Вы тут

Конкурс «Міс свету–2018»: не прыгажосцю адзінай


8 снежня на кітайскім курорце Санья, што на востраве Хайнань, фінішуе адзін з самых прэстыжных, відовішчных, і бадай, самых "доўгаграючых" конкурсаў прыгажосці на планеце. Форум прыгажунь "Міс свету" праводзіцца з 1951 года, з краіны-заснавальніцы Вялікабрытаніі паступова перабраўся ў іншыя краіны – ЗША, ПАР, Індыя, Кітай – і цяпер ахоплівае глядацкую аўдыторыю ў больш як 200 краінах свету.


Крыху гісторыі

Пагадзіцеся, від з вокнаў пяцізоркавага гатэля, дзе жывуць удзельніцы, проста неверагодны.

Да 2000 года кіраўніком і нязменным старшынёй журы конкурсу "Міс свету" быў Эрык Морлі, пасля яго смерці сцяг форуму прыгажосці падхапіла жонка заснавальніка, Джулія Морлі.

Спачатку конкурс ладзіўся як фестываль прыгажунь у бікіні, але паступова пад ціскам грамадскасці сталі дабаўляцца іншыя адборачныя этапы: творчыя заданні, тэсты на інтэлект, конкурс мадэляў, дабрачынны, спартыўны. Пераможцы кожнага з этапаў аўтаматычна  трапляюць у фінальнае шоу, астатніх выбірае журы па суме балаў, набраных на ўсіх этапах.

З 2015 года арганізатары вырашылі цалкам адмовіцца ад конкурсу купальнікаў, і дэфіле ў бікіні адышло ў гісторыю, на радасць адных і расчараванне другіх гледачоў. Затое ў "Міс свету" застаўся афіцыйны слоган "Beauty with purpose" – "Прыгажосць з мэтай" – і відавочны гуманітарны пасыл. Арганізатары падкрэсліваюць, што конкурс накіраваны на падтрыманне міру ва ўсім свеце, паказвае прыклады выбітных жанчын, а таксама аказвае маштабную дапамогу дзецям-інвалідам і малазабяспечаным сем'ям.

"Міс Беларусь 2018" Марыя Васілевіч.

За ўвесь час правядзення конкурсу яго пераможцамі 6 разоў станавіліся прыгажуні з Венесуэлы і з Індыі (уключаючы дзейную "Міс свету" Манушы Чхілар), 5 разоў – дзяўчаты з Вялікабрытаніі (але ў 1974 годзе брытанку Хелен Морган дыскваліфікавалі з-за таго, што маці-адзіночка парушала правілы конкурсу і не магла выконваць абавязкі "Міс свету"), тройчы перамагалі прадстаўніцы Швецыі, ЗША, Ісландыі і Ямайкі, двойчы – Расіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, Аўстраліі, Перу, Аргенціны, Пуэрта-Рыка, Кітая, ПАР і Германіі (зрэшты, немка Габрыела Брум у 1980-м адмовілася ад кароны праз 18 гадзін пасля шоу – з-за таго, што з'явілася інфармацыя пра яе фота ў стылі ню).

Мінус бікіні, плюс інтэлект

Сёлета конкурс, які ў восьмы раз прымае кітайская Санья, праходзіць па схеме 118-30-15-5-3-1 – гэта значыць, што ў фінальным тэлевізійным шоу пераможцу будуць выбіраць сярод 30 лідараў адборачных этапаў.

Напрыклад, у адным з іх 118 дзяўчат-удзельніц прадставілі свае сацыяльна значныя праекты: прадстаўніца Беларусі засяродзіла ўвагу на самарэалізацыі і інтэграцыі ў грамадства людзей з інваліднасцю. Нагадаем, яна нават прывезла ў Кітай падарункі для ўсіх удзельніц і журы – сэрцайкі з фетру і саламяных анёлаў, зробленых рукамі асаблівых дзяцей з Каменскай дапаможнай школы-інтэрната.

Жоўтыя, чырвоныя, сінія... Хто найспрытнейшы, выявіць спартыўны турнір.

А лепшай аказалася каманда чырвоных, у тым ліку беларуска.

Яшчэ прыгажуні дэманстравалі нацыянальныя ўборы і дызайнерскія сукенкі, выступалі перад вялікай аўдыторыяй у шоу талентаў, спаборнічалі за тытул "Міс топ-мадэль" (тут, нагадаем, наша Марыя Васілевіч увайшла ў топ-30 лепшых). Таксама арганізатары падзялілі ўдзельніц на "чырвоную", "блакітную", "жоўтую" каманды і зладзілі спартыўныя спаборніцтвы: бег, скачкі ў даўжыню і плаванне. "Чырвоная" каманда, у якую ўваходзіла і беларуска, паказала найлепшыя вынікі, сама Марыя трапіла ў топ-6 самых спартыўных дзяўчат, чым зарабіла сабе дадатковыя балы, а "Міс Спорт" у выніку стала прадстаўніца ЗША Марыза Батлер, якая дакладна гарантавала сабе месца ў фінале.

На конкурсе "Міс Топ-мадэль" беларуска ўвайшла ў трыццатку лепшых, а выйграла гэты этап дзяўчына з Францыі.

