Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Цывілізацыя» ў вёсцы Н.

Фота shkolazhizni.ru

...Тая вёска, можна сказаць, у стане знікнення: хат пустых куды болей, чым жыхароў, дакладней — жыхарак, бо мужчын толькі трое: Іван, Яўхім і глухі дзед Макар. У першага ёсць жонка, у апошняга — была, ды, на жаль, памерла. А вось «сярэдні», Яўхім, з'ездзіў неяк у сваты, ды, відаць, не спадабаўся дзяўчыне — нагрузіла цэлы воз гарбузоў. Што азначала адмову, прычым адмову ганебную... Пасля такой — не ўсякі ажэніцца. Вось і Яўхім і жыў, і жыве адзін. Кватарантаў, праўда, час ад часу трымае. Не так даўно ў яго тапографы спыняліся — маладыя, вясёлыя хлопцы. Добра ім было: прасторная чыстая хата, дармавая садавіна ды гародніна, гасцінны гаспадар... Адзінокі, шкада.

А таму, відаць, не дзіва, што пасля ад'езду яны яму пасылку прыслалі.

...На распакоўку Яўхім паклікаў Івана. Бачаць: нешта ружовае... Як быццам гумовае... Дык дзеўка ж! І помпа пры ёй.

На дварэ дзядзькі паслалі радзюжку, напампавалі паветрам «цела» той маладзіцы, памацюкаліся, парагаталі яшчэ, пашукалі, чым бы адтуліну заткнуць? У пасылцы нічога не знайшлі. Яўхім у хату збегаў — вынес моцныя ніткі, злажылі ў сем столак, завязалі, як быццам, а вось падумаць, што далей рабіць, — не паспелі: дождж стаў находзіць, а ў Івана сена ў полі, у Яўхіма — яблыкі на сонцы. Пакуль спяшаліся-ратавалі ўсё, грымнуў гром — усчалася такая навальніца...

Не да дзевак было.

...Калі на вуліцы сціхла і ў двор Яўхіма вярнулася сонейка — ні радзюжкі, ні той ружовай маладзіцы ўжо не было. «Бурай знесла», — вырашылі дзядзькі і з палёгкай уздыхнулі, бо адна справа, калі баба жывая, а вось з гэтай лялькай — што ты будзеш рабіць?..

Як аказалася — нешта... трэба, бо нараніцу Іван убачыў яе побач з хатай: прыгажуня лёгенька гайдалася на высокай ліпе.

— Добра было б сцягнуць яе, пакуль бабы не згледзелі, — прапанаваў Іван суседу.

— Але ж як?

Пакуль абодва чухалі патыліцы, вуліца стала пакрысе ажываць, напаўняцца жыхарамі. Яны згледзелі неяк дзеўку і пыталі, адкуль гэты цуд? Яўхім, вядома ж, маўчаў. Добра, што Кацярына, жонка Івана, знайшлася. Сказала:

— Мусіць, навальніцай прынесла.

Тым часам з райцэнтра прыехала маршрутка і спынілася не на плошчы, а бліжэй да «натоўпу», бо цікава ж, чаго людзі пасталі — угору глядзяць... Дык жа маюць на што.

І, як здалося нейкім балбесам: ногі ў дзявулі доўгія, грудзі вялізныя, губы чырвоныя... Ну і ўсё астатняе таксама пры ёй...

Некаму сфатаграфаваць захацелася, некаму парагатаць, парасказваць анекдоты. Спрытная баба Жураўліха падмітусілася — прапанавала расказчыкам купіць клубніцы, якія збіралася везці ў горад... Ягады разышліся ўмомант.

На наступны дзень маршрутка прыехала зноў — прычым поўная зявак-турыстаў.

Таму жанчыны, натхніўшыся поспехам Жураўліхі, панеслі пад ліпу яшчэ гарачыя кукурузныя пачаткі, слоікі з казіным малаком, зялёную цыбулю, сала... Усё тут ішло «на ўра».

...Ці ведалі вяскоўцы сапраўднае прызначэнне лялькі, я сказаць не бяруся. А вось прыезджыя — тыя дакладна ведалі і нават глухому дзеду неяк давялі. Таму ён раз-пораз падыходзіў да турыстаў і казаў ім адно і тое ж:

— Бач, дайшла цывілізацыя. І мы ўжо секс-шопу маем!

