Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній


Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта і адказаў на пытанні журналістаў.


170 замежнікам сёння ноччу адмоўлена ў перасячэнні мяжы

170 чалавекам за сённяшнюю ноч і раніцу адмоўлена ў перасячэнні мяжы, нагода — альбо фальшывыя візы, альбо адсутнасць выразнага тлумачэння мэты прыезду ў нашу краіну. Пра гэта паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам пасля таго, як прагаласаваў на участку № 1 Цэнтральнага раёна сталіцы.

«На мяжы кантроль вельмі сур’ёзны. Мы павялічылі назіранне, сыходзячы з апошніх падзей, на беларуска-расійскім участку. Дарэчы, і там былі людзі, якіх мы выдварылі з краіны. Замежныя грамадзяне спрабавалі ўехаць у Беларусь з незразумелымі прычынамі, — расказаў ён. — Мы не расслабляемся, усе нашы адпаведныя структуры і спецслужбы пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым нясення службы, не толькі міліцыя і не толькі пагранічнікі. Не расслабляемся».

«Электаральная кампанія 2020 года — адна з самых складаных»

«Я бы не сказаў, што гэта (выбарчая кампанія — «Зв.») самая цяжкая. Цяжар аднолькавы заўсёды, але гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Тут складанасць ў тым, што мы, магчыма, шмат чаго не ведаем. Таму мы вымушаны працаваць па ўсіх франтах. Калі шчыра, мы прадугледжваем ўсякія варыянты, але падстаў казаць пра тое, што заўтра краіна будзе ўвергнутая ў хаос, абсалютна няма».

«Я доўга думаў,  што ж адбываецца. Вывад просты. Грошы. Заплаціў і няважна, які пашпарт, якія ідэі, грошы ёсць — ваюем, змагаемся. Так і ў нас ў краіне знутры адбываецца. Усё вырашаюць грошы. Ну вы ж ўявіце там: пэўныя «сядзельцы», грошай жа хапае, мільёны вывезлі, мы яшчэ не ўсё бачым тое, што вы ўбачылі з экранаў тэлевізараў, гэта капейкі. Велізарныя грошы. І яны ж разумеюць, што гэтыя грошы ім могуць у жыцці не спатрэбіцца, таму яны кідаюць зараз гэта на супрацьстаянне з уладамі: а раптам атрымаецца, а раптам на вуліцы выйдуць, а раптам прыстрэляць, застрэляць Лукашэнку, і гэтак далей. Розныя версіі. Мы нічога тут не выключаем, але працуюць грошы. Таму я думаю, заўтра ўжо яны адпрацуюць свае грошы, інвестыцыі гэтыя засвоюць, і супакояцца і зразумеюць, што жыццё ж адно. Тыя, хто сёння супрацьстаіць уладзе, застануцца жыць тут, разам з тымі, каму яны супрацьстаяць».

«Шэраг медыярэсурсаў хацеў абвастрэння сітуацыі на вуліцах краіны»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы да дыялогу з апанентамі ўлады, але на правакацыі адказ будзе адпаведны. 

«Калі вы проста выказваеце сваю пазіцыю або пазіцыю некага, і там бачна, што гэта Пятроў, Сідараў, Іваноў, я гэта вітаю. Я гатовы з вамі весці дыялог, асабіста гатовы з вамі весці дыялог. Калі вы тэндэнцыйна пачынае паводзіць сябе, скажам так, я таксама гэта бачу, — адпаведныя адносіны. А калі вы правакуеце, ну дык атрымаеце тое самае ў адказ. Што не так? Вы што, хочаце спрабаваць звергнуць уладу, зламаць нешта, укалоць, абразіць, як гэта вы рабілі спачатку больш, зараз менш, і чакаеце, што перад вамі я або нехта ўкленчыць і будзе вам цалаваць калені? Цалаваць пясок, па якім вы хадзілі? Не будзе гэтага!»

Аляксандр Лукашэнка заклікаў да законнасці і выказаў упэўненасць, што шэраг медыярэсурсаў хацеў абвастрэння сітуацыі на вуліцах краіны. 

«Многія СМІ ў Беларусі і тыя, хто за імі стаяць, хацелі мардабою, — звярнуўся ён. — Пакуль мардабою не было, проста мы вас паставілі на месца. Што вы хочаце ад нас? Хочаце, каб я ўкінуў у хаос краіну? Дык вы ж мяне потым стопчаце і будзеце правы, што я не абараніў, у тым ліку і вас, і вашу сям’ю. Я хачу, каб было спакойна, каб мы з вамі вялі дыялог, калі ён ёсць. І калі вы здольныя нешта зрабіць для краіны, паверце, я вам ствару ўсе ўмовы, каб вы працавалі на краіну. Калі вы будзеце змагацца супраць краіны, калі вы будзеце спрабаваць нават у самых малых рэчах кінуць краіну ў хаос і дэстабілізаваць, вы атрымаеце імгненны ад мяне адказ. Гэта ж мае канстытуцыйныя паўнамоцтвы. За што вы мяне папракаеце?»

