На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, дэпутаты павінны прымаць такія законы, якія не супярэчылі б развіццю грамадства, не заводзілі ў прававы тупік. А такіх нестыковак апошнім часам узнікае нямала. Аб гэтым, у прыватнасці, ішла размова падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ ў Мастах.
У першую чаргу кіраўнік рэгіёна адзначыў высокую актыўнасць жыхароў Гродзеншчыны падчас вылучэння кандыдатаў у ніжнюю палату парламента. Сапраўды, сёлета на 13 дэпутацкіх месцаў ад рэгіёна прэтэндуюць 66 чалавек. Гэта на 11 чалавек больш, чым у папярэднюю выбарчую кампанію. У сярэднім — 5 чалавек на месца.
— Гэта высокая канкурэнцыя, і ёсць з каго выбраць, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Калі раней было па адным чалавеку на акругу, цяпер такога няма. Сярод кандыдатаў ёсць кіраўнікі, юрысты, беспрацоўныя, пенсіянеры. Хацелася б, каб у парламент трапілі людзі, якія маюць рознабаковыя здольнасці, добра разбіраюцца ў эканоміцы, юрыспрудэнцыі. А галоўнае — выконваюць тыя задачы, якіх чакае выканаўчая ўлада.
За час існавання незалежнай дзяржавы створана трывалая заканадаўчая база, якая распрацавана літаральна з нуля. Але жыццё не стаіць на месцы. І некаторыя законы пачынаюць супярэчыць з рэчаіснасцю, атрымліваюць развіццё эканомікі. Каб пазбегнуць такіх нестыковак, неабходна ўдасканальваць заканадаўства. Такія спадзяванні выканаўчая ўлада ўскладае, у тым ліку, на будучы дэпутацкі корпус наступнага склікання.
— Канешне, выканаўчай уладзе неабыякава, хто прадставіць наш рэгіён у парламенце, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Хоць, здаецца, паехалі ў Мінск і там працуюць. Я таксама быў дэпутатам ніжняй палаты, і з майго пункту гледжання, у дэпутата два сур'ёзныя кірункі ў рабоце. Гэта непасрэдна работа над заканадаўствам, у камісіях, зносіны з міністэрствамі і ведамствамі. І другі кірунак — гэта работа ў сваёй акрузе. Павінна быць прамая сувязь з выбаршчыкамі, з насельніцтвам, каб зразумець, як рэалізуюцца тыя ці іншыя законы, як іх удасканаліць, што змяніць.
Не апошнюю ролю адыгрывае і асоба дэпутата. Што датычыць кандыдатаў, якія вылучаны ад Гродзеншчыны, палова з іх — прадстаўнікі партый. Ёсць кандыдаты ад ЛДП, «Грамады», КПБ, «Зялёных», БНФ, АГП і іншых. Нямала тых, каго вылучылі працоўныя калектывы. Прафесійны склад таксама даволі шырокі — ад вартаўніка да дырэктара прадпрыемства. Ёсць і беспрацоўныя. Шырока прадстаўлена бізнес-кола. Жаночае прадстаўніцтва не сказаць, што значнае. З 66 кандыдатаў іх усяго 15. Маладых людзей таксама няшмат — пяць чалавек. Хто з іх трапіць у парламент — пакажуць выбары, якія адбудуцца 17 лістапада. Ад Гродзеншчыны будзе абрана 13 дэпутатаў — па колькасці акруг.
Зарэгістравана і трое дзеючых членаў парламента, якія выказалі намер працягваць дэпутацкую работу і прайшлі неабходныя працэдуры пры вылучэнні ў кандыдаты 7-га склікання. Дарэчы, не ўсе прэтэндэнты на месца ў парламенце змаглі дайсці да працэсу рэгістрацыі, пасля якога яны могуць прэтэндаваць на галасы выбаршчыкаў. «Адсеялася» 11 чалавек, з якіх пяць самі знялі свае кандыдатуры, а яшчэ шасці адмоўлена ў рэгістрацыі з-за недасканаласці дэкларацыі альбо недакладных подпісаў.
— Кажуць, што ў палітыцы няма месца сумленню, шчырасці, адкрытасці, але гэта не так. Людзі аддаюць перавагу менавіта тым, хто неабыякавы і паслядоўны, умее трымаць сваё слова, — адзначыў кіраўнік рэгіёна. — Зразумела, што зараз, напярэдадні выбараў, кандыдаты павінны пабываць у калектывах, сустрэцца з людзьмі. Даведацца, што іх хвалюе. Тут розныя пытанні ўзнікаюць — дарогі, праблемы ЖКГ, зямельныя пытанні, заработная плата, новыя рабочыя месцы — у праблемах выбаршчыкаў няма дробязяў.
Па словах Уладзіміра Краўцова, дэпутаты працуюць разам з мясцовымі ўладамі, каб зняць праблемы, зрабіць жыццё жыхароў больш камфортным і бяспечным. Ад дэпутатаў залежыць і выкананне тых задач, якія былі прыняты на Усебеларускім народным сходзе.
— Пачнецца новая пяцігодка, і будуць распрацоўвацца новыя кірункі дзейнасці, важна, каб дэпутаты працавалі на перспектыву. Што датычыцца нашых кантактаў, выканкам заўсёды запрашае народных абраннікаў на пасяджэнні, мерапрыемствы, міжнародныя сустрэчы, — паведаміў кіраўнік рэгіёна.
На думку кіраўніка абласной вертыкалі ўлады, дэпутатам варта быць больш публічнымі і даступнымі для прадстаўнікоў СМІ. Выказвацца па ўсіх пытаннях, якія хвалююць наша грамадства, расказваць, над чым яны працуюць.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.