Шкада, што нядоўга яна пабыла. У канцы месяца надвор'е зусім сапсавалася, некалькі дзён запар аб'яўлялі так званы аранжавы ўзровень, пасля якога ліпа... апусцела. Куды тую дзеўку занесла, ніхто не ведае.

На ўсякі выпадак задзярыце галаву, паглядзіце ўверх на дрэвы. Можа, яна дзе ў вас?

Н. А., г. Петрыкаў


Танец з... кветкамі

Фота moldovenii.md

Жыццё — гэта, згадзіцеся, чаканне вясны, перажыванне вясны і ўспамін пра яе...

У нас насупраць дома расце прыгажуня груша. А ўжо як зацвіце!..

Кветка ў яе — найпрыгажэйшая! Пасярэдзіне — сонечная зорачка і праменьчыкі-тычынкі, па краях — белыя шырокія пялёсткі. Пчолка на такіх — як на жывой пярынцы сядзіць...

А неяк, бачу, птах на галінцы з'явіўся. Голуб не голуб, бо за яго буйнейшы... І апярэнне папялістае, а дзюба ружовая,  (не шэрая, як у звычайных гарадскіх галубоў). Ды на шыйцы яшчэ два светла-жоўтыя паўмесяцы...

А галоўнае, што паводзіны зусім нязвыклыя. Вакол ігрушы — мітусня ды рух: скачуць жвавыя вераб'і і галкі-хутканожкі, сварацца за нешта навасёлы-шпакі, штось шукае ў траве чырванавокі грак, топчуцца важныя вароны... Карацей — віруе жыццё! А вось гэты незнаёмы птах сядзіць нібы ў роздуме... Ці ў чаканні?

Ага, так і ёсць: да яго, на тую ж галінку, планіруе крылатая сяброўка. Яе кавалер, як можна зразумець, прыляцеў першы — праверыў месца...

Цікава стала, хто ж ён такі?

Інтэрнэт падказаў: вяхір, лясны голуб. Там жа я прачытаў, што колькасць гэтых птушак паступова скарачаецца — з-за высечкі лясоў і празмернага... адстрэлу. Дык вось чаму яны апынуліся ў горадзе: у нас, людзей, шукаюць паратунку і пры гэтым...

Цуд дый годзе: той кавалер, гляджу, сарваў з грушы кветку, з ёй жывым самалёцікам пераляцеў на іншую галінку (за нейкі метр ад сваёй прыгажуні) і распачаў там сапраўдны канцэрт: з хлопаннем крыламі, з перабіраннем лапкамі...

Пра шлюбныя танцы я нешта недзе чытаў, але ж каб з кветкай у дзюбе... Шкада — фотаапарата пад рукой не было!

...Але ж вось «выступленне» скончана, пара галубоў уздымаецца з грушы, пералятае (кветка — з імі) на іншае дрэва — і зусім не выпадковае. Каля нашага дома сто гадоў ужо елка расце — густая-густая. Якраз такая закаханым, відаць, і патрэбна! Парачка хаваецца ў ёй, прычым так, што яе ніхто там не знойдзе і не дабярэцца. Нават кот пашкадуе лапак сваіх — не палезе ў калючы хвойнік. Значыць, вось яно, месцейка для гнязда, для птушынага дома, «падлогу» ў якім і напраўду разумна ўсцілаць кветкамі, бо птушанятам павінна ж быць цёпла!

...Цяпер на дварэ ліпень, і парачка тых галубоў разам з нашчадкамі ўжо адляцела ад нашага дома. Ім наўздагон хочацца сказаць шчыры дзякуй за чаканне вясны, перажыванне вясны і ўспамін пра вясну.

Юрый Паталкоў, г. Брэст


Ноч ад'езду і ноч прыезду

Фота fishki.net

Зімой мне гэта гісторыя таксама ўспамінаецца, але ж неяк радзей, а вось калі пачынае цяплець...

У той год нашы дзеці (зяць з дачкою) вырашылі падарыць нам... адпачынак, прычым сапраўдны і, можна сказаць, першы за ўсё жыццё, бо мы з мужам сапраўды ніколі не бачылі мора (апроч нашага, Мінскага), не былі далёка за межамі, не ляталі на самалётах.

Без гэтага — неяк жылі...

І маглі б жыць далей, аднак дзеці сталі даводзіць, што нам абаім — даўно не па сорак, што праца і лецішча нідзе не дзенуцца, што трэба падумаць пра здароўе ды пра тое, каб хоць трохі ўбачыць свет...

