«Мама заўсёды вылучалася тым, што ёй падабаліся мужчыны. У маладосці ў яе было шмат раманаў. Але з узростам гэта не спынілася. Цяпер ёй 75 гадоў, яна даўно жыве адна. І дагэтуль перыядычна ў яе з'яўляюцца кавалеры. Яна вельмі актыўная, пастаянна ўдзельнічае ў мерапрыемствах для пажылых людзей, танцавальных вечарах «Для тых, каму за...», дзе і знаёміцца. У тым, што з яе фізічным здароўем усё ў парадку, сумненняў няма. А вось з псіхічным? Ці нармальная такая актыўнасць у такім паважаным узросце?»
Марыя, г. Мінск
Адказвае ўрач-сексолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вольга Неўдах.
— Палавая актыўнасць у такім узросце пры адсутнасці іншай паталогіі (фізічнай ці псіхічнай) абсалютна нармальная з'ява. Іншая справа, што зусім не частая. Палавая актыўнасць залежыць ад нашай палавой канстытуцыі. А гэта сукупнасць біялагічных прыкмет, іншымі словамі, тое, што даецца нам ад нараджэння, як, напрыклад, колер вачэй, і на працягу жыцця застаецца нязменным.
Ёсць тры тыпы палавой канстытуцыі: слабая, сярэдняя і моцная. У залежнасці ад палавой канстытуцыі сексуальная актыўнасць таксама будзе рознай.
Для ацэнкі палавой канстытуцыі выкарыстоўваюць шкалу вектарнага вызначэння. Для мужчын яна распрацавана і апрабавана неўрапатолагам, адным з заснавальнікаў савецкай сексалогіі і сексапаталогіі Георгіем Васільчанкам, для жанчын — Ірынай Ботневай.
Па гэтай методыцы ў жанчын вызначаюць наступныя паказчыкі: менструальная функцыя (яе пачатак, а таксама характар — рэгулярная без паталогій ці з асаблівасцямі), дзетародная функцыя (тэрміны наступлення цяжарнасці і характар яе цячэння), трахантэрны індэкс (суадносіны росту і даўжыні нагі), характар аваласення (па мужчынскім ці жаночым тыпе), прабуджэнне эратычнага лібіда (у якім узросце), аргазм. Атрыманыя паказчыкі параўноўваюць з сярэднімі значэннямі нормы. Яны, дарэчы, дазваляюць меркаваць не толькі аб палавой канстытуцыі, але і аб характары яе парушэнняў.
Мяркуючы па звестках, што ёсць у пісьме, можна канстатаваць, што вашай маме пашчасціла, бо яе прыродныя
даныя дазваляюць весці актыўнае паўнацэннае жыццё ў сталым узросце.
Алена КРАВЕЦ
Фота: sanruzh.by
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.