Вы тут

У сталічнай школе №10 ладзяць сэлфі-экскурсіі


Фота з мемарыяльнымі дошкамі супраць экстрэмальных сэлфі

Такія здымкі арганізоўваюць у сталічнай сярэдняй школе № 10 падчас пазнавальных экскурсій «Мая малая Радзіма — Мінск». Пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога школы Івана Шчарбакова вучні збіраюць цікавую інфармацыю пра вядомых людзей, у гонар якіх на будынках Партызанскага раёна размешчаны мемарыяльныя шыльды. Падчас міні-падарожжаў (у якія энтузіясты-школьнікі запрашаюць малодшых вучняў сваёй і іншых школ) усе ахвотныя не толькі робяць інфарматыўныя сэлфі, каб падзяліцца імі ў сацсетках, але і змяняюць сваё стаўленне да прагулак па горадзе, вучацца заўважаць, што адбываецца навокал.


Тут жылі людзі-легенды

Падобныя сэлфі-экскурсіі ў школе адбываюцца ўжо другі год. Па вясне і ўвосень дзеці выпраўляюцца па гарадскіх вуліцах раёна да дамоў, сцены якіх захоўваюць багатую гістарычную спадчыну. А малавядомыя факты пра гістарычных асоб робяць падарожжа яшчэ больш захапляльным.

Выправіўшыся на днях разам з вучнямі ў іх сэлфі-экскурсію, наш карэспандэнт даведалася, напрыклад, што месца для ўзвядзення сталічнага цырка падказала актрыса Ларыса Александроўская, якую спытаў пра гэта сам Сталін.

— Налета мы будзем адзначаць 75-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А яшчэ 2019-ы і 2020-ы аб'яўленыя Гадамі малой радзімы. З гэтай нагоды мы і вырашылі звярнуць увагу на гісторыю нашага Партызанскага раёна, — расказвае ідэйны натхняльнік сэлфі-экскурсій, сацыяльны педагог школы № 10 Іван Шчарбакоў. — Мы заўважылі, што калі дзеці ідуць у школу, яны амаль не звяртаюць увагі на мемарыяльныя шыльды на дамах і часта не ведаюць, каму яны прысвечаны. З дапамогай упраўлення адукацыі нашага раёна і творчай групы вучняў шостых—восьмых класаў мы распрацавалі праект сэлфі-маршрута. Вывучалі гісторыю і выбіралі для падарожжа самыя цікавыя моманты з жыцця вядомых людзей.

А Партызанскі раён багаты на гістарычных асоб. Непадалёк ад самой школы, напрыклад, пражывала мноства палітычных дзеячаў, таму што гэта цэнтр горада, і менавіта тут знаходзіўся будынак Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, кажа ў пачатку экскурсіі педагог.

Маршрут пачынаецца ад дома № 25 па вуліцы Захарава. На будынку шмат мемарыяльных дошак, і мы слухаем ад вучня 8 «Б» класа Юліяна аповед пра скульптара Аляксея Глебава, па праекце якога ў Полацку быў створаны помнік першадрукару Францыску Скарыне.

— Амаль усю інфармацыю шукае настаўнік, а мы потым адбіраем самае цікавае, што найбольш спадабалася і ўразіла. Рыхтуемся да кожнага маршруту не адзін дзень, — кажа Юліян, які не выключае, што з часам можа стаць прафесійным экскурсаводам.

З вуліцы Захарава збочваем у завулак Вайсковы і спыняемся каля дома-легенды № 12. Тут у свой час жылі і тварылі дзеячы мастацтва і пісьменнікі. Пра савецкага і беларускага драматурга Андрэя Макаёнка нам расказала вучаніца 6 «А» Аляксандра. І дадала, што ў праекце яна з самага пачатку:

— У сезон экскурсій удзельнічаю ў іх раз-два на тыдзень. Вельмі цікава даведвацца пра вядомых людзей і апавядаць пра іх іншым.

