Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Мэр... Першы і апошні

У Васіля Прадуна — адметная біяграфія. Ён першы і апошні мэр горада Ганцавічы. Чаму першы? Таму што — быў такі час — у пачатку дзевяностых — і людзі выбралі. Чаму апошні? Таму што праз шэсць гадоў гарвыканкам ліквідавалі. У працоўнай кніжцы Васіля Васілевіча так і запісана: «Звольнены ў сувязі з ліквідацыяй...»

Фота Алы Пятліцкай.

З мэраў — у беспрацоўныя — такое, мусіць, і ў сне пабачыць нялёгка, а чалавек на яве перажыў.

— Жонка Святлана тады падтрымала, — гаворыць Васіль Васілевіч. — Яна для мяне — як сонца ў аконцы... Як убачыў некалі на танцах у Доме культуры, так і закахаўся, адразу вырашыў, што будзе маёй. Так што пашанцавала.

Але ж гэта было потым, спачатку хлопец выбіраў прафесію.

— Ну падабалася мне электрычнасць, святло. Пасля школы, — успамінае Васіль Васілевіч, — марыў стаць энергетыкам, паступаў у Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ). З першай спробы не хапіла балаў, па конкурсе не прайшоў. А бацька працаваў намеснікам галоўнага бухгалтара на Ганцавіцкім гароднінасушыльным заводзе. Кажа: не паступіў, дык ідзі на завод, будзеш скрынкі збіваць. Ну і збіваў, пакуль у войска не прызвалі.

Пасля двух гадоў службы ён яшчэ раз падаў дакументы ў політэхнічны, і гэтым разам удача ўжо ўсміхнулася.

Як вучыўся, размова асобная: і ў будатрады ездзіў, і вагоны разгружаў... Шмат чаго перажыў...

Пасля інстытута атрымаў накіраванне ў Баранавіцкі раён электрасетак. А там адразу: «Хочаш у Ганцавічы начальнікам апера-тыўна-дыспетчарскай службы?» Ну хто б не хацеў — у родны раён, да сваіх людзей...

Пяць гадоў адпрацаваў на гэтай пасадзе. У раёне ўсю энергасістэму ведаў, усе слупы, можна сказаць, сваімі рукамі памацаў.

— Потым у райсельгастэхніку галоўным энергетыкам паклікалі, — успамінае мужчына. — Я згадзіўся: новая цікавая работа. Дванаццаць гадоў працаваў, зноў жа, кожную вёску ведаў, кожны калгас.

— А якім жа чынам, — пытаю, — у мэры трапілі?

— Дык пачатак дзевяностых, «разгул дэмакратыі», — усміхаецца Васіль Васілевіч. — Мэраў тады выбіралі. Актывісты прапанавалі мяне. Я ўсур'ёз нават не ўспрыняў — спачатку... Але ж выбралі! Шэсць гадоў адпрацаваў старшынёй гарвыканкама, першым і апошнім мэрам у гісторыі горада. За гэты час шмат чаго ўдалося зрабіць і па будаўніцтве жылля, і па добраўпарадкаванні. Адну з вуліц і бібліятэку імем Васіля Праскурава назвалі, нашага земляка, пісьменніка, журналіста. Ініцыятыва была з боку творчай інтэлігенцыі. Я толькі падтрымаў і адстаяў ва ўсіх уладных інстанцыях, — успамінае Васіль Васілевіч.

...Размову з ім мы вядзём у яго дома, у сціплай двухпакаёвай кватэры па вуліцы Кастрычніцкай, якую ён атрымаў яшчэ тады, калі працаваў у раённых электрасетках.

— І што, — пытаюся, — будучы мэрам, не маглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы? Магчымасці ж, напэўна, былі?

— А як жа... І ніхто б не папракнуў... Двое дзяцей, разнаполыя. Мог на трохпакаёўку прэтэндаваць. Сумленне не дазволіла, — прызнаецца Васіль Прадун. — Кожны раз, калі здавалі новы дом, некаму, на мой погляд, кватэра была больш патрэбная.

Жонка і ў гэтым мужа не папракнула.

— Сёння я разумею, што не даў сям'і ўсяго, што, напэўна, мог, — уздыхае Васіль Васілевіч. — Але ж, калі б павярнуць жыццё назад, я ўсё роўна па-іншаму не зрабіў бы.

...А ўвогуле ён аптыміст.

— Памятаю, пасля звальнення з мэраў прыйшоў у цэнтр занятасці... Беспрацоўны ж, трэба на ўлік станавіцца... А там глядзяць на мяне, як на хворага: дзе ж мы вам работу знойдзем?.. Я сказаў: дзяўчаты, не хвалюйцеся, я гэта сам зраблю.

Такім чынам, хай не адразу, але ў працоўнай кніжцы Васіля Васілевіча з'явіўся новы запіс: старшы інспектар Ганцавіцкай раённай групы энерганагляду РЭУ «Брэстэнерга», потым — кіраўнік гэтай групы.

