Вы тут

Мамін дзённік. Маленькі кніжнік, альбо як мы ў бібліятэку хадзілі


Тую пасылку з пошты я несла з асаблівай радасцю, нават хваляваннем. Вяскоўцы з цікаўнасцю назіралі за вялікай скрыняй, якую я трымала ў руках, і, напэўна, спрабавалі здагадацца, што там ляжыць, а галоўнае — ад каго. І першае, і другое я, безумоўна, ведала. Каб не марнаваліся навагоднія цукеркі, якія нам з Арцёмкам так і не ўдалося забраць у рэдакцыі, мая сяброўка-каляжанка вырашыла, што «даедуць» яны з Мінска самі. Аб тым, што прыбыў салодкі падарунак не адзін, стала зразумела, як толькі я ўбачыла пасылку. А калі ўзяла яе ў рукі, усе сумненні развеяліся: там было нешта яшчэ.


Прыйшоўшы дадому, вырашыла не распакоўваць. Пачакаю, пакуль прачнецца Цёмік, і разам паглядзім, што там унутры. Праз амаль фанатычную любоў малога да салодкага я зразумела, ведала, але ў рэшце рэшт гэта яго падарунак, мае ж ён права з'есці некалькі цукерак! Праўда, калі ўскрылі пасылку, на пакунак з імі Арцёмка вялікай увагі не звярнуў: падумаеш, мыш ды мыш (мяшэчак з пачастункамі быў прымацаваны да мяккага сімвала гэтага года і змяшчаўся ў замкнёнай на маланку торбачцы). Малога больш захапіў домік з рознымі фігуркамі і ключыкамі, які мая Веранічка таксама паклала ў каробку. На другі план адышлі і іншыя пачастункі ад каляжанкі, калі Цёмік выцягнуў з пасылкі кнігі.

Прыгожыя, вялікія, з яркімі малюнкамі і маленькімі літарамі — акурат тое, што патрэбна ў гэтым узросце. Казкі Арцёмка слухае ўжо з дзевяці месяцаў (у маі яму ўжо споўніцца два гады), але па-сапраўднаму літаратурай захапіўся ён нядаўна. Спачатку выцягваў кнігі з паліц, перакладаў туды-сюды, часам нават на іх танцаваў, вазіў на сваім трактарчыку. А цяпер і старонкі сам пагартае, і па-свойму раскажа, хто там намаляваны, знойдзе любімага персанажа — Бабу Ягу, якую быццам бы баіцца, але чамусьці вельмі любіць на яе глядзець. Прычым у кожнай кнізе ёсць канкрэтныя персанажы, дзеля якіх ён гартае старонкі: паветраныя шарыкі, шэры воўк, якога збіраюцца з'есці трое парасят, хлопчык, які ходзіць па лужынах басанож...

А на днях Цёмік упершыню пабываў у бібліятэцы. У сапраўднай, вясковай, дзе я некалі праводзіла большую частку свайго вольнага часу. На жаль, ён там быў ледзь не першы наведвальнік за цэлы дзень, таму ўвага малому чытачу была адпаведная. Пакуль я шукала на вокладках патрэбныя мне імёны, Арцём залез на крэсла, скінуў адтуль вялікага мяккага сабаку і прынёс яго ў чытальную залу. Калі я ўвайшла туды праз некалькі хвілін, разам з «га» (так Цёмік называе сабакаў) яны ўжо гарталі кнігі... Адным словам, паход у бібліятэку разнастаіў наш звычайны дзень — адтуль малога за вушы было не выцягнуць.

Тут вы, напэўна, хацелі б мяне пахваліць: маўляў, якая добрая маці, дзіця ў яе кнігамі захапляецца, а не ў гаджэтах сядзіць, свету белага не бачачы. Не спяшайцеся! І нас гэтая халера не мінула. Без мульцікаў, уключаных менавіта на смартфоне (прычым тых, якія ён сам, націснуўшы на адпаведнае акенца, выбярэ), Цёмік не паесць. Скажаце: голад не цётка? Спрабавалі. Яшчэ па свежых слядах скіроўвалі ўвагу на іншыя рэчы, у рэшце рэшт на тэлевізар. Не атрымалася. У свае няпоўныя два гады Цёмік знойдзе цікавы яму відэаролік, націсне крыжык на выплыўшай рэкламе, а таксама суаднясе адпаведныя фігуркі ў дзіцячай гульні на планшэце. І паверце, ніхто яго гэтаму не вучыў!

Відаць, назойлівая любоў да гаджэтаў дзецям перадаецца з малаком маці. Не дарэмна ж разумныя людзі кажуць, каб мы не выхоўвалі дзяцей, а выхоўвалі саміх сябе. Вось карысталіся б мы кнопачнымі тэлефонамі выключна з адной мэтай — тэлефанаваць — усё было б нармальна. А чаго хацець ад дзяцей, якія, быццам трафарэты, пераймаюць нашы дзеянні і паводзіны? Не будзем хлусіць, гэта вельмі зручна: даў малому смартфон і займаешся хатнімі справамі, якіх у жанчын заўсёды хапае. Ці як інакш прымусіць дзіця пасядзець спакойна на якой-небудзь важнай сустрэчы ці ў далёкай дарозе?!

Але ж мы неяк выраслі. І неблагімі людзьмі, здаецца, сталі. І гуляць з цацкамі ўмелі, і бацькоў слухаліся, і з сябрамі цікава праводзілі час. У той жа бібліятэцы, куды хадзілі не толькі каб узяць якую кнігу альбо пагартаць свежыя часопісы, а і нешта абмеркаваць, прымалі ўдзел у імпрэзах, рыхтаваліся да ўрокаў і творчых вечароў. Часам сесці не было дзе (вядома ж, вясковая чытальня). А цяпер там цішыня. Так быццам бы і павінна быць у бібліятэцы. Але цішыня іншая — нават старонкі не шапацяць. Пакуль вось адзін такі Цёмік не наведаецца, няхай цяпер выключна дзеля забавы. Аднак усё ж гэта лепш, чым у смартфоне сядзець.

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: beautyrobot.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.