«Выконвайце закон і знікнуць усякія размовы пра рэпрэсіі і яшчэ нешта. Будзеце парушаць, будзеце адказваць. І тое мы яшчэ мякка адказвалі і шчыра я вам яшчэ скажу — я заўсёды стрымліваў праваахоўнікаў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Пужаць нас санкцыямі не трэба»

На пытанне, ці не баіцца кіраўнік дзяржавы ўвядзення санкцый шэрагам дзяржаў пасля выбараў, Прэзідэнт адказаў:

«Пужаць нас санкцыямі не трэба, мы ўжо ведаем, што такое санкцыі», — паведаміў Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на наступствах пандэміі каранавіруса для беларускай эканомікі. У Беларусі намецілася хай невялікая, але дынаміка прыросту. Золатавалютныя рэзервы за гэты перыяд павялічыліся амаль да дзевяці мільярдаў.

«Гэта нечаканасць, у тым ліку і для мяне. Ёсць добрыя тэндэнцыі да таго, што мы выкараскаемся з гэтага крызісу».

Таксама Прэзідэнт разлічвае, што бізнес Беларусі і Польшчы будзе актыўна супрацоўнічаць хаця б так, як да пандэміі.

Аляксандр Лукашэнка адзначае неэфектыўнасць працы інтэграцыйных структур падчас пандэміі

Адно з пытанняў журналістаў датычылася ацэнкі Прэзідэнта дзейнасці інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы падчас каранавірусных абмежаванняў.

«Ацэньваю іх працу як неэфектыўную. Нацыяналізм і нацыянальныя інтарэсы, мякка кажучы, прэваліравалі і прэваліруюць, больш за тое, вы закранулі пандэмію, я тры месяцы таму або два папярэдзіў: гэтая хвароба — самае простае, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Будзе супрацьстаянне, будуць выкарыстоўваць моцныя дзяржавы гэтую пандэмію, каб нахіліць слабых... Не хачу паўтарацца. Таму інтэграцыйныя структуры спрацавалі дрэнна, асабліва наша інтэграцыйнае аб’яднанне. Вы ўбачылі нешта ў Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, СНД, нейкае адзінства? Ну так, урачы, нехта некаму пасылаў нейкія лекі, але значна больш дапамаглі людзі з боку, скажам, Кітайскай Народнай Рэспублікі, заходнія краіны вельмі шмат дапамагалі. Не Беларусі датычыцца, мы, дзякаваць богу, без дапамогі абышліся ў гэтай пандэміі. Але кожны закрыўся ў сваім маленькім свеце і спрабаваў выкараскацца».

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Еўрапейскі саюз. 

«Пандэмія паказала, што спадзявацца трэба на сябе, і цаніць тое, што ў цябе сёння пад нагамі», — падсумаваў ён.

«Не чакайце, што перад намі расшаркаюцца»

На пытанне, на якую міжнародную адзнаку выбараў разлічвае Аляксандр Лукашэнка, і аб магчымасці загадзя нарыхтаваных у заходніх партнёраў шаблонаў рэакцый, Прэзідэнт адказаў коратка: «Калі шчыра, усё, што нарыхтавана, я ўжо прачытаў»..

«Не чакайце, што перад намі расшаркаюцца і скажуць: малайчыны, беларусы. Палітыка — гэта барацьба, а для нас — мастацтва магчымага. Мы не хочам, каб пра нас казалі блага, але зыходзіць будзем з інтарэсаў беларускага народа. Я хачу, каб у маёй краіне, у вашай было ціха і спакойна, каб мы маглі гадаваць нармальна сваіх дзяцей, не азіраючыся па баках», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Хвастом мяне гэта пандэмія ўдарыла»

Пацікавіліся журналісты і станам здароўя кіраўніка дзяржавы, які перахварэў на каранавірус. Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, ён адчуваў сябе стомленым, але спісваў гэта на вялікія нагрузкі.

«Калі дамашнія мае прасігналізавалі, што ёсць праблемы, мы паехалі ў бальніцу і ўпэўніліся, што я перанёс гэты вірус на нагах, але хвастом усё ж такі мяне гэта пандэмія ўдарыла. Калі б я не паехаў правярацца, можа, так і перанёс бы», — падзяліўся Прэзідэнт.

«А людзям пасталей усё ж такі трэба берагчы сябе, таму што хвароба вылечная (нашы ўрачы малайчыны, навучыліся) — але такая агідная, што далей няма куды…

Хвароба вылечная, але вывады трэба зрабіць. Трэба прытрмлівацца здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання. І ні ў якім разе не сядзець дома, быць больш на свежым на паветры, варушыцца, бегаць, скакаць, займацца спортам», — параіў кіраўнік дзяржавы.