А яе аднакласніца Яна расказвала пра оперную артыстку і рэжысёра Ларысу Александроўскую, якая выпускала па дзве прэм'еры ў год.

— Мы вельмі любім нашы экскурсіі і часта ў іх удзельнічаем. Да нас нават далучаюцца дзеці з іншых школ са сваімі класнымі кіраўнікамі. Калі ты паглыбляешся ў гісторыю чалавека, то лепш пачынаеш разумець тое, што ён рабіў, — упэўнена Яна.

Падарожнічаць у гісторыю, а не глядзець на выявы

Яшчэ адзін вядомы дом, каля якога заканчваецца наш сэлфі-маршрут, знаходзіцца на завулку Бранявым, 4. Як і дом на Вайсковым завулку, ён быў збудаваны ў канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, аднак абодва будынкі значна адрозніваюцца па архітэктуры ад «аднагодак».

— Дамы ствараліся для эліты таго часу. І цяпер тут жывуць або нашчадкі легендарных асоб, або заможныя людзі, якія могуць дазволіць сабе набыць такое жыллё. Архітэктурныя асаблівасці апартаментаў тут дагэтуль вызначаюцца пышнасцю і памерамі, і ні разу не даводзілася чуць, каб нехта з жыхароў паскардзіўся на камунальныя праблемы, — кажа Іван Шчарбакоў.

Пра Васіля Шарапава, які ў свой час быў міністрам шляхоў зносін і ўзначальваў Мінгарвыканкам, стаў мінчанінам года ў 2014 годзе і пражыў больш за 100 гадоў, ізноў расказваў Юліян. Летась школьнікі ўсім класам удзельнічалі ў адкрыцці мемарыяльнай шыльды ў яго гонар. «У 1980 годзе праходзілі Алімпійскія гульні ў Маскве. Каб дабрацца туды з еўрапейскіх краін праз Беларусь, спатрэбіліся добрыя дарогі, і яны былі створаны дзякуючы дзейнасці Васіля Шарапава», — дадае настаўнік.

Пра Ціхана Кісялёва, які больш за 20 гадоў старшынстваваў у Савеце Міністраў, расказала Ксенія. Вядомага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Івана Палякова прадставіў Іван. З жыццём арганізатара партызанскага руху на Беларусі Сяргея Прытыцкага пазнаёміла Даша. І гэта толькі маленечкая частка інфармацыі, якая хаваецца за мемарыяльнымі дошкамі і памятнымі шыльдамі на дамах.

Кожны раз пасля такіх падарожжаў у школьнікаў з'яўляецца шмат цікавых фотаздымкаў, якімі яны з задавальненнем дзеляцца ў сацсетках.

— Мы любім змяшчаць свае здымкі ў акаўнтах, расказваць, дзе яны былі зроблены і чым адметныя людзі на іх. Гэта значна цікавей, чым рызыкаваць жыццём дзеля сэлфі ў небяспечным месцы, — кажуць вучні.

Уся экскурсія займае менш за гадзіну, каб дзеці не стамляліся і не страчвалі ўвагу. Аднак калі школьнікаў прыходзіць больш, маршруты могуць быць даўжэйшыя.

Многія з сённяшніх маладых экскурсантаў падумваюць з часам дапамагаць творчай групе Івана Шчарбакова, каб перадаваць цікавыя веды малодшым вучням. Творчыя школьнікі і іх крэатыўны і натхнёны настаўнік ужо плануюць налета стварыць новыя маршруты па знакавых мясцінах: зазірнуць у парк Горкага і сквер Янкі Купалы, наведаць Палац прафсаюзаў, Палац Рэспублікі, цырк. І ўсё гэта не проста каб паглядзець звонку і ўнутры, а каб здзейсніць сапраўднае падарожжа ў гісторыю.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Пяшком па вуліцах сталіцы

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.