Вы тут

«Маладзёжны марафон «75» — наступным пакаленням


Дарогамі вызвалення Беларусі па маршруце Мінск — Баранавічы — Брэст — Пружаны — Гродна — Ліда — Астравец — Маладзечна — Мінск — Жодзіна — Бягомль — Віцебск — Магілёў — Гомель — Мінская вобласць (Курган Славы) удзельнікі патрыятычнага праекта «Маладзёжны марафон «75» прайшлі з 11 да 19 чэрвеня больш за 2,5 тысячы кіламетраў і сабралі больш за дзве тысячы фатаграфій вызваліцеляў краіны. Мерапрыемства было арганізавана БРСМ сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры падтрымцы Беларускай чыгункі і іншых зацікаўленых.


Фо­та Анд­рэя СА­ЗО­НА­ВА.

Акрамя ўшанавання ў месцах баявой славы памяці тых, хто заваяваў для нас мірнае неба над галавой, мэтай марафонцаў быў і больш глыбокі пасыл для наступных пакаленняў — стварэнне альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі» і палотнішча «Беларусь памятае!»

Нагадаем, маладзёжную ініцыятыву па з'яўленні такога альбома падчас сёлетняга ўрачыстага мерапрыемства 9 мая каля манумента Перамогі ў Мінску падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. На яго старонках будуць размешчаны фотаздымкі воінаў-вызваліцеляў, партызан, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу — усіх тых, хто абараняў і вызваляў краіну ад захопнікаў. Зрабіць свой унёсак у стварэнне альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі» мог любы жыхар краіны. Для гэтага неабходна было даслаць фатаграфіі і кароткія гісторыі сваіх сваякоў, якія бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. З сабраных здымкаў частка будзе размешчана на 75 аркушах у самім альбоме, а абсалютна ўвесь унікальны матэрыял увойдзе ўжо ў мультымедыйны зборнік.

Таксама ў ім будуць фатаграфіі актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і прафсаюзаў Беларусі, вядомых навукоўцаў, спартсменаў, дзеячаў культуры, прадстаўнікоў Узброеных Сіл, органаў і падраздзяленняў унутраных спраў, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, вядомых палітыкаў, журналістаў, творчай інтэлігенцыі, стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з партрэтамі іх дзядоў і прадзедаў з пакалення пераможцаў.

Фо­та Анд­рэя СА­ЗО­НА­ВА.

Стварэнню палотнішча «Беларусь памятае!» папярэднічала пошукава-даследчая работа. Актывісты Саюза моладзі ва ўсёй краіне вывучалі і абагульнялі інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Затым стваралі ў колерах нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь рэгіянальныя палотнішчы «Беларусь памятае!», якія складаюцца з лапікаў тканіны чырвонага і зялёнага колераў з нанесенымі імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы і іншай інфармацыяй: гады жыцця, воінскае званне, населены пункт, у якім нарадзіўся воін.

Пры наведванні раёнаў і гарадоў рэгіянальныя палотнішчы перадаваліся ўдзельнікам маладзёжнага марафона. Іх плануецца ператварыць у рэспубліканскае з надпісам «1941 Беларусь памятае 1945» памерам 6 на 12 метраў, якое будзе складацца з 478 кавалачкаў (239 чырвоных і 239 зялёных).

19 чэрвеня патрыятычны праект «Маладзёжны марафон «75» завяршыў свой асноўны шлях па месцах баявой славы Беларусі каля аднаго з самых вядомых сімвалаў Перамогі — Кургана Славы. Пад гукі аркестра Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС да яго падножжа была ўскладзена гірлянда памяці, вянкі і кветкі. Потым моладзь Смалявіччыны прэзентавала абласное «Палотнішча Перамогі» з 88 фрагментаў з інфармацыяй пра ўраджэнцаў цэнтральнага рэгіёна — Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы.

Фота БелТА.

Тут жа, пад адкрытым небам, на імправізаванай сцэне разгарнулася святочная канцэртная праграма ад марафонцаў і творчых калектываў Міншчыны, якую дапоўніла работа інтэрактыўных пляцовак оўпэн-эйра «Кветкі Вялікай Перамогі»: «Прывал», «Палявая кухня» з кашай і гарбатай, «Ваенны лагер» з удзелам выхаванцаў Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар» (Жодзіна), караоке «Песні ваенных гадоў» і іншых. Цікавасць выклікала пляцоўка «Музей у чамадане», прадстаўленая чатырма школьнымі музеямі Вялікай Айчыннай вайны Смалявіцкага раёна, — са сваімі гісторыямі і ваеннымі рарытэтамі. Тут жа можна было пазнаёміцца з работай службовых сабак падчас паказальнага выступлення кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Плануецца, што створанае палотнішча актывісты Саюза моладзі пранясуць 3 ліпеня ў Мінску падчас патрыятычнага шэсця «Беларусь памятае». Затым яно, як і альбом «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі», будзе перададзена на захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Кіламетры памяці, твары Перамогі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».