Вы тут

Каля двух гадоў жыхар Вiцебска даказваў, што камунальнiкi няправiльна налiчылi плату


Каля двух гадоў патрацiў 70-гадовы жыхар Вiцебска, каб даказаць, што камунальнiкi няправiльна налiчылi плату за карыстанне вадой у яго кватэры. А жыхару Глыбокага за карыстанне вадой за дзесяць месяцаў налiчылi... каля 223 рублёў. Пры гэтым лiчыльнiкi ў яго былi. Чаму так здарылася? Высветлiў наш карэспандэнт.


Юрый Лукоўнiкаў з абласнога цэнтра расказаў, што ў яго кватэры на праспекце Чарняхоўскага ў 2018-м былi знятыя для паверкi набытыя iм раней прыборы для ўлiку вады. Работнiкi арганiзацыi водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi не прапанавалi яму на час паверкi ўстанавiць прыборы ўлiку з абменнага фонду, а замест гэтага — так званыя ўстаўкi. Прыборы ўлiку вярнулi больш чым праз дваццаць дзён.

У вынiку за месяц, у якiм праводзiлася паверка прыбораў улiку, мужчыну прад'яўлена да аплаты 24 рублi 26 капеек — за спажыванне i адвядзенне каля 18,3 «куба». У тым лiку 12,9 рубля — за прыблiзна 9,9 «куба», зыходзячы з тарыфаў, якiя забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў камунальнiкаў.

Калi прасцей: налiчылi па сярэднiм, так, быццам лiчыльнiка i не было. Для параўнання: за папярэднiя месяцы па прыборах улiку ён плацiў у сярэднiм па сем рублёў за пяць—шэсць «кубоў» вады.

Гараджанiн куды толькi не звяртаўся, каб даказаць, што мякка кажучы, несправядлiва да яго аднеслiся. Сказаў, што ўпачатку з'ездзiў у камунальную арганiзацыю, дзе пагаварыў з некалькiмi супрацоўнікамі. У адказ пачуў, што падпiсаў жа акт прыёмкi — пасля ўстаноўкi лiчыльнiка, дык чым незадаволены?

Суразмоўца прыгадаў, што са сваёй крыўдай звяртаўся i на «гарачую» лiнiю ЖКГ, да дэпутатаў. Адпiскi, у тым лiку з профiльнага мiнiстэрства, надакучылi — не тое слова, абуралi...

Амаль што расчараваны завiтаў у Камiтэт дзяржкантролю Вiцебскай вобласцi. Мужчына кажа, што там да яго праявiлi павагу i не проста паабяцалi разабрацца, а давялi справу да лагiчнага канца.

Дарэчы, з аналагiчнай праблемай да кантралёраў звярнуўся жыхар Глыбокага. Там налiчылi ажно 223 рублi.

53-гадовы пенсiянер МУС Валянцiн Масальскi растлумачыў нашаму карэспандэнту, што летась яго чатыры лiчыльнiкi былi замененыя. Яны каля дзесяцi месяцаў функцыянавалi, але не былi ўлiчаны, бо не была праведзена дзяржаўная метралагiчная паверка прыбораў.

Мужчына таксама пiсаў у розныя iнстанцыi i атрымлiваў незадавальняючыя яго адказы. Урэшце прыйшоў на выязны асабiсты прыём грамадзян, у якiм удзельнiчаў кiраўнiк абласнога Камiтэта дзяржкантролю.

— Дзiўна, што пры разглядзе неаднаразовых абгрунтаваных скаргаў грамадзян у арганiзацыi водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi не прымаўся пад увагу той факт, што iх вiны ў сiтуацыi, якая склалася, няма. А значыць i няма падстаў рабiць разлiк платы як пры няўлiчаным спажываннi па падвышаных нарматывах, — разважае намеснiк старшынi КДК Вiцебскай вобласцi Вадзiм Валовiч.

У Мiнiстэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркi пагадзiлiся з пазiцыяй Камiтэта дзяржкантролю, што вiны плацельшчыкаў паслуг у гэтым выпадку няма.

Пасля заканчэння тэрмiну паверкi прыбораў улiку i пры адсутнасцi вiны спажыўца плата павiнна налiчвацца па сярэднiм аб'ёме спажывання за два папярэднiя месяцы, у якiх ажыццяўлялася плата па паказаннях прыбораў iндывiдуальнага ўлiку.

У гэтай сувязi Камiтэтам дзяржкантролю вобласцi ўнесены абласному КУП водаправодна-каналiзацыйнай гаспадаркi «Вiцебскводаканал» прапановы аб правядзеннi пераразлiку паслуг водазабеспячэння. Спажыўцы будуць аплачваць паслугi з улiкам сумы, што «авансавалi». Iм ужо перагледжаны памер налiчанай платы за ваду.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Загаловак у газеце: Ну і «накапала»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.