Вы тут

Спектакль, дзе «маладзёжны» значыць «інфантыльны»


Як ні дзіўна, на прэм'еры «містычнай камедыі» «Трыкстэр клуб» Маладзёжнага тэатра самым смешным жартам публіцы падаўся выраз «Тваю маць». Хаця нядзіўна: у своеасаблівым сегменце глядацкіх спектакляў, як, уласна, і ў любым, сцэна і публіка адно аднога ўзаемадапаўняюць: прымітыўны гумар, эротыка, шаблонныя персанажы, утрыраваная акцёрская ігра, тэндэнцыя на спрашчэнне добра заходзяць аматарам танных пацех. Знаходзішся ты ў тэатры з пілястрамі і калонамі альбо сядзіш на канапе перад тэлевізарам — усё адно. Прэм'ера «Трыкстэр клуба» Андрэя Гузія па п'есе сучаснага беларускага драматурга Улады Альхоўскай адбылася 14 мая і дала магчымасць, седзячы ў тэатры, паглядзець гумарыстычную тэлевізійную п'есу.


Нават сюжэтны матыў самога спектакля стаў цудоўнай метафарай такога тэатральнага кантэнту, маўляў, чым прасцей ставіцца да складаных рэчаў, тым весялей жыць. У цела галоўнага героя — Псіхолага — усяляецца Трыкстэр, то-бок дух хітрунства і падману (гэта яшчэ і распаўсюджаны ў мастацтве вобраз; самы, напэўна, вядомы прыклад — Джэк Верабей), і пачынае замест сваёй сур'ёзнай і спагадлівай ахвяры лячыць людзей.

З дапамогай звышнатуральных здольнасцяў ён выкрывае быццам сапраўдныя праблемы і матывы трох пацыентаў і пачынае з імі гуляцца. Кожны з наведвальнікаў вяртаецца да дзіўнага псіхолага(ў) зноў і ў выніку праз пэўныя выпрабаванні альбо прыніжэнні робіцца значна шчаслівейшы. Атрымліваецца не псіхалагічная, а практычная дапамога: аказалася, што дыягназы герояў — фікцыя, а насамрэч ім патрэбна было толькі наладжанае асабістае жыццё, у чым Трыкстэр ім і дапамог.

То-бок, не варта ісці праз церні ўнутраных праблем чалавека: у такую складаную сферу, як псіхалогія, можа без цырымоній уварвацца нейкі дух, каб усё паставіць пад сумнеў і сваімі метадамі прывесці пацыентаў да хэпі-энду. Ізноў вяртаемся да асноватворнага прынцыпу «Трыкстэр клуба» як метафары такога кшталту тэатра: чым прасцей, тым лепш.

Чаго не адымеш у спектакля Андрэя Гузія, дык пераканаўчай мастацкай умоўнасці, якая дазваляе не карабаціцца ад сэнсавых ланцужкоў. Пастаноўка падладжваецца пад свайго хітрага галоўнага героя — яна вольна выкарыстоўвае прастору і выходзіць за межы сцэны, у якасці дэкарацый мае кідкую і нефункцыянальную канструкцыю ў цэнтры, па якой зрэдку скачуць акцёры, апранае Трыкстэра ў экстравагантны касцюм і дае яму ў рукі магічную палку. І, нарэшце, уяўляецца ненатуральнай, дзіўнай — адным словам, казачнай.

Вядома, і псіхолаг тут наўрад ці псіхолаг (да такога варта прыходзіць, каб цябе запэўнілі ў тым, у што ты хочаш верыць), і пацыенты наўрад ці рэалістычныя, і праблемы ў іх бязглуздыя. Уласна кожны з персанажаў праз пазбаўленне ад натуральных характарыстык губляе і сувязь з рэальным светам.

Абраны мастацкі метад — адно, а яго начыненне, што ў гэтым выпадку нагадвае нічым не абцяжараную дзіцячую фантазію, — зусім іншае. Увогуле, даць магчымасць звышнатуральнаму духу свавольнічаць замест звычайнага чалавека, прычым з жартамі і непрадказальным вынікам, — цудоўная ідэя для забаўляльнай пастаноўкі. Згадзіцеся, такі анонс прыцягнуў бы вашу як гледача ўвагу. Але ў гэтым выпадку нястыльныя кур'ёзы, што мяркуюцца быць смешнымі, смех выклікаюць наўрад ці (у чым, магчыма, і сакрэт поспеху выразу «Тваю маць»: больш амаль не было з чаго смяяцца). Першая пацыентка, якая любіць паскардзіцца на жыццё, ператвараецца ў расліну. Муж другой пацыенткі, што падымаў на яе руку, становіцца нябачным і праз назіранне за сваёй жонкай мяняе сваё да яе стаўленне. Трэці наведвальнік — журналіст — аказваецца здольным толькі на кулінарныя артыкулы і губляе сваю фанабэрыю. Першая пацыентка пачынае стасункі з трэцім, а сямейная пара наладжвае сваё жыццё — псіхолаг на такое, вядома ж, не здольны.

Рэжысура спектакля абмяжоўваецца тым, што паварочвае кола на сцэне, мяняе галоўных выступоўцаў і час ад часу застаўляе герояў перамяшчацца па дзіўнай формы канструкцыі ў цэнтры. Асобнае месца займаюць перапалкі Псіхолага з залы з Трыкстэрам на сцэне альбо наадварот: такія ж нефункцыянальныя, як і шмат што ў гэтым спектаклі, дзе вынік і сэнс прадказальныя, яны ўсё ж перыядычна гучаць і прымушаюць гледача сябе перачэкваць.

Усё следаванне формулам вянчае архаічная падкрэсленая акцёрская ігра, хаця зноў жа ў «містычнай камедыі» яна, можа, выглядае арганічна і разам з дэкарацыямі, гукамі, лішнімі і непрадуманымі элементамі, простай рэжысурай і простым усім стварае адно зразумелае цэлае.

За вышукамі сучаснага беларускага тэатра сапраўды цікава назіраць: пакуль адны аўтары прадстаўляюць свае эксперыментальныя формы і аўтарскі стыль, іншыя — спосабы завабіць у тэатральны палац цяжкадасяжнага гледача. «Трыкстэр клуб» у справе апошняга выкарыстаў усе пералічаныя вышэй сродкі, праўда, з такой наіўнасцю і непасрэднасцю, што наўрад ці і сам зразумеў, наколькі «маладзёжны» тэатр з ім апраўдаў сваю назву. Пастаноўка, што, здаецца, ставілася дзеля забавы, з казачнай мараллю і неабавязковымі сэнсамі, з'ехала ў мастацкі інфантылізм, але зноў жа шчыры. Спектакль разлічаны на гледача, каб ён ацаніў прыстасоўванне да яго нежадання абцяжарвацца, але атрымаўся такі, што глядач калі і хмыкне два разы, ужо будзе добра.

У выпадку з «Трыкстэр клубам» варта адзначыць вельмі важны, калі не вызначальны, факт работы з беларускай драматургіяй. Толькі будучыня яе дакладна не ў спрашчэнні наваколля.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Усе вашы праблемы вырашыць Трыкстэр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.