Асобна праходзіў этап "Head to Head Challenge", які ўвайшоў у праграму "Міс Свету" толькі летась. Падчас гэтага раўнда канкурсанткі прадстаўлялі відэавізітоўкі пра сябе і сваю краіну, а таксама праходзілі інтэрв'ю з суддзямі і такім чынам лепш раскрываліся для гледачоў. Беларускую ўдзельніцу, у прыватнасці, спыталі: "Ці можа адзін чалавек змяніць свет і якім чынам ён гэта зробіць?" – "Адзін амерыканскі пісьменнік гаварыў: "Учора я хацеў быць разумным і змяніць свет, сёння я мудры, і таму мяняю сябе". Я згодная з гэтай думкай і ўпэўнена, што калі ты зменіш сябе ў гэтым свеце, то і свет зменіцца следам за табой. Напрыклад, калі ты стаў дабрэйшым, больш гуманным і пачаў дапамагаць іншым людзям, то будзеш прыкладам для іх, і людзі таксама зменяцца ў лепшы бок", – адказала дзяўчына.

Уражанне ад візітовак і інтэлектуальнага раўнду гледачы выказалі ацэнкамі: звыш 20 мільёнаў чалавек з розных куткоў планеты падтрымалі ўпадабаных канкурсантак у інтэрнет-галасаванні, якое ішло адначасова на некалькіх платформах, уключаючы афіцыйны сайт missworld.com. Атрыманыя лічбы адрозніваліся ў разы: хтосьці з прыгажунь набраў о,о1% галасоў ад агульнай колькасці, хтосьці – дзясятыя долі працэнта, а, напрыклад, прадстаўніца Казахстана Кацярына Дварэцкая – 4,64%, Анукрыці Вас з Індыі – 6,59% (што не дзіўна, улічваючы нацыянальнасць папярэдняй "Міс свету"), а Шрынкала Хацівада з Непала – наогул залімітавыя 34,13%! Не пытайцеся, як дзяўчына гэта зрабіла – хіба што за яе прагаласавалі  усе інтэрнет-карыстальнікі Непала?.. 10 лідараў галасавання, якія за 90 секунд зрабілі найлепшую жывую прэзентацыю перад журы, прайшлі ў фінал этапу.

Нацыянальны ўбор "Міс Філіпіны" сімвалізуе татуіроўкі, якімі пакрывалі сябе воіны некаторых плямёнаў.

Дарэчы, як адзначылі арганізатары "Міс свету", у гэтым годзе прафайлы канкурсантак на афіцыйным сайце маюць рэкордную колькасць праглядаў – звыш 2,2 більёнаў (у нашай лічбавай сістэме – мільярдаў)!

Што далей?

Месца ў ліку 30 фіналістак сабе ўжо забяспечылі прадстаўніцы Францыі, Японіі, ЗША, Маўрыкія, Венесуэлы, Чылі, Бангладэш, Малайзіі, Індыі, Сінгапура, Тайланда, Мексікі, Уганды і Непала (Шрынкала Хацівада выйграла два папярэднія этапы: анлайн-галасаванне і конкурс гуманітарных праектаў, дзе прадставіла дызайн і будаўніцтва аздараўленчага цэнтра для аддаленых вёсак). Як бачым, азіяткі і брунеткі ўжо які год запар абыходзяць у конкурсах прыгажосці еўрапеек і бландзінак. Сёлета, дарэчы, апошніх сярод канкурсантак вельмі няшмат – хіба з дзясятак. Нават суседнюю Польшчу і скандынаўскую Нарвегію прадстаўляюць цёмнавалосыя і цёмнавокія дзяўчаты,  затое канкурсантка з Грузіі, нечакана, – бландзінка, што праўда, фарбаваная. Такім чынам, мінчанка Маша Васілевіч у сусветным трэндзе, але ці ацэніць журы яе еўрапейскую знешнасць і прыгажосць душэўную? Даведаемся літаральна праз пару дзён, а пакуль хочацца спадзявацца, што адно са свежых фота ў інстаграме беларускі – сумесны здымак з "Міс свету-2017" Манушы Чхілар – гэта, так скажам, добры знак.

Бельгію на конкурсе прадстаўляе дзяўчына азіяцкага паходжання, а Грузію ¬–  бландзінка. Сюрпрыз!

"Міс Беларусь 2018" Марыя Васілевіч і "Міс свету 2017" Манушы Чхілар. Гэта фота на ўдачу?

68-е фінальнае шоу "Міс свету" пройдзе ўжо ў гэту суботу і будзе прысвечана 30-годдзю турыстычнага вострава-правінцыі Хайнань, а таму адлюструе не толькі культурную разнастайнасць усіх краін, прадстаўленых на конкурсе, але і традыцыйную кітайскую культуру.

Акрамя галоўнага тытулу і кароны, конкурс прадугледжвае тытулы "Першая Віцэ-міс свету", "Другая Віцэ-міс свету", і раздачу ўзнагарод у асобных намінацыях: "Міс Дабрачыннасць", "Міс Топ-мадэль", "Міс Мультымедыя", "Міс Талент", "Міс Танец свету", "Міс Спорт", "Міс Інтэлект".

У вёсцы Чжунляо канкурсанткі "Міс свету" прайшлі праз вароты дружбы і шчасця, атрымалі ў падарунак выразаныя ўручную драўляныя карункі і пракаціліся на тралеі над трапічным лесам Янода.

На экскурсіі ў заліў Ялонг дзяўчаты атрымалі добрую порцыю адрэналіну, праходзячы па вісячым мосце і шкляной агляднай пляцоўцы на значнай вышыні. "Гэта і захапленне, і страх адначасова", – напісала ў сваім інстаграме беларуская канкурсантка.

На шоу талентаў суддзяў скарыла прадстаўніца Японіі.

У Старым горадзе Саньі дзяўчаты пакаштавалі традыцыйную гарбату і ласункі нацыянальнай кухні.

Адно з самых яскравых уражанняў пакідае конкурс "Танец свету", для якога ўдзельніцы рыхтуюць адмысловыя харэаграфічныя пастаноўкі і ўражлівыя ўборы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота missworld.com і з сацыяльных сетак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.