Вы тут

Дырэктар прыватнага прадпрыемства: Я марыла зрабіць што-небудзь карыснае для землякоў, і дзяржава мяне падтрымала


Ганна ШАНДАРУК, дырэктар прыватнага прадпрыемства «Шанц-Парэчча»:


— Чвэрць стагоддзя таму я вырашыла адкрыць свой бізнэс у невялікім пасёлку Парэчча Гродзенскага раёна. Першым аб’ектам стала харчовая крама. Без перабольшвання магу сказаць, што ставіла перад сабой задачу прадставіць самы шырокі асартымент харчовых прадуктаў, якія дагэтуль не траплялі на прылаўкі мясцовай гандлёвай сеткі. І жыхары гэта ацанілі. Таму зрабіла і другі крок — адкрыла прамтаварную краму. А ў хуткім часе — і рэстаран. Новы будынак узведзены ў цэнтры аграгарадка, побач з чыгуначным вакзалам. Дарэчы, менавіта праз Парэчча амаль 160 год таму прайшла першая на Беларусі чыгунка. Да таго ж тут маляўнічыя мясціны, ёсць санаторый «Парэчча». Таму стаўку зрабіла ў тым ліку і на турыстаў. Але галоўным чынам імкнулася, каб было зручна мясцовым жыхарам — і вяселле справіць, і юбілей, і іншыя важныя падзеі. Дзеля патрэб месцічаў адкрыла цырульню, дзе працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы. І наша паслуга запатрабавана, бо сёння кожны чалавек, незалежна ад таго, дзе ён пражывае, імкнецца быць акуратным і сучасна выглядаць. Лічу, што такая магчымасць у маіх землякоў ёсць.

Вядома, такія крокі было б немагчыма зрабіць без падтрымкі мясцовых уладаў і тых нарматыўных дакументаў, якія прымаюцца кіраўніцтвам краіны. Другі год, як сельскі бізнэс вызвалены ад аплаты падатка на дабаўленую вартасць. Значна скарацілася колькасць дакументаў, справаздач, узгадненняў. Гэта дае магчымасць развівацца. А для ахвотных заняцца сваёй справай — пачынаць бізнэс.

Я вельмі люблю сваю малую радзіму і ганаруся, гледзячы, як мяняецца яе аблічча. За апошнія гады аграгарадок значна добраўпарадкаваны. Наводзіцца парадак на вуліцах, арганізаваны вываз смецця, самі жыхары сочаць за парадкам, аднаўляюць свае дамы і падворкі. Якраз цяпер вядзецца капітальны рамонт дарогі з Гродна на Парэчча. Гэта таксама вельмі важна, бо пасажырапаток паміж абласным цэнтрам і аграгарадком вельмі значны. А некаторыя і наогул імкнуцца ўладкавацца ў нашым аграгарадку. Тут ёсць праца ў санаторыі, дзвюх школах, кадэцкім вучылішчы, мясцовай гаспадарцы, у іншых установах. Галоўнае — не ленавацца, працаваць, праяўляць ініцыятыву, кемлівасць. І поспех абавязкова прыйдзе...

Запісала Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.