Вы тут

Уладзімір Кухараў правёў прыём грамадзян у Савеце Міністраў


Праблемы сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, безбар'ернае асяроддзе, выраб інвалідных калясак — галоўныя тэмы падчас прыёму грамадзян намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Кухаравым у Савеце Міністраў.


Маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, звярнуліся да віцэ-прэм'ера па цэлым шэрагу пытанняў. Адно з самых актуальных — жыллё. Адна з наведвальніц узняла пытанне паляпшэння жыллёвых умоў. Паводле яе слоў, у яе сям'і трое дзяцей, адно з якіх інвалід. Па нормах яму належыць асобны пакой. Пры гэтым сям'я жыве ў двухпакаёвай кватэры ў Мінску і не можа стаць на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў, бо для гэтага метраж на чалавека ў сталіцы не павінен перавышаць 10 кв. м (у рэгіёнах — 15 кв. м). Уладзімір Кухараў даручыў прааналізаваць усе нюансы і адпрацаваць магчымасць урэгулявання гэтага пытання. Праблема ўзятая на кантроль. «Калі ўбачым, што трэба вырашаць гэтае пытанне, будзем выходзіць з адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі. Праблемы сем'яў з дзецьмі-інвалідамі трэба вырашаць комплексна», — падкрэсліў ён.

Яшчэ адно важнае пытанне — забеспячэнне безбар'ернага асяроддзя, у тым ліку планіроўка кватэр для інвалідаў. Адна з маці адзначыла, што ў кватэры вельмі складана перамяшчаць і паварочваць інвалідную каляску. Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць кватэры, у планіроўцы якіх улічваюцца патрэбы гэтай катэгорыі людзей, у прыватнасці пашыраны дзвярныя праёмы. «Спецыяльныя праекты распрацаваны, трэба толькі адрэгуляваць гэтае пытанне. Міністэрству працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць праблему пад сваю эгіду і фарміраваць сацыяльны заказ. Тады выканкам будзе ведаць, колькі кватэр для сем'яў з інвалідамі трэба пабудаваць у раёне», — дадаў ён.

Некалькі маці ўзнялі праблему вырабу інвалідных калясак, тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, пашыву артапедычнага абутку. Па іх словах, мадэль каляскі нярэдка не адпавядае патрэбам канкрэтнага дзіцяці-інваліда, а пры пашыве абутку — вялікія чэргі і заказ трэба чакаць некалькі месяцаў. Уладзімір Кухараў даручыў прапрацаваць пытанне ўдасканалення мадыфікацый інвалідных калясак і падкрэсліў, што вытворцу варта ў першую чаргу ўлічваць меркаванні людзей, якія карыстаюцца такімі сродкамі. Ён таксама даў даручэнне ўрэгуляваць пытанні пашыву артапедычнага абутку.

Актуальнай праблемай з'яўляецца недахоп сацыяльных таксі. У сувязі з гэтым запісвацца трэба задоўга да запланаванай паездкі, што стварае цяжкасці для сем'яў з інвалідамі. Віцэ-прэм'ер адзначыў неабходнасць папаўнення аўтапарка. «Сацыяльныя таксі запатрабаваныя, яны патрэбныя многім сем'ям, і мы павінны працягваць работу ў гэтым кірунку», — сказаў ён.

Акрамя таго, на сустрэчы былі выказаны прапановы зрабіць больш свабодным графік работы сацыяльных няняў — не строга чатыры гадзіны ў дзень, як цяпер, а па дамоўленасці паміж сям'ёй і няняй. Віцэ-прэм'ер падтрымаў прапанову і даручыў прапрацаваць магчымасць вырашэння пытання.

Да Уладзіміра Кухарава на прыёме звярталіся ў тым ліку і з нагоды паляпшэння жыллёвых умоў, жыллёва-камунальных паслуг, ліцэнзавання ў транспартнай сферы.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.