Вы тут

Ад думкі ў галаве да паўнавартаснага праекта


Першая ў Беларусі канферэнцыя для моладзі TedxYouth@Minsk, што адбылася 18 мая ў Prime Hall, стала яркім і лагічным завяршэннем маштабнага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH, які ладзіўся пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Там некалькі сотняў гледачоў з асаблівай увагай слухалі, хто такі Станіслаў Шабунеўскі, як зрабіць горад, у якім нічога не адбываецца, брэндам, дзівіліся з доследаў школьнай лабараторыі, назіралі за сапраўдным робатам для заняткаў фізікай, а таксама натхняліся рашэннямі ўдзельнікаў змяніць свет.


Фіналісты, арганізатары, ментары і журы.

На працягу дзевяці месяцаў зацікаўленыя назіралі за нараджэннем, афармленнем і ажыццяўленнем непаўторных ідэй, а таксама развіццём і станаўленнем будучых аратараў і вынаходцаў, тых старшакласнікаў, што сталі часткай праекту і дайшлі да самага канца. У сімвалічным чырвоным крузе TEDxYouth@Minsk апынуліся 10 самых яркіх і таленавітых удзельнікаў. Яны пастараліся не толькі ажыццявіць свае думкі, але разам з ментарамі рыхтаваліся стаць сапраўднымі майстрамі слова. За іх выступленнямі назіралі не толькі непасрэдна з залы, але і на відэасервісе VOKA ад velcom | A1, і не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

Ці змаглі ўсё ж такі хлопцы і дзяўчаты зрабіць свет лепш, а галоўнае, хто перамог у нялёгкай барацьбе і атрымаў шанец наведаць сапраўдную аўстрыйскую канферэнцыю TEDx?

Гісторыя – не толькі лічбы

Ці памятаеце вы, хто такі Канстанцін Міцкевіч? Калі адбылася Грунвальдская бітва? А які горад называюць беларускай Швейцарыяй? Крысціна Байко, адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі №16, не проста ведае адказы на гэтыя пытанні. Яна ўпэўнена: завучыць тысячы дат, імён і падзей можа быць не толькі лёгка, але і цікава. Бо «гэта веданне сваіх каранёў, разуменне сваёй культурнай ідэнтычнасці». Варта толькі ведаць чатыры закона памяці.

  1. Уражанні. Добра запамінаецца тое, што незвычайнае і чымсьці вылучаецца.
  2. Значнасць інфармацыі. Напрыклад, Крысціне, калі яна распавядае пра вайну, больш важна перадаць гісторыю сваіх бабулі Стэфаніі і дзеда Несцера, якія пайшлі добраахвотна на вайну, і нават былі ў немцаў у палоне.
  3. Закон дзейнасці. «Для таго, каб хутчэй запомніць пэўную інфармацыю, трэба працаваць з ёй. Падлічыць, супаставіць, змяніць месцамі», – тлумачыць дзяўчына.
  4. Матывацыя. Калі ў чалавека ёсць жаданне для запамінання тых ці іншых звестак, іх засвойванне адбываецца без праблем.

Гэтыя законы леглі ў аснову праекта адзінаццацікласніцы – уласнага інтэрактыўнага гіда па актуальных турыстычных маршрутах беларускай сталіцы для падлеткаў з іншых гарадоў і краін.

– Да нас па абмену прыехала дзяўчына з Галандыі, – успамінае вучаніца. – І па дарозе ад вакзала да дому распытвала пра ўсё, што бачыла. «А што гэта за пабудова? А колькі гадоў гэтаму парку? А як вам удалося захаваць такі старадаўні экалагічны від транспарту як трамвай?». Тады Крысціна і зразумела, што мала ведае пра свой горад. У яе з’явілася сапраўдная матывацыя. У будучым дзяўчына з камандай паспрабуе зрабіць сайт, на якім размесціцца карта Беларусі з відэавізіткамі для кожнага населенага пункта, якія створаць самі вучні. Мэта адзінаццацікласніцы – вывесці навучанне за межы падручніка, класа і школы, зрабіць яго жывым, бо «вучыць гісторыю па кнігах, тое ж самае, што чалавека па малюнках з раздзелу «Анатомія».

Горад – гэта брэнд

Даказала дзесяцікласніца жодзінскай гімназіі №1 Анастасія Шор на прыкладзе сваёй роднай мясціны. «Завод БелАЗ – сапраўды гонар нашага горада, і толькі тут вы маеце магчымасць сфоткацца ў вялізным аўтамабільным коле, якое вышэй за чалавека, і зможаце пакатацца на машыне памерам з трохпавярховы дом. Толькі тут, у Жодзіна» – кажа яна. Менавіта апошняя фраза і стала слэнгам у праекце дзяўчыны. Жаданне школьніцы – паказаць унікальнасць сваёй радзімы, матываваць жыхароў Беларусі разгледзець асаблівасці і адметнасці іх мясцін.

