Вы тут

У Віцебску прадстаўлена выстаўка са збору Музея карэйскіх паштовых марак


У адзіным у краіне Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання, што ў Віцебску, прадстаўлена выстаўка са збору Музея карэйскіх паштовых марак.

У яе прэзентацыі бралі ўдзел прадстаўнікі пасольства КНДР у Рэспубліцы Беларусь. Госці адзначылі, што і ў век лічбавых тэхналогій у іх краіне вельмі папулярная традыцыйная паштовая сувязь. Дарэчы, і самі яны вельмі часта адсылаюць лісты на радзіму.


Наогул, паводле іх слоў, усе карэйцы вельмі любяць адпраўляць і атрымліваць лісты. Падстаў паслаць паштоўку сябрам шмат: на Новы год, Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, 8 Сакавіка, а таксама напярэдадні памятных дзён гадавін карэйскай рэвалюцыі. У Карэі прынята віншаваць адно аднаго паштоўкай у сувязі з самымі рознымі жыццёвымі падзеямі.

Цікава, што КНДР — краіна, у якой ёсць яшчэ адна добрая традыцыя: памятаць і віншаваць паштоўкамі сваіх настаўнікаў.

Першыя паштовыя маркі — «Мугунхва» (кветка гібіскуса) і «Скалы Самсон» — былі выпушчаныя ў 1946 годзе ў гонар пачатку дзейнасці пошты ў вызваленай Карэі.

На марках багата прадстаўлена гістарычная і патрыятычная тэматыка. Многія з іх прысвечаны Кім Ір Сену, заснавальніку паўночнакарэйскай дзяржавы, яго паслядоўнікам. Таксама ёсць маркі, якія адлюстроўваюць разнастайныя бакі жыцця карэйскага народа, і ў першую чаргу нацыянальныя традыцыі і звычаі, якія яны вельмі шануюць.

У 1965 годзе КНДР была ўключана ў спіс членаў Міжнароднай федэрацыі філатэлістаў (FІР). А з 1974 года краіна ўваходзіць у Сусветны паштовы саюз. У тыя гады пачынаецца выпуск марак на міжнародныя тэмы з надпісамі на англійскай мове для філатэлістаў.

У цэлым паштовыя маркі КНДР адлюстроўваюць сусветную тэндэнцыю. На іх можна ўбачыць і гарадскія пейзажы, і вядомых людзей, шырока прадстаўлены тэмы транспарту, алімпійскіх відаў спорту, асваення космасу. Асаблівае месца займаюць маркі з выявамі флоры і фаўны. Травы, кветкі і дрэвы выступаюць не толькі як жывыя фарбы для стварэння прыгожай карціны прыроды ў яе сезонных зменах, партрэта «ідэальнага» чалавека, але і як адлюстраванне традыцыйнай вобразнасці, забабонаў і павер'яў, якія стагоддзямі існавалі ў Карэі.

Маркі краіны чучхе выклікаюць ва ўсім свеце асаблівую цікавасць і лічацца выдатным сувенірам. Многія з іх не толькі вельмі прыгожыя, за што часта адзначаюцца прызамі на міжнародных выстаўках, але і з'яўляюцца філатэлістычнай рэдкасцю.

Пётр Падгурскі, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, нагадаў, што раней падзеяй у культурным жыцці Віцебска стала выстаўка твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва КНДР. Цяпер — чарговая выдатная нагода адкрыць для сабе таямнічую краіну, з якой у Беларусі вельмі добрыя стасункі.

Вывучаць Карэю праз маркі ў Віцебску можна будзе да 27 студзеня.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Маркі краіны чучхе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Культура

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.