«Мы непакоіліся за людзей, і мы іх нават абаранялі»

Прадстаўніца замежнага СМІ звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі, з пытаннем аб правядзенні перадвыбарчых мітынгаў іншымі кандыдатамі ў Прэзідэнты.

«Апошнія мітынгі прэтэндэнтаў на пост Прэзідэнта нават АМАП і міліцыя ахоўвала,. Мы непакоіліся за людзей, і мы іх нават абаранялі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што для масавых сходаў ва ўсіх краінах ад Польшчы да Велікабрытаніі вызначаныя адмысловыя месцы. У Мінску шэсць такіх пляцовак.

«І толькі на адной, на дзвюх дэманстрацыі былі. Яшчэ чатыры ў запасе: ідзіце і дэманструйце. Але калі вы будзеце дэманстраваць абы-дзе ў парушэнне закона (якім усё ўрэгулявана) і будзеце перашкаджаць іншым людзям, мы будзе заклікаць да адказнасці. Вось і ўся арыфметыка», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пляцоўкі былі распісаныя загадзя.

«І перш за ўсё была дадзена магчымасць апазіцыі вызначыць, у якія дні яны будуць праводзіць. Распісалі кожны дзень. Я ў курсе справы, гэта пытанне ўжо да мяне даводзілі. Я ў Мінгарвыканкаме запрасіў гэту інфармацыю. Яны мне графік: вось, узгоднена з усімі штабамі, лідарамі. Якія пытанні могуць быць, каго мы павінны пакрыўдзіць?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ён не займаецца рэзерваваннем пляцовак, больш за тое — сам не праводзіў у Мінску ні мітынгаў, ні пікетаў. А калі ўжо расклад ёсць, яго трэба прытрымлівацца.

«Захочаце пасля выбараў выказаць сваё меркаванне, добра, давайце паглядзім, на якіх пляцоўках па законе, і выказвайце сваё меркаванне», — звярнуўся Прэзідэнт.

Прэзідэнт павіншаваў «Звязду» з 103-годдзем

Карэспандэнт нашага выдання, задаючы пытанне Прэзідэнту, адзначыла, што ў гэты дзень «Звязда» святкуе дзень нараджэння.

«Я вас віншую. Дзякуй вялікі за інфармацыю», — сказаў кіраўнік краіны.

Пытанне ад «Звязды» прагучала наступнае: «Як пройдзе Ваш дзень у чаканні вынікаў галасавання?».

«Звычайна, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я нічога на дадзены момант змяніць не магу, як вы разумееце. Усё залежыць ад людзей, якія прыйдуць на ўчасткі. Я ж не першыя выбары перажываю. Таму ў мяне ёсць пэўны вопыт. Я буду чакаць вынікі як і ўсе вы. Проста чакаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі хтосьці чакае, што ў нас абсалютна сапсаваліся адносіны з Расіяй, памыляецеся»

Задавалі апошнія пытанні журналісты пад моцным дажджом, але рашэнне працягнуць размову ў такіх умовах яны прынялі самі. 

Наступнае пытанне тычылася тэлефоннай размовы Прэзідэнта з яго расійскім калегам. Журналісты агенцтва «Спутнік» пацікавілася падрабязнасцямі размовы і тым, як будуць далей будавацца адносіны дзвюх краін.

«Выбудоўвацца адносіны будуць нармальныя. Вы, мабыць, гэта з сухога паведамлення прэс-службы заўважылі. Так, я папракнуў Расію, што яны перайшлі з братэрскіх на партнёрскія адносіны. Дакладна было заўважана Прэзідэнтам Расіі: «Мы будзем будаваць з вамі братэрскія адносіны, а тое, што адбываецца, Аляксандр Рыгоравіч, давайце разбяромся дэтальна. Я вам дашлю інфармацыю, якую мы маем на сёння», —працытаваў калегу беларускі лідар.

На наступны дзень ён атрымаў ліст з выкладаннем усіх фактаў, і зараз Следчы камітэт Беларусі разглядае іх.

Прэзідэнт паведаміў і пра перспектыву двухбаковых адносін.