Анастасія Шор разам з журы.

Для таго, каб вылучыць Жодзіна, Насця ўзяла на сябе смеласць зрабіць лагатып. Яна спытала жыхароў, з чым асацыіруецца горад, і адабрала найбольш часта ўзгадваемыя словы: спорт, магутнасць, БелАЗ, сіла. А пасля прыцягнула некалькіх дызайнераў у дапамогу, каб сумясціць галоўныя характарыстыкі. У выніку, пасля доўгіх шуканняў выявы, шрыфта, колеру – атрымалася ажыццявіць задуманае. На намаляваным умоўным жоўтым коле БелАЗа размяшчаецца надпіс – «Толькі тут, Жодзіна», а побач – чырвоны значок геалакацыі. Асноўны жоўты колер – сімвал не толькі грамаднай машыны, але і спартыўнага футбольнага клуба «Тарпеда». Лагатып, лічыць Насця, можна ляпіць куды заўгодна. На сподкі, торбы, адзенне…

Навука ў пластыкавай бутэльцы

Уразіў гледачоў і сарваў неверагодныя воплескі дзесяцікласнік сярэдняй школы №3 г. Вілейкі Мікіта Абрамчук. Проста чытаць у падручніках па фізіцы і хіміі пра працэсы з’явы – не толькі нецікава, але і незразумела. А вось наглядная дэманстрацыя прывабіць не толькі старэйшых вучняў, але і тых, каму яшчэ доўга чакаць вывучэння прадметаў – трэцякласнікаў, чацвёртакласнікаў. Бо з дапамогай Мікітавага чараўніцтва, вада становіцца фіялетавай, а пасля – зноў празрыстай! У першым выпадку, вядома, дапамагла марганцоўка, а ў другім… звычайны перакіс вадароду. Пасля і вялізная формула становіцца больш зразумелай… А чаму паветраны шар пад яго пальцам праз некалькі секунд лопаецца? Дзіва дзіўнае! Аказваецца, што палец, што быў змочаны ў эфірным алеі, раз’ядае гуму.

Мікіта Абрамчук.

Мікіта марыць, каб такія доследы праводзіліся ва ўсіх кутках нашай краіны. Сам ён робіць гэтыя інтэрактыўныя ўрокі з «навуковымі фокусамі» для школ і інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, дзе ўсе цалкам уліваюцца ў працэс.

Ацэньвалі праекты эксперты ў сферах культуры, тэхналогій і інклюзіі, майстры публічных прамоў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і арганізацыйнага камітэта праекта.

Найвялікшая ўвага журы і гледачоў была аддадзена тром старшакласнікам, якія сталі шчасліўчыкамі-пераможцамі праекта: Ілью Баркоўскаму, што аднойчы ўбачыў палову партрэта архітэктара Станіслава Шабунеўскага на сцяне гомельскага збудавання і вырашыў зрабіць турыстычную інфраструктуру, Паліне Мураевай, якая ўпэўнена, што мастацтва і арт-прастора даступная інклюзіўнаму грамадству і Цімафею Стамброўскаму, што лёгка можа прыручыць робата і з яго дапамогай патлумачыць фізіку. Яны не проста агучылі свае задумкі, а менавіта ажыццявілі іх, прывабілі вялікую аўдыторыю, заручыліся падтрымкай мясцовых улад, набралі каманду. І гатовыя скараць новыя вяршыні.

Пра іншыя праекты ўдзельнікаў, можна прачытаць у ранейшых публікацыях “Звязды”, а таксама на афіцыйным сайце конкурса.


Моцна нацягнутыя струны нерваў нарэшце расслабіліся. Прагучалі апошнія словы арганізатараў, ментараў, удзельнікаў. Кожны фіналіст атрымаў прыемную і карысную ўзнагароду – Iphone Xs. А траім пераможцам – уручылі сертыфікат на паездку на сапраўдную канферэнцыю TEDx у Аўстрыю.

Аднак у хлопцаў і дзяўчат засталіся не толькі падарункі і прыемныя ўспаміны, але і ідэі, праекты, гатовыя да далейшай распрацоўкі. А яшчэ вера ў сябе і свае магчымасці.

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заяўкі да фінальнага выступу на сцэне адбываецца на беларускай мове.

Юлія АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.