Краіны пашыраюць двухбаковае супрацоўніцтва ў гандлі і інвестыцыях, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, адукацыі, навуцы і турызме. «Летась аб'ём нашага тавараабароту ўзрос на 18 % і, лічу, гэта не мяжа. Мы імкнёмся да таго, каб наша сумесная дзейнасць была рознабаковай, і падтрымліваем Бангладэш на міжнародных пляцоўках», — падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ падчас сустрэчы з замежнай дэлегацыяй.
Размова адбылася напярэдадні першага пасяджэння беларуска-бангладэшскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Міхаіл Мясніковіч выказаў упэўненасць, што міждзяржаўныя адносіны будуць развівацца дынамічна і прырастаць новымі праектамі.
— Лічу, што нам трэба актывізаваць палітычныя кантакты на ўзроўні як кіраўнікоў краін, так і парламентаў, — адзначыў спікер верхняй палаты парламента. Міхаіл Мясніковіч прапанаваў разгледзець пытанні супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, асабліва будаўніцтва ліній электраперадачы і трансфарматарных падстанцый.
У Бангладэш дзейнічае праграма развіцця інфраструктуры энергасістэмы, і беларусы маглі б прыняць у ёй удзел дзякуючы свайму добраму нафтахімічнаму комплексу, які вырабляе канкурэнтаздольныя сінтэтычныя ніткі і валокны.
Таксама беларусы гатовыя дапамагчы ў падрыхтоўцы спецыялістаў па ядзернай бяспецы і фізічнай абароне атамнай электрастанцыі для АЭС, што будуе Бангладэш. Акрамя таго, на думку старшыні Савета Рэспублікі, неабходна паглыбляць узаемадзеянне ў навуковай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах — гэтыя пытанні ўжо абмяркоўваліся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Бангладэш у Расійскай Федэрацыі, па сумяшчальніцтве ў Беларусі Сайфулам Хокам.
Як адзначыў міністр камерцыі Народнай Рэспублікі Бангладэш Ціпу МУНШЫ, узаемны тавараабмен з Беларуссю адбываецца ў галінах дарожна-будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі, скураных тавараў, фармацэўтыкі, сельскагаспадарчай тэхнікі. «Абмяркоўваем перспектыўныя сферы для павелічэння двухбаковага гандлю, шукаем баланс паміж экспартам і імпартам», — паведаміў міністр.
Па словах намесніка міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрыя КОРЧЫКА, сёння заключаны кантракты па пастаўках дарожна-будаўнічай тэхнікі на 50 мільёнаў долараў, у Бангладэш зарэгістраваны сэрвісны цэнтр, які забяспечвае абслугоўванне тэхнікі пяці правінцый. Распрацоўваюцца і новыя кантракты, у тым ліку на 100 мільёнаў долараў. Беларусь павялічыць пастаўкі дарожнабудаўнічай, сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі ў паўднёва-азіяцкую рэспубліку.
За пастаўкамі тэхнікі, мяркуе намеснік міністра, пойдуць сэрвіс, запчасткі, а з павелічэннем долі беларускай тэхнікі — і навучанне персаналу бангладэшскага боку.
Варвара МАРОЗАВА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».