«Калі хтосьці чакае, што ў нас абсалютна сапсаваліся адносіны з Расіяй, памыляецеся. Мы з Прэзідэнтам Расіі прынялі рашэнне, і ніякія сродкі масавай інфармацыі, вагнеры і іншыя на гэта паўплываць не ў стане. Гэта квінтэсэнцыя, сутнасць нашых размоў з Прэзідэнтам Расіі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь — гэта дом у цэнтры Еўропы з вокнамі на ўсход і на захад, з выхадам на поўдзень і на поўнач»

На пытанне польскага журналіста: «Куды паедзеце ў выпадку перамогі на выбарах?» Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Туды, куды запросяць. Я пакуль, шчыра вам скажу, асабліва не напружваюся з нагоды сваіх першых візітаў. Я ж не першы год буду Прэзідэнтам, калі мне людзі давераць. Таму ў мяне няма гэтай праблемы. Я ўжо з „першымі візітамі“ наездзіўся. Таму шчыра вам скажу: гэтай праблемы ў мяне няма. Мы не будзем здзейсняць візіт дзеля таго, каб нешта прадэманстраваць. Нам гэта не трэба».

Курс знешняй палітыкі абазначаны ў Пасланні народу і парламенту, дадаў Прэзідэнт.

«Беларусь — гэта дом у цэнтры Еўропы з вокнамі на ўсход і на захад, з выхадам на поўдзень і на поўнач, — падкрэсліў ён. — Гасподзь так вызначыў, у сілу нашага месцазнаходжання мы вымушаныя, знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, супрацоўнічаць з усімі. Мы будзем супрацоўнічаць. Я ўжо сказаў, што на ўсходзе ў нас вельмі моцныя дзве дзяржавы: хочам мы, не хочам, але з Расіяй заўсёды будзем супрацоўнічаць, заўсёды будзем разам, у залежнасці ад таго, наколькі Расія здольная на больш цеснае, альбо менш цеснае супрацоўніцтва. Бліскучыя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай, яны развіваюцца, з постсавецкімі краінамі, рэспублікамі ў нас вельмі добрыя адносіны. І з Польшчай у нас наладжваюцца адносіны. І калі вы там не будзеце праводзіць акцыі антыбеларускія, тыпу дэманстратыўнага прадастаўлення прытулку розным дзеячам, ведаеце, пра што я кажу, тады мы будзем выбудоўваць з вамі адносіны».

«Нафту і газ мы будзем купляць там, дзе больш зручна. Але ёсць адзін момант: мы не можам залежыць ад адной краіны. Вы гэта цудоўна разумееце. Таму мы супрацоўнічаем, у тым ліку, і з Польшчай, у гэтай частцы. Гэта эканоміка, ад яе нікуды не падзенешся».

Што датычыцца затрыманых баевікоў, то беларускі бок запрасіў Генеральных пракурораў Украіны і Расіі, каб разам абмеркаваць гэту сітуацыю, пакуль ні першы, ні другі не прыехалі.

«Не прыедуць, мы самі разбяромся і вырашым гэту праблему, — паведаміў Прэзідэнт. — Але запрашэнне пракурораў і адмова сюды прыехаць кажа пра тое, што напляваць ім на лёс гэтых хлопцаў. Паслалі і паслалі. Спачатку кажуць: у Венесуэлу пасылалі, потым — у Стамбул, потым — у Лівію, потым быццам бы Сечын (старшыня савета дырэктараў дзяржкампаніі «Раснафтагаз», якая валодае кантрольным пакетам акцый кампаніі «Раснафта» — «Зв.») наняў іх, каб ахоўваць недзе ў свеце, ці то ў Лівіі, ці то ў Венесуэле, ці то ў Сірыі нафтавыя аб’екты. На што Ігар Сечын сказаў: «Я да іх не маю ніякіх адносін». І я яму веру. Зараз ужо (ну вы, напэўна, усю гэтую канспіралогію прачыталі і бачылі, дзе гэта ўсё выкладзена) кажуць, што трэцяя краіна хацела зладзіць правакацыю і сутыкнуць Беларусь і Расію. Слухайце, магчыма. Але мне якая розніца, хто гэта справакаваў? Я работаю па факту. Як з гэтымі 180 чалавекамі, якіх мы дэпартавалі фактычна з краіны за ноч і раніцу. Мне абыякава на дадзены момант, хто іх сюды накіроўваў, гэта другаснае. Галоўнае, каб яны не наладзілі тут пажар у цэнтры Мінска. Вось што для мяне сёння важна. Вядома, мы гэта будзем улічваць і будаваць свае адносіны, зыходзячы, у тым ліку, з гэтых момантаў».

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на перамогу ў выбарах

Журналіст амерыканскага інфармацыйнага агенцтва спытаў Прэзідэнта, ці ўпэўнены ён у сваёй перамозе і ці плануе і далей балатавацца на пасаду кіраўніка краіны?

«Калі буду жывы і здаровы, адкажу, ці збіраюся я балатавацца ў далейшым. А што тычыцца ўпэўненасці ў сваёй перамозе — я бы не быў так адназначны. Я спадзяюся», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

А ніжэй вы ўбачыце, як выглядаў участак №1 у асноўны дзень выбараў. Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ


Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.