14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Студэнты ФМА БДУ атрымалі званне «Міжнародны гросмайстар» па шашках


Студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ атрымалі званне «Міжнародны гросмайстар» па шашках. Высокі спартыўны тытул стаў вынікам паспяховага выступлення на чэмпіянаце свету па шашках-64 сярод мужчын і жанчын у Балгарыі. «Золата» ў спаборніцтвах па маланкавай і класічнай гульнях сярод жанчын выйграла першакурсніца Яна Якубовіч. А чацвёртакурснік Уладзіслаў Валюк заваяваў «серабро» ў асноўнай праграме сярод мужчын.


Яна і Уладзіслаў (усярэдзіне).

Яна пачала займацца шашкамі ў шэсць гадоў, калі ў школу прыйшоў трэнер па гэтым відзе спорту. Дзяўчына прызнаецца, што спачатку ўспрымала шашкі як хобі і больш часу аддавала ўсё ж такі вучобе. Сваю першую вікторыю яна не памятае, таму што была тады вельмі маленькая, а вось самай важнай падзеяй у жыцці называе першую перамогу на чэмпіянаце свету ў 2016 годзе. «Шашкі мне падабаюцца, таму што дзякуючы ім я магу развіваць мозг — логіку, аналіз — такім чынам, станаўлюся лепшай», — адзначае дзяўчына і дадае, што менавіта іх яна ўзяла б з сабой на бязлюдны востраў. «Больш за ўсё ў жыцці мяне засмучаюць паражэнні, але я кажу сабе: «Нічога страшнага, заўтра ты выйграеш!»

Яна Якубовіч марыць стаць чалавекам, якім змагла б захапляцца сама, таму яе трэніроўкі сёння — гэта штодзённыя заняткі па дзве-тры гадзіны. А сваю перамогу на чэмпіянаце свету ў Балгарыі і званне «Міжнародны гросмайстар» дзяўчына каментуе так: «Гэта быў мой першы дарослы чэмпіянат па гульні ў рускія шашкі, таму лічу свой вынік крутым. Калі перамагаю, адчуваю радасць і задавальненне ад таго, што ў мяне атрымалася, што намаганні не былі марныя. Для таго каб дамагчыся высокіх вынікаў, неабходна шмат трэніравацца, мець добрую фізічную форму і ўнутраны стрыжань, таму што ёсць спаборніцтвы, якія праходзяць не адзін дзень, і ў выпадку пройгрышу неабходна настроіцца на новую гульню».

Ва Уладзіслава Валюка гісторыя знаёмства з шашкамі іншая. Як прызнаецца сам спартсмен, яны праследуюць яго з... пялёнак. Тата Уладзіслава — Андрэй Валюк, дванаццаціразовы чэмпіён па шашках, міжнародны гросмайстар, а цяпер трэнер многіх беларускіх спартсменаў, у тым ліку і Уладзіслава. «Займаюся шашкамі з маленства. Мне іх падкідвалі ў калыску, часам нават расстаўлялі розныя пазіцыі, — смяецца хлопец. — Да таты заўсёды можна было звярнуцца з пытаннем ці па дапамогу, але рашэнне гуляць у шашкі я прыняў сам», — адзначае Уладзіслаў. Дасягнуць высокіх вынікаў спартсмену дапамагла эфектыўная, якасная, шматгадовая праца. «Для таго каб былі дасягненні, неабходныя гады трэніровак. Трэба шмат працаваць, толькі тады будзе высокі вынік, як і атрымалася ў мяне». Сваім найлепшым дасягненнем Уладзіслаў называе другое месца на чэмпіянаце свету ў Балгарыі.

Трэнер Андрэй Валюк, каментуючы поспехі Яны і Уладзіслава, адзначае, што перамога заключаецца ў сістэмнасці. «Каб дасягнуць вынікаў, трэба вельмі шмат працаваць і мець дастаткова ведаў. Гэта залежыць не толькі ад трэнера і вучня, але і ад бацькоў, і ад асяроддзя спартсменаў».

Адзначым, што на гэты момант уладальнікамі тытула «Міжнародны гросмайстар» па шашках-64 з'яўляюцца дзесяць спартсменаў Беларусі.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Палку» гросмайстраў прыбыло!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.