Вы тут

Як карабель назавеш, так ён і паплыве, альбо Чаму ў нас такія прозвішчы?


Нашы далёкія продкі лічылі непрыстойным не ведаць радаслоўную да дваццатага калена. Колькі галінак з уласнага радаводу можа згадаць сучаснік? Добра, калі памятае хаця б імёны прадзедаў... Але ці вінаваты ён у тым, што мала ведае? Бо яшчэ ў мінулым стагоддзі цікавасць да сваіх каранёў магла скончыцца кепска. Таму шляхцянства, тытулы не афішавалі. За прыналежнасць да знатных родаў чалавек мог мець непрыемнасці: абмежаванні ў працы, адукацыі, у правах на адукацыю дзяцей. Альбо нават трапіць у турму.


Але ў апошнія дзесяцігоддзі ў суайчыннікаў узрастае цікавасць да мінуўшчыны. У архівах карыстаецца немалым попытам платная (і далёка не танная) паслуга па стварэнні радаводнага дрэва. Многія грамадзяне ў вольны час і самі туды прыходзяць адшукаць звесткі пра свае карані.

Пачынаць адпаведныя пошукі раяць з расшыфроўкі прозвішча. І тут на дапамогу прыйдуць выданні, падрыхтаваныя аўтарытэтнымі даследчыкамі і краязнаўцамі: «Што ў прозвішчы тваім?» Івана Ярашэвіча (Мінск, «Деловая печать», 2018) і «Корни наших фамилий / Карані нашых прозвішчаў» Валянціны Лемцюговай і Ірыны Гапоненкі (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2018).

Першы з названых аўтараў даследуе тапаніміку і паходжанне прозвішчаў Чэрвеньшчыны (але трэба заўважыць, што прозвішчы, гісторыя якіх адлюстравана ў кнізе, тыповыя для ўсёй Беларусі). Леташняе выданне аўтар вызначае як літаратурна-навукова-папулярнае. Яно не абцяжарана пералікам канчаткаў, суфіксаў і іншых лінгвістычных тэрмінаў, напісана жывой вобразнай мовай. Адносна паходжання некаторых прозвішчаў аўтар прыводзіць не толькі сваю версію, але і іншыя, не аспрэчваючы. Да таго ж у апошнім раздзеле кнігі пісьменнік звяртаецца і да зместу асобных мянушак.

«Мянушкі, празванні — моўныя помнікі гісторыі, фальклору, этнаграфіі. На іх аснове ўзнікла і шмат прозвішчаў. На асобе пэўнага чалавека яны ілюструюць заняткі людзей у пэўнай гістарычнай плыні, вызначаюць маральна-этычныя адносіны. Маюць яны і літаратурную афарбоўку», — зазначае Іван Ярашэвіч. На прыкладах, якія мелі месца ў рэальнасці (даследчык іх пачуў ад суразмоўцаў), у кнізе апісана гісторыя паходжання мянушак «Каўбаса», «Рэшата», «Сват», «Свянцоныя яйцы», «Сучка з’ела боты» і «Яшка-Гаўрыла». Адметна, што самыя неверагодныя выпадкі і здарэнні не выдумляюць з галавы, а назіраюць у сапраўднасці, што і пацверджана расповедамі даследчыка.

Асновай другога з прапанаваных выданняў сталі пісьмы чытачоў, якія з 2008 да 2012 года друкаваліся ў рубрыцы «Што ў імені маім» у газеце «СБ. Беларусь сегодня». Калі рубрыка з’явілася на старонках выдання, не толькі з Беларусі, але і з многіх іншых краін ад чытачоў пасыпаліся просьбы патлумачыць паходжанне іх прозвішчаў. У асобных лістах прыводзілася інфармацыя пра тое, як даваліся прозвішчы ў той ці іншай мясцовасці, факты з радаслоўнай. У аснову адказаў пра паходжанні прозвішчаў пакладзены навуковыя прынцыпы і канкрэтныя факты з розных пісьмовых крыніц.

На пачатку кнігі змешчаны навукова-папулярны матэрыял з гісторыі станаўлення прозвішчаў і іх вывучэння, прыводзяцца лексічныя крыніцы прозвішчаў, а таксама карты распаўсюджанасці прозвішчаў з тыповымі суфіксамі па рэгіёнах Беларусі і Украіны. Адметна, што ў аснову прозвішчаў маглі быць закладзены не толькі рысы знешняга выгляду, хібы знешнасці, фізічны стан, разумовыя якасці, асаблівасці характару, звычкі, схільнасці чалавека, прыродныя ўмовы часу яго нараджэння, асацыяцыі з хатняй ці дзікай жывёлай, прыладай працы, прадметамі побыту. Цікава, што практыкаваліся і падманныя імёны з мэтай скрыць (каб не сурочылі) станоўчыя якасці асобы, спужаць гэтым злых духаў і ворагаў — такія прозвішчы служылі абярэгамі.

У абодвух выданнях прозвішчы групуюцца па алфавітным парадку, прыводзяцца розныя іх варыянты, часам — характэрныя прымаўкі. Яны будуць карысныя не толькі лінгвістам, гісторыкам, этнографам, фалькларыстам, анамастам — усім, хто хоча больш даведацца пра сябе і гісторыю свайго роду. Акрамя таго, матэрыялы кнігі могуць стаць дзейсным сродкам выхавання патрыятызму ў моладзі, гонару за свой край, адказнасці за справы, паводзіны, учынкі.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.