Адказнасць за тое, што робіць, у крыві ў гэтага чалавека, але ж не ўсё залежыць ад яго самога. Васіль Васілевіч не захацеў гаварыць аб прычынах сыходу з энерганагляду. Сказаў: «Так здарылася». Як удалося потым высветліць, нічога такога, што магло б запляміць яго сумленне... Аднак перад адыходам на пенсію яму давялося стаць... электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання ў вайсковай часці ў Машуках. А там не жартачкі, там сур'ёзныя электронныя сістэмы. Прыйшлося яшчэ і павучыцца, але ж спраўляўся...

У выніку — амаль 45 гадоў працоўнага стажу.

Нехта скажа, што гэта — звычайная біяграфія звычайнага чалавека? Так.

І выдатнай асобы.

Вячаслаў БУРДЫКА, г. Ганцавічы


Ажываюць спрадвечныя муры

У нашу Грушаўку, што непадалёк ад Ляхавіч, зачасцілі турысты — краязнаўцы, студэнты, школьнікі і проста тыя, хто любіць паходы і вандроўкі.

Сюды іх прыцягвае сядзіба, дзе ў ХVІІ стагоддзі жыў вядомы ў той час палітык і патрыёт Рэчы Паспалітай Тадэвуш Рэйтан. Працяглы час ён, з'яўляючыся паслом сойма ў Варшаве, смела выступаў за адзінства нацыі, супраць расколу, які непазбежна прывёў бы да падзелу краіны.

Аднак ёсць звесткі, што Тадэвуш Рэйтан быў не толькі вядомым палітыкам, але і дружалюбным, шчырым чалавекам: дапамагаў сялянам насеннем і кармамі для жывёлы, бяднейшым — матэрыяламі для будаўніцтва жылля.

Ад грушаўскай сядзібы Тадэвуша Рэйтана, якая займала амаль 15 гектараў, засталося, на жаль, няшмат: вялікі жылы дом, капліца, некалькі гаспадарчых прыбудоў, паўразбураная вінакурня. На сядзібе ўстаноўлены памятны знак на беларускай і польскай мовах.

Цяпер на тэрыторыі вядуцца рамонтна-аднаўленчыя работы. Пад рукамі мінскіх рэстаўратараў і іншых спецыялістаў ажываюць спрадвечныя муры. Паводле праекта, тут адкрыюцца краязнаўчы музей і гасцініца, у адным з памяшканняў размесціцца мастацкая майстэрня.

Фёдар ЛАПАНІК, г. Ляхавічы


Навучы, Ойча, рабіць дабро...

Набыць кнігу і, пры жаданні, у любы момант пачуць голас аўтара — такое здараецца нячаста, але ж здараецца. Кніга Уладзіміра Ліпскага «Памілуй і ўзвысь» («Малітвы») утрымлівае кантэнт дапоўненай рэальнасці: творы гучаць у выкананні пісьменніка, а таксама заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Леаніда Улашчанкі, і яны не проста зварот чалавека да Бога, а глыбокі роздум над жыццём.

Кожная малітва пачынаецца са слоў Бібліі, якія даюць кірунак думкам і ўзмацняюць уздзеянне ад радкоў пісьменніка. Дык што ж ён просіць у Госпада? Чытайма:

Навучы, Ойча, рабіць дабро, тады я набуду сяброў на зямлі, скарб —
у нябёсах.

Не адымай, Госпадзе, у беларусаў іхняй зямлі, мовы, святаў...

Не дай, Госпадзе, высахнуць празрыстай, чыстай крыніцы, якая завецца Беларусь, з якой наталяюць смагу ці не ўсе славяне свету...

Памолімся, каб людзі вакол нас сталі добрымі, міласэрнымі, спагадлівымі. І самі пастараемся быць такімі.

...Новая кніга Уладзіміра Ліпскага «Памілуй і ўзвысь» («Малітвы»), ілюстраваная мастачкай Лізаветай Субач, выйшла накладам у тысячу асобнікаў. Так што многія чытачы змогуць набыць яе — дакрануцца да высокага і светлага, да духоўнасці.

Міхась СЛІВА, г. Рагачоў


Калі ёсць мэта, сілы абавязкова знойдуцца

Пра тое, як нялёгка даводзіцца людзям з абмежаванымі магчымасцямі, вядома многім. У такой сітуацыі можна лёгка паддацца паніцы, а можна — верыць у лепшае і змагацца за вартае жыццё. Менавіта такі шлях выбраў для сябе жыхар прысталічча Леанід Бярловіч.

На здымку: Леанід Бярловіч (справа) праводзіць навучанне перамяшчэнню на калясцы.

Яго жыццё складаецца з трох перыядаў: «да траўмы», «падчас рэабілітацыі» і «пасля траўмы».

