На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў зацвердзілі графік падрыхтоўкі пытанняў для разгляду на другой сесіі (адкрыецца 2 красавіка), вызначыліся з удзелам у міжнародных парламенцкіх арганізацыях і сфарміравалі рабочую групу па вывучэнні пытання аб адмене смяротнага пакарання.
Увядзенне ў лічбавізацыю
Па словах віцэ-спікера Палаты прадстаўнікоў Валерыя Міцкевіча, у графік вясновай сесіі ўключаны 32 праекты нарматыўна-прававых актаў. 12 з іх дэпутаты разгледзяць у першым чытанні, 14 — у другім. Чакаецца ратыфікацыя шасці міжнародных пагадненняў.
Законапраект аб ахове здароўя будзе рэгламентаваць лічбавізацыю: магчымасць выдачы электронных рэцэптаў, наяўнасць асабістага кабінета, фарміраванне базы даных аб пацыентах у адным месцы. Гэты законапраект комплексна рэгулюе ўсё, што датычыцца аховы здароўя. У новай рэдакцыі нарматыўна-прававога акта з'явіцца цэлая глава, якая прадугледжвае стварэнне камітэта па біяэтыцы. Таксама законапраект уводзіць паняцце «экспертыза якасці медыцынскай дапамогі». Яе плануецца праводзіць пры смяротных выпадках, выпадках унутрыбальнічных інфекцый, а таксама пры паступленні скаргаў ад пацыентаў і іх сваякоў.
— Працягваецца і ўдасканаленне працэсуальнай, крымінальнай і судовай дзейнасці, — расказаў Валерый Міцкевіч. — Вялікі блок пытанняў датычыцца нацыянальнай бяспекі. Упершыню на заканадаўчым узроўні трэба комплексна ўрэгуляваць падыходы да абароны персанальных даных. Гэты дакумент будзе разгледжаны ў другім чытанні. На абарону правоў спажыўцоў накіраваны змены, што прыбіраюць састарэлыя нормы ў сферы рэкламы. Неабходна завяршыць работу над папраўкамі ў Закон аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі. Важнымі з'яўляюцца прававыя навацыі ў галіне зямельных адносін і сельскай гаспадаркі.
Таксама на сесіі будуць разгледжаны законапраекты, якія датычацца лічбавізацыі судоў.
Развіццё парламенцкай дыпламатыі
Дэпутацкі корпус працягне актыўнае ўзаемадзеянне на ўзроўні рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. Чакаюцца афіцыйныя візіты ў Беларусь кіраўнікоў парламентаў Латвіі, Малдовы, Пакістана, Швейцарыі і Германіі. Вясной у Беларусі запланавана правядзенне 13-га пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальных сходаў Беларусі і Арменіі.
— Існуе шэраг міжнародных арганізацый, з якімі мы нацэлены на ўстанаўленне і развіццё канструктыўных адносін, — паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ. — Гэта ПАСЕ, Парламенцкая канферэнцыя Балтыйскага мора, Паўночны савет. Асаблівая ўвага будзе звернута на падрыхтоўку пытанняў, звязаных з удзелам кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Беларусі ў V Сусветнай канферэнцыі спікераў, якая павінна адбыцца 19—21 жніўня ў Вене пад эгідай Міжпарламенцкага саюза.
Такое мерапрыемства праводзіцца раз у пяць гадоў. Таксама пройдзе нарада спікераў краін Еўразіі і Інданезіі.
Дыялог на неадназначную тэму
На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў было прынята рашэнне аб стварэнні ў Нацыянальным сходзе рабочай групы па вывучэнні пытання аб адмене смяротнага пакарання.
Групу ўзначаліць старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька.
— У Нацыянальным сходзе чацвёртага, пятага і шостага скліканняў функцыянавала рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, які ўжываецца ў Беларусі, — адзначыў на пасяджэнні Генадзь Давыдзька. — МЗС станоўча ацэньвае вынікі яе работы і мяркуе, што гэтая дзейнасць дазваляла падтрымліваць экспертны дыялог з замежнымі партнёрамі па такой адчувальнай для беларускага боку тэматыцы.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.