выраб якой прафінансавала гаспадарка. Ну і ў справе добраўпарадкавання сельгаспрадпрыемства ніколі не застаецца ўбаку. Тут жа жыве значная частка працаўнікоў і ветэранаў гаспадаркі. Папрасіў аднойчы выканкам прывезці чарназёму для ўладкавання двара побач з адным з самых старых шматкватэрных дамоў. Грунт падвезлі машынай гаспадаркі. Людзі выйшлі на вуліцу дружна, зямлю разраўнялі, пасадзілі туі, кветкі. У ЖКГ убачылі, што ў доме жывуць руплівыя гаспадары, і праклалі каля дома новыя дарожкі. Пайшла ланцуговая рэакцыя добрых спраў.

Да наступнага свята вёскі рыхтуецца мноства іншых спраў і пачынанняў. Напрыклад, каваль Аляксандр Кузнец у якасці падарунка Ленінскаму ўзяўся выкаваць ажурны слуп з указальнікам населеных пунктаў і сацыяльна-значных аб'ектаў. Ёсць іншыя падобныя задумкі.

Таму Мікалай Лугаўской актыўна прысутнічае ў сацыяльных сетках, ёсць сельсавецкія групы ва «УКантакце», «Фэйсбуку» і «Твітэры». На любую добрую справу людзей можна арганізаваць, папярэдне кінуўшы заклік. У найбліжэйшыя дні старшыня плануе звярнуцца да землякоў з прапановай арганізаваць у пасёлку навагоднюю елку. Раней тут святочны атрыбут ніколі не ставілі, а пасля дванаццаці ў навагоднюю ноч людзі збіраліся каля Дома культуры на вясковае народнае гулянне. Але ж без сімвалічнага дрэўца, згадзіцеся, не той каларыт Новага года. Выправіць справу можна талакой: ад кожнай сям'і дастаткова прынесці па два шары і ўпакоўку мішуры. Прадпрымальнікі згадзіліся дапамагчы электрычнымі гірляндамі. Калі людзі ідэю падтрымаюць, гэтым разам будзе прыгожая навагодняя елка ў Ленінскім.


Анатоль ШАЛТАНЮК, старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Ленінскі сельсавет асаблівы. Яго цэнтр — аграгарадок Ленінскі — і навакольныя вёскі размешчаны ў бойкім месцы, паабапал трасы М1. Тут вельмі зручна дабірацца да Брэста, Кобрына. Некаторыя і працуюць у гэтых гарадах. Дзве траціны насельніцтва Ленінскага складаюць людзі да 40 гадоў. У пасёлку і навакольных вёсках няма ніводнага вольнага ўчастка пад забудову, яны тут жа разбіраюцца. Тут не засталося і свабоднага гектара зямлі, бо развіты падсобныя гаспадаркі, ёсць фермеры. Аграгарадок мае добрую інфраструктуру, свае традыцыі, захавальнікамі якіх з'яўляюцца школа і культурныя ўстановы. У гэтых умовах падтрымліваць парадак надзвычай актуальна. Лічу, што новы кіраўнік сельвыканкама нездарма зрабіў упор на згуртаванне людзей вакол добрых спраў і выкарыстоўвае для гэтага ў тым ліку інфармацыйныя тэхналогіі. А для тых, хто з інтэрнэтам не вельмі сябруе, каля сельскага Савета з'явіўся новы інфармацыйны стэнд.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Жабінкаўскі раён

Загаловак у газеце: На суботнік — праз заклік ва «УКантакце»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.