У першым — да траўмы — будні Леаніда былі насычаныя і займальныя. Яго юнацкія гады праходзілі ў спартыўным класе. Далей — школа алімпійскага рэзерву, прафесійныя заняткі плаваннем. Да 18 гадоў ён нават уваходзіў у юнацкую зборную Савецкага Саюза...

Шматлікія захапленні, зносіны з сябрамі, спорт, любімая жонка — усё гэта прыносіла велізарнае задавальненне. Тады ён і падумаць не мог, што нешта можа змяніцца.

Пераломны момант адбыўся, калі Леаніду споўнілася 28. Маючы багаты досвед ды столькі ўзнагарод за спаборніцтвы, ён і тым разам нырнуў смела, але... Няправільна выканаў скачок, пашкодзіў пазваночнік.

Спярша наведваць Леаніда ў бальніцы было забаронена — прыносілі хіба запіскі. Праз тыдзень з'явілася магчымасць пабачыцца з бацькамі і сястрой. Жонка на той момант знаходзілася з маленькай дачкой, таму з ёй змаглі сустрэцца крыху пазней.

Па словах Леаніда, пасля траўмы ў чалавека павінна адбыцца псіхалагічная перабудова — толькі тады ён зможа паўнавартасна кантактаваць з людзьмі. Некаторым гэта дрэнна ўдаецца, яны становяцца замкнёныя, імкнуцца пазбягаць зносін з іншымі.

Рэабілітацыя ў Леаніда праходзіла няпроста. У бальніцы ён быў каля пяці месяцаў, а ўсведамленне таго, што хадзіць больш не зможа, прыйшло толькі дома. Першы час знаходзіўся ў прыгнечаным стане, не мог прывыкнуць да думкі, што ўсё гэта здарылася з ім... Рукі і ногі не слухаліся. Для таго каб рабіць элементарныя рэчы, патрэбна была дапамога.

Аднаўленне праходзіла праз фізічныя практыкаванні. Дзякуючы ім, праз нейкі час сталі дзейнічаць рукі, з дапамогай каляскі з'явілася магчымасць некуды выязджаць — не сядзець у чатырох сценах.

Думкі пра суіцыд, як прызнаецца Леанід, таксама прыходзілі. Адганяў сустрэчнымі — пра сям'ю, пра маленькую дачку...

Яны ж вымушалі сабрацца з духам і рухацца далей. Тым больш што яго падтрымлівалі сябры, нават работу знайшлі на першы час.

З усімі Леанід працягвае кантактаваць і ўсім вельмі ўдзячны за ўвагу і спагаду.

А вось у асабістым жыцці змены адбыліся: калі дачцэ быў год і тры месяцы, яны з жонкай развяліся. Тая праз нейкі час выйшла замуж, разам з дачкой пераехала ў Германію.

Пазней Леанід таксама ажаніўся, і, як прызнаецца, ні разу не пашкадаваў пра гэта. Тым больш што з дачкой яны рэгулярна перапісваюцца і стэлефаноўваюцца, кожнае лета дзяўчына прыязджае да бацькі ў Беларусь.

Пытанне прыстойнага працаўладкавання Леанід таксама вырашыў не адкладваць у доўгую скрыню.

— У першыя гады, — успамінае мужчына, — было цяжкавата, бо працаваў дома і нармальна зарабляць не мог. Аднак паступова стаў пашыраць кола дзейнасці.

Цяпер ён атрымлівае пенсію па інваліднасці і працуе на пратэзным заводзе. Мае там прывілею — на гадзіну карацейшы рабочы дзень. Апроч гэтага, займаецца продажам кавы, спецый і кандытарскіх вырабаў, праз Рэспубліканскую асацыяцыю інвалідаў дапамагае сябрам па няшчасці паўнавартасна жыць, вучыць перамяшчацца на калясцы (у арганізацыі, апроч гэтага, ёсць камп'ютарныя курсы, ідзе навучанне прафесіям швачкі і майстра па манікюры).

...Гаворачы з Леанідам аб працаўладкаванні людзей з інваліднасцю, мы міжволі згадалі тых, хто часам сядзіць у падземных пераходах, зарабляе з дапамогай сваіх калясак і мыліц, «націскаючы» на «рычагі» шкадавання.

Да падобнага роду дзейнасці мой суразмоўца ставіцца негатыўна:

— Я лічу, што калі чалавек не можа працаваць рукамі ці нагамі, то варта задзейнічаць галаву.

Сам ён праз 20 гадоў пасля траўмы навучыўся па-іншаму глядзець на многія рэчы.
І сёння сваім прыкладам паказвае, што сіла духу і імкненне насуперак абставінам палепшыць сваё жыццё даюць магчымасць знайсці выйсце з самай цяжкай сітуацыі. Бо, як пісаў Андрэ Маруа, сілы абавязкова знойдуцца, калі нястомна да нечага імкнуцца.

Лізавета МАЛЬЧУК, г. Мінск

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: kidlit.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.