Вы тут

Культурны праект «Мастак i горад» пройдзе ў анлайн-фармаце


Новы час дыктуе новыя падыходы: арганiзатары мастацкiх iмпрэз iмклiва вучацца праводзiць iх з улiкам абмежаванняў дыстанцыяй i самаiзаляцыяй. Так, штогадовы культурны праект «Мастак i горад», якi прысвечаны сёлета 100-годдзю творчай суполкi УНОВIС, у сярэдзiне мая дзявяты раз адкрыецца на сталiчнай плошчы Якуба Коласа — але ўпершыню ў анлайн-фармаце.


На працягу васьмi мiнулых гадоў «Мастак i горад» выводзiў карцiны за межы галерэй, музеяў i прыватных калецый — з вузкага кола знаўцаў i прыхiльнiкаў у публiчную гарадскую прастору, прычым не толькi мiнскую — выстаўка праходзiла таксама ў Вiцебску i Брэсце, расквечваючы будзённасць вулiц i адкрываючы, куды ўжо блiжэй, для шырокай публiкi творчасць класiкаў i сучаснiкаў беларускага выяўленчага мастацтва — Марка Шагала, Казiмiра Малевiча, Валянцiна Губарава, Георгiя Скрыпнiчэнкi, Мiкалая Селешчука, а летась — Зоi Луцэвiч i Зоi Лiтвiнавай. Цяперашнi пераход у анлайн-рэжым, як мяркуюць арганiзатары, дазволiць шматразова павялiчыць аўдыторыю i пайсцi яшчэ далей — з гарадскiх вулiц i плошчаў наўпрост у кватэры ўсiх аматараў жывапiсу, незалежна ад iх месцазнаходжання.

У гэтым сезоне выставачны праект, падтрыманы гарадскiмi ўладамi Мiнска i Вiцебска, ладзiцца пад знакам #UNOVIS100 i прадставiць гледачам 32 работы айчынных мастакоў-авангардыстаў. Сярод аўтараў — жывапiсцы з вiцебскага мастацкага аб'яднання «Квадрат» Аляксандр Малей, Мiкалай Дундзiн, Вiктар Шылко, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукiн i Аляксандр Дасужаў. «Квадрат» дзейнiчаў у Вiцебску ў 1987—1994 гадах i, паводле ўласнага азначэння, «прэтэндаваў на самастойнасць i незалежнасць у дачыненнi да творчасцi i арганiзацыi творчага працэсу», пры гэтым развiваў iдэi i асноўныя прынцыпы супрэматызму Казiмiра Малевiча, а таму з поўным правам мог звацца спадчыннiкам УНОВIСа.

Дырэктар Вiцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнiкаў адносiць праект «Мастак i горад» да тых падзей, што не бяруцца з нiадкуль, а нiбыта выходзяць з ценю:

— Нягледзячы на модныя i нямодныя плынi, змены кан'юнктур, з'яўленне i сыход новых рэалiй, у Вiцебску быў i ёсць свой, шмат у чым унiкальны, культурны асяродак. У iм нараджалiся i працягваюць нараджацца новыя iдэi, новыя мастакi. Можна гаварыць пра сувязь з самымi вялiкiмi iмёнамi, праводзiць паралелi, але вiцебскiя мастакi, такiя, якiя яны ёсць, — яркiя iндывiдуальнасцi, асобы. У iх творчасцi гучыць Вiцебск, горад, людзi i тыя вiбрацыi, што можна адчуць, паглядзеўшы работы, прадстаўленыя на выстаўцы».

Зрабiць гэта сёлета будзе як нiколi проста: «Мастак i горад» пераходзiць у анлайн-рэальнасць. Каб наведаць экспазiцыю, не трэба нават пакiдаць кватэру — з 14 мая вiртуальны тур па плошчы Якуба Коласа можна зладзiць на сайце праекта higminsk.by. На iнтэрнэт-лакацыi ў панарамным фармаце будуць размешчаны белыя кубы з рэпрадукцыямi карцiн. «Абыходзячы» канструкцыю, iнтэрнэт-наведвальнiкi змогуць разгледзець кожную работу з усiх бакоў, а пры нацiсканнi на рэпрадукцыю адкрыецца фотаздымак высокай якасцi. Карцiны традыцыйна суправаджаюцца апiсаннямi на беларускай, рускай i англiйскай мовах.

У звыклым фармаце, на сапраўднай, а не вiртуальнай плошчы праект «Мастак i горад» 2020 года плануецца адкрыць, як толькi гэта дазволiць зрабiць эпiдэмiялагiчная сiтуацыя. Калi ўсё атрымаецца, экспазiцыя таксама прыедзе з Мiнска ў Вiцебск, дзе сто гадоў таму i нарадзiлася творчае аб'яднанне УНОВIС.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота арганiзатараў праекта

Загаловак у газеце: Мастакi выходзяць з ценю

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.