Але ж галоўнае нават не гэта: мы збіраліся ехаць разам, усёй сям'ёй, дзеці бралі з сабой нашу ўнучку, і паняньчыцца з ёй на беразе мора... Што можа быць лепей?!

Карацей, мы ўрэшце згадзіліся. А ўсе клопаты — па афармленні віз, браніраванні жылля, білетаў на самалёт і г. д. — зяць узяў на сябе, прычым яшчэ ў снежні, здаецца... Казаў, што так будзе танней.

І вось ён, дзень (а калі дакладней — то ноч) нашага ад'езду. Мы з мужам загадзя сабраліся, спакавалі чамаданы, у прызначаны час чакаем дзяцей, каб разам з імі паехаць у Варшаву (пералёт адтуль, казалі, ці не ўтрая таннейшы, чым з Мінска)... А яны — чамусьці не едуць: пазванілі адзін раз — сказалі, што затрымаюцца, потым пазванілі другі...

Пасля трэцяга званка бацька ўжо пытаўся, ці не зрабілася што? Ці здаровыя? Дачка супакойвала: усё дзякуй богу. Але ж можа (?!) так стацца, што... яны нікуды не паедуць (?!)...

«Не паедзеце вы, дык і мы не паедзем, — згадзіўся бацька. — Не вельмі нам і хацелася. На лецішчы пабудзем».

Такім чынам, я ўжо збіралася разбіраць чамаданы, калі «ўлада» рэзка змянілася: дзеці сказалі, што яны такі выязджаюць...

Пасля гэтага званка была сустрэча і досыць доўгая дарога: некалькі гадзін на мытні, цудоўны дзень у Варшаве, цікавы пералёт, і нарэшце — сустрэча з морам! Дзіва-дзіўнае, але варта было яго ўбачыць, зайсці ў мяккую цёплую вадзіцу, і стому як рукою зняло! Мы такі прыехалі — адпачываць!

...У той, самы першы наш вечар малая доўга не спала. Зяць з дачкою былі пры ёй. Мы з мужам — збіралі на стол. І накрывалі яго на прасторнай адкрытай верандзе з відам на мора.

Вельмі доўга потым сядзелі там, нешта елі-пілі, доўга размаўлялі, успаміналі дарогу. І пачулі ад дзяцей, што пачалася яна з вялікай згубы: то-бок перад самым ад'ездам у іх з кватэры прапалі... замежныя пашпарты, без якіх, вядома ж, ні за якую мяжу не выедзеш...

А таму іх шукалі ўсюды — у сумках і адзенні, у сталах і шафах (у дзяцей вялікая бібліятэка), у кухні, на балконах, нават на дварэ... у кантэйнерах для смецця (зяць яго разграбаў лыжнай палкай, а дачка ліхтарыкам свяціла).

Шукалі яшчэ ў ванным пакоі і непасрэдна пад ваннай. Там ужо — казалі — з істэрычным рогатам, бо хацелі, як у таго ашмянскага мытніка, знайсці два мільёны долараў і папрасіць, каб самалёт ім падагналі да пад'езда...

А ўрэшце, страціўшы ўсялякую надзею, сталі яшчэ раз абмацваць пасцель пад бокам у дзіцяці, якое ўвесь гэты час вельмі соладка спала. І хоць-нехаць пабудзілі яго. І маці «на аўтапілоце», можна сказаць, папыталася:

— Дачушка, ты не бачыла трох маленькіх сіненькіх кніжачак — у таты на пісьмовым стале?

Малая ўсміхнулася, кулачкамі працерла вочкі, узяла бацьку за любімы палец — патэпала ў бок ванны.

— Там, — паказала пальчыкам на дзверцы пральнай машыны.

Зяць адчыніў іх, засунуў руку і... з-пад нейкіх адзежак дастаў тры маленькія сінія кніжачкі.

— Гэта ты іх схавала? — спыталі бацькі ў дачушкі.

— Я, — задаволена кіўнула яна.

...Больш чым два тыдні мы пражылі тады нібы ў казцы: чысцюткае паветра, сонца, мора, паездкі-экскурсіі, дзівосная прыгажосць, а ўжо кампанія...

І ўсё ж самы светлы ўспамін — пра той, самы першы наш вечар, калі ўнучка соладка спала, а мы, учатырох, сядзелі за сталом, дыхалі морам і да слёз рагаталі, слухаючы, што адбылося з яе «падачы».

Л